Ці запатрабаваныя вырабы народнай творчасці з беларускім каларытам?

Источник материала:  
Ці запатрабаваныя вырабы народнай творчасці з беларускім каларытам?Мар'ян СКРАМБЛЕВІЧ, майстар музычных інструментаў з в. Адэльск Гродзенскага раёна (яго творчасць уключана ў спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі):

— Праўду сказаць, не надта запатрабаваныя. Але моладзь, якая цяпер іграе ў аркестрах, якая любіць Беларусь, нашу народную музыку, вельмі паважае мае інструменты. Бо мне, пэўна, удалося трапіць у душэўную "кропку", калі гэтыя інструменты (усе яны з дрэва) непарыўна звязаны з прыродай. Цяпер я нават распрацаваў цэлую сістэму паляўнічых дудак.

Дарэчы, у мяне ёсць інструменты, звязаныя і з традыцыямі літоўскай, польскай, украінскай музычных культур.

Сяргей КУЛАЖЫН, рамеснік з пас. Свіслач Пухавіцкага раёна:

— Вялікіх грошай на такіх вырабах не заробіш, але на хлеб будзе. Людзям падабаецца, яны прыязна ставяцца да адраджэння нацыянальных традыцый, хочуць піць малако са збаноў, гліняных кубкаў.

Ганчарнымі і сувенірнымі вырабамі займаюся з 1998 года. Ужо з'явіліся пастаянныя кліенты, ёсць таксама крамы і галерэі, з якімі супрацоўнічаю, стараюся бываць на розных фестывалях, кірмашах. Вось і сёння ў Гродне, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, няма чаго скардзіцца. Усё роўна многія падыходзяць, цікавяцца, а некаторыя і купляюць тое, што спадабалася.

Дзмітрый БАБІЛА, майстар-ганчар з в. Кастровічы Слонімскага раёна:

— Ганчарствам я захапіўся выпадкова, калі пазнаёміўся з адным майстрам. Потым сам зрабіў станок і пачаў гэтым займацца для душы. А цяпер, атрымліваецца, гэта ўжо і прафесія, бізнэс. Спецыялізуюся на дэкаратыўна-прыкладных вырабах (чорна-глянцавая кераміка), каб імі можна было карыстацца — збанкі, гаршкі, міскі. Усё больш людзей цікавіцца беларускім стылем у вырабах народнай творчасці. Прычым усё больш запатрабаваны рэчы менавіта ў духу старажытных традыцый — і ў нашай краіне, і ў замежжы. У асноўным нашы вырабы бяруць у Расію, але цікавяцца і заходнія суседзі з Польшчы, Прыбалтыкі.

Падрыхтаваў Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Жестокий роман с бутылкой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика