Курс рубля да канца года не наблізіцца да прагнознай адзнакі Br9150 за $1

Источник материала:  

Курс беларускага рубля да канца 2012 года не наблізіцца да прагнознай адзнакі Br9150 за $1. Аб гэтым заявіў 5 чэрвеня намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны ў эфіры праграмы "Сфера інтарэсаў" на тэлеканале "Беларусь 1".

Тарас Надольны пракаментаваў сітуацыю на ўнутраным валютным рынку Беларусі, дзе апошнім часам долар стаў значна ўмацоўвацца. Ён нагадаў, што Нацыянальны банк у мінулым годзе заявіў аб прыхільнасці да гібкага курсаўтварэння. Усё грунтуецца выключна на попыце і прапанаванні валюты на ўнутраным рынку, падкрэсліў ён. Нацбанк увесь бягучы год купляў валюту, адпаведна прапанаванне перавышала попыт, і беларускі рубель да карзіны валют умацоўваўся. Калі дынаміка попыту і прапанавання зменіцца, то, вядома ж, курс беларускага рубля можа рухацца ў адваротным напрамку, канстатаваў прадстаўнік Нацбанка.

У адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі і прагнозамі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год быў закладзены разліковы курс Br9150 за 1$. "Я думаю, што ў бягучым годзе мы не наблізімся да гэтай адзнакі, зыходзячы з той сітуацыі, якая сёння складваецца на ўнутраным валютным рынку", — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

На адчувальны рост курсу долара за мінулы тыдзень зрабілі ўплыў знешнія і ўнутраныя прычыны. Імкліва развіваецца сітуацыя на сусветным рынку. У апошнія паўтара-два тыдні значна слабее еўра. "Гэта прадыктавана тым, што ідзе ўзмацненне недаверу з боку інвестараў да еўрапейскай валюты", — лічыць намеснік старшыні. Акрамя таго, тры дні таму агенцтва Mооdу's панізіла рэйтынгі эмітэнта грэчаскіх аблігацый. Актыўна мусіруецца пытанне аб выхадзе Грэцыі з еўразоны. "І ўсё гэта падштурхоўвае да таго, каб долар умацоўваўся", — адзначыў эксперт. Адпаведна, Беларусь як краіна з адкрытай эканомікай падвергнута ў пэўнай ступені ўплыву руху курсаў валют на сусветным рынку.

Калі б у стандартнай сітуацыі курс беларускага рубля дэвальваваўся да долара ЗША на Br20-30, то, напэўна, гэтага руху ніхто не заўважыў бы. Але ва ўмовах узмацнення падзення еўра і ўмацавання долара курс беларускага рубля да долара паказвае больш значную дынаміку, якая выражаецца ў руху Br150-160. "За кошт таго, што адбываюцца няўстойлівыя тэндэнцыі на сусветным рынку ў пары "долар-еўра", курс беларускага рубля за апошні тыдзень змяніўся некалькі большымі прапорцыямі і значнымі лічбамі ў параўнанні са стандартнай сітуацыяй, якую мы назіралі ў канцы кожнага месяца ў бягучым годзе", — адзначыў Тарас Надольны.

Апошнія тыдні мая традыцыйна попыт некалькі перавышае прапанаванне валюты. Гэта звязана з тым, што ідзе пагашэнне крэдытаў суб'ектамі гаспадарання, а насельніцтва рыхтуецца да водпускаў.

Пры гэтым прадстаўнік Нацбанка падкрэсліў, што, як і раней, па выніках мая насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом валют. Некаторае зніжэнне прапанавання валюты з боку насельніцтва адчувалася апошнія тры-чатыры дні мая. "Але цяпер можна сказаць, што насельніцтва прадае столькі валюты, колькі і купляе, гэта значыць сальда па аперацыях насельніцтва знаходзіцца на ўзроўні нуля", — сказаў Тарас Надольны.

←Жестокий роман с бутылкой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика