Як я шукаў Белую Панну
На адно мястэчка – больш за сорак паданняў
Нядаўна ў Гальшанах зноў бачылі прывід. Мясцовы жыхар Іван Ласёнак, позна вяртаючыся з працы, праходзіў непадалёку ад пакоя прывідаў, дзе, па мясцовых легендах, жыве здань Белай Панны. Пад акном будынка кляштара францысканцаў ён убачыў нейкую шэрую хмарку, якая на вачах прымала формы чалавечай фігуры. Выпрабоўваць лёс гальшанец не стаў і, не азіраючыся, павярнуўся і шпарка пашыбаваў дадому.
Пра гэты выпадак расказала Іванава жонка Ганна, і мне захацелася на свае вочы пабачыць, ці ёсць яна, гальшанская здань Белай Панны, якая дзясяткі гадоў трывожыла пакой мясцовых жыхароў і прыцягвала турыстаў.
І я выправіўся ў дарогу.
У былым мястэчку, а зараз аграгардку, заўважаны былі некалькі прывідаў, якіх бачыў не адзін чалавек. Самы вядомы з іх звязаны з будаўніцтвам францысканскага кляштара ў Гальшанах.
Гісторыя ўзгадвае, што напачатку XVII стагоддзя Гальшаны адышлі ад князёў Гальшанскіх да магутнага роду Сапегаў. Пры Сапегах тут былі пабудаваныя касцёл і кляштар. Менавіта Сапегі запрасілі ў Гальшаны каталіцкі ордэн францысканцаў. І быццам бы пры будаўніцтве кляштара адна сцяна пастаянна рушылася, хаця яе пабудавалі нават больш трывалай, чым астатнія тры. А час прыспешваў, бо ў кляштар меліся прыехаць манахі. Тады будаўнікі вырашылі звярнуцца да цёмных сіл і прынесці ахвяру — першую жанчыну, якая з’явіцца на будоўлі. Ёй стала жонка маладога майстра — яна прынесла мужу сняданак (па другіх сведчаннях, гэта была не жонка, а нявеста будаўніка). Легенда некалькі стагоддзяў нічым не нагадвала пра сябе, застаючыся толькі легендай. А ўжо ў канцы мінулага стагоддзя, калі ў кляштары размясцілі філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і распачалі рамонт, у падмурку адной са сцен знайшлі шкілет маладой жанчыны. Яго аднеслі дырэктару філіяла Чаславе Акуловіч і пакінулі там. Дырэктаркі на той час не было ў Гальшанах, а потым яна распарадзілася косці пахаваць на могілках. Але зямлю скаваў моцны мароз, і пахаванне выканаўцы быццам бы пакінулі да вясны. Вясной жа касцей не знайшлі, а тыя, хто іх хаваў, раптоўна памерлі. Пасля гэтага па сцяне, пад якой знайшлі косці, пайшлі трэшчыны, а прывід маладой жанчыны пачаў непакоіць жыхароў Гальшан і прывабліваць турыстаў. Гальшанцы назвалі яе Белай Паннай. Супрацоўнікі музея і госці, якія заставаліся там начаваць (раней у Гальшанах не было гасцініцы), расказвалі, што ў кляштары спыняюцца або няправільна паказваюць час гадзіннікі, чутны нейкія гукі, сама па сабе патухае і запальваецца электрычнасць. Кляштар — не адзінае месца, дзе ў Гальшанах бачылі прывіды.
Цэлую сям’ю зданяў пасялілі легенды ў сярэднявечным Гальшанскім замку, дакладней, у тым, што ад яго засталося.
Па адной з версій, будаўніцтва замка патрабавала вялікіх выдаткаў, і гаспадары абіралі местачкоўцаў да ніткі. Тады сяляне праклялі князёўну, якая вымагала сродкі. Калі князёўна села за пралку, ужо не магла спыніцца. І да гэтага часу быццам у парэштках замка ў ціхую ноч чуваць, як горка ўздыхае яна і круціцца верацяно.
Ёсць паданне, быццам прывід паненкі, які з’яўляецца на руінах замка, — былая палюбоўніца князя. Ён абвінаваціў прыгажуню ў здрадзе, і яна быццам выкінулася з акна замкавай вежы. А зараз час ад часу яе прывід можна бачыць на руінах замка.
Але самая распаўсюджаная легенда — пра каханне. Быццам бы прыгожы, але бедны садоўнік пакахаў князёўну Ганну-Гарыславу Гальшанскую, і яна адказала яму ўзаемнасцю. Але пра гэта даведаўся бацька Гарыславы і не даў дазвол на шлюб з бязродным садоўнікам. Ён замураваў каханага дачкі ў падзямеллі. І з таго часу па галерэях і склепах напаўразбуранага замка ходзіць прывід Чорнага манаха і шукае сваю каханку. Як расказваюць гальшанцы, здань можна ўбачыць на разбураных сценах замка ноччу, калі свеціць месяц, у выглядзе тонкага чорнага абрыса на напаўразбуранай нішы ці ў праёме.
Існуе паданне, што ў вежы замка жыў манах, і гэта яго прывід непакоіць сучаснікаў. Кажуць яшчэ пра рыцара, замураванага ў скляпеннях замка.
Па іншай легендзе, прывіды Паненкі і Чорнага манаха жывуць у вежы. Паненка быццам бы недалюблівае мужчын — расказваюць некалькі выпадкаў, калі яна жорстка помсціла ім. Па другой версіі, здані Чорнага Манаха і яго сяброўкі на сценах замка — ні што іншае, як душы Марыі з Сапегаў і салдата, замураваных у падзямеллі па загаду бацькі дзяўчыны за тое, што не паслухаліся яго, збеглі і ноччу тайна пабраліся шлюбам. Чые б ні былі прывіды, але пра іх расказваюць многія людзі, якія бачылі іх.
У Гальшанах прывіды можна сустрэць не толькі ў замку і кляштары, але нават ля старога вадзянога млына. Кажуць, ноччу, калі свеціць поўня, можна пачуць, як круцяцца жорны, ржуць коні, а млынар перагаворваецца або лаецца з прыезджымі. Свае легенды ёсць пра царкву і касцёл, пра іншыя месцы Гальшан.
Ці жывуць здані ў сучасным аграгарадку?
Гальшанская жыхарка Вольга Місюкевіч дзесяць гадоў, пакуль пабудавалі ўласны дом, жыла ў пакоях былога кляштара — там тады давалі кватэры. За ўсе дзесяць гадоў, кажа, ніхто яе не патрывожыў. І сама яна зданяў у Гальшанах не бачыла. Толькі ўпэўнена, што расказы пра іх — ...чыстая праўда. А што сама не бачыла, дык, па-першае, жылі яны не ў тым крыле, дзе потым бачылі Белую Панну, па-другое, час быў іншы — тады ніхто не трывожыў косці ў сцяне.
Мікалай ВАЛЫНЕЦ, «БН»
Фота аўтара
(Заканчэнне будзе)