Аб каханні правільным і няправільным...
Нядаўна ўсе інфармацыйныя агенцтвы свету паведамілі навіну: амерыканскі прэзідэнт адкрыта падтрымлівае легалізацыю аднаполых шлюбаў. Пазней інтэрнэт-прастору скалануў ролік з пропаведдзю амерыканскага святара, які прапанаваў змясціць усіх лесбіянак і геяў за высокі плот з калючым дротам і скідваць ім з верталёта ежу: "Праз некаторы час усе яны вымруць, бо не здольныя размнажацца"... Чамусьці лічыцца, што Беларусь зусім далёкая ад гэтай тэмы, аднак гей-рух існуе і тут. У кастрычніку мінулага года ў мікрараёне Шабаны ў Мінску адбылося несанкцыянаванае шэсце, у якім удзельнічалі каля двух дзясяткаў ЛГБТ-актывітаў (ЛГБТ — абрэвіятура з першых літар назваў сэксуальных меншасцяў). Існуюць беларускія сайты, прысвечаныя выключна гэтай тэме. На адным з іх нават змешчаны "чорны спіс", у які ўвайшлі сацыяльныя сеткі, партыі, тэлеканалы, газеты, урачы, грамадскія і палітычныя дзеячы, якія, на думку аўтараў сайта, усхваляюць дыскрымінацыю сэксуальных меншасцяў.
Што пра гэта думаюць журналісты?
Не фобія, а непрыняццеВа ўсёй гэтай сітуацыі мяне здзіўляе падмена паняццяў і адкрытая лухта. Людзі, якія сцвярджаюць, што ніхто не мае права асуджаць іх за сэксуальны выбар, увесь час і досыць агрэсіўна пра гэты самы выбар заяўляюць. Чаму людзям з традыцыйнай арыентацыяй у галаву не прыйдзе акцэнтаваць увагу грамадскасці на інтымнай сферы іх жыцця? Хто тут ідзе ў наступ і жадае барацьбы? Хто ўвесь час прываблівае ўвагу менавіта да сваёй сэксуальнасці? Пры тым, што пытанне аб праследаваннях сэксуальных меншасцяў даўно ўжо не актуальнае.
Калі шчыра, мяне мала цікавіць сэксуальны выбар таго або іншага чалавека — са сваімі грахамі разабрацца б. Але я, калі пра гэта заходзіць размова, згадваю, да чаго прывяла страта маральных нормаў у біблейскім горадзе Садоме. Маю на ўвазе не гнеў Божы, а безабароннасць супраць зла, якую цягне за сабой такая страта. Памятаеце словы Лота, які гатовы быў аддаць разбэшчанаму натоўпу сваіх дачок, бо бачыў, што садамлян нішто не спыніць перад іх жаданнем беззаконня? Таму, як маці, за спінай якой стаяць безабаронныя дзеці, не жадаю, каб грэх перасталі называць грахом. Не важна, пра што размова: пра забойства, зайздрасць або садамію.
Мне абыякава, якіх поглядаў прытрымліваецца Брэйвік, але неабыякава тое, што дзеля абароны сваіх поглядаў ён палічыў магчымым расстрэльваць дзяцей. Як маці, мяне хвалюе, што мяжа паміж меркаваннем і дзеяннем у сучасным свеце робіцца ўсё больш ілюзорнай.
І, як маці, я хацела б, каб агіду да граху, усякага, адчувалі мае дзеці. Бо толькі тады можна спадзявацца на вызваленне ад путаў, у якія здольная загнаць нас наша пашкоджаная прырода.
Яшчэ адзін падман датычыцца маніпуляцыі з паняццем "свабода". Гей-суполкі выступаюць супраць гомафобіі, але ж гомафобія не што іншае, як адваротны бок гей-руху. Адны выказваюцца "за", другія — "супраць", усе — вольныя выказвацца так, як лічаць патрэбным. Аднак гей-рух падымае сцяг барацьбы з гомафобіяй, якую сам і нарадзіў: наракае на тое, што з'яўляецца сэнсам яго існавання. І, дарэчы, пасягае на права большасці выказаць сваё меркаванне.
Што тычыцца легалізацыі аднаполых шлюбаў, то якая ў тым можа быць мэта? Жыць у саюзе з кім-небудзь ніхто зараз не забараняе. Ды, зрэшты, нікога не павінна цікавіць, якія адносіны паміж людзьмі, што жывуць разам. Калі, безумоўна, яны не парушаюць інтарэсаў іншых людзей або адно аднаго. Аднак інстытут шлюбу мае на ўвазе, апроч іншага, наяўнасць сэксуальных адносін. Без такіх шлюб і паміж мужчынам і жанчынай можа быць непрызнаны законным. Выходзіць, што прызнанне шлюбаў азначае прызнанне гомасэксуальных сувязяў цалкам натуральнымі. Калі так, то чаму не дазволіць ім усынаўляць дзяцей альбо нараджаць з дапамогай ЭКА і сурагатнага мацярынства?
Адно пытанне — як яны будуць гэтых дзяцей выхоўваць, і наколькі будуць правы іх дзяцей парушаны, і іншае, што гэта непазбежна паўплывае на выхаванне дзяцей з гетэрасэксуальных сем'яў, якія апынуцца ў адным з імі дзіцячым калектыве. А гэта ўжо, прабачце, — мае дзеці, іх і мае правы.
Ці магчыма абараніць падлеткаў ад пароку, які перастае называцца парокам? Мы ўпіраемся ў размыванне межаў паміж дабром і злом. Немагчыма прызнаць грэх нормай і застацца справядлівым. Грэх таму і называецца грахом, што ён дзіця зла і сам параджае зло і несправядлівасць.
Людзям патрэбны арыенціры, бо без іх людзі пачынаюць знішчаць самі сябе. Багасловы называюць садамію следствам сапсаванасці чалавечай прыроды. Усе мы, адамавы дзеці, атрымалі ў спадчыну пашкоджаную прыроду. Адсюль нашы хваробы — фізічныя, духоўныя і маральныя. Нам надзвычай цяжка жыць у згодзе з самімі сабой і з іншымі. Але калі мы ведаем арыенціры, калі мы шчырыя самі з сабой, калі імкнёмся змяніць сваю сапсаваную прыроду (а для гэтага трэба ведаць — ШТО мяняць), то мы, няхай з пераменным поспехам, але рухаемся да згоды, набліжаемся да гармоніі. Калі мы падманваем самі сябе і іншых, упіраемся, як кажуць хрысціяне, у граху, мы застаёмся ў цемры. Замест дзвярэй перад намі — глухая сцяна. Немагчыма змяніцца да лепшага, калі застацца сквапным, ілжывым, абыякавым, распусным... Гэта тычыцца як кожнага асабіста, так і ўсяго грамадства. Немагчыма ўдасканальваць грамадства і адначасова называць грэх дабром. Вось чаму я супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. Такая пазіцыя вядзе грамадства да тупіка.
Назваць паскудства паскудствам яшчэ не азначае нянавісці да чалавека, які гэта паскудства здзяйсняе. Гэта азначае толькі, што паскудства названа паскудствам. Хрысціянства вучыць аддзяляць чалавека ад граху. Але тыя, хто называе сябе прыхільнікам правоў сэксуальных меншасцяў, імкнуцца прымусіць мяне і маіх дзяцей разам з усім грамадствам пагадзіцца з грахом. Я — супраць.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Я за права кожнага быць шчаслівымКалі я яшчэ вучылася ва ўніверсітэце, у нашай кампаніі быў хлопец з нетрадыцыйнай арыентацыяй. Мяккі, стрыманы, інтэлігентны, вылучаўся ён хіба толькі тым, што захапляўся філасофіяй. Нягледзячы на тое, што гэты хлопец не быў мінчанінам і не меў у сталіцы пастаяннага прытулку, сабраў вялікую бібліятэку філасофскай літаратуры, ніколі пры гэтым не адмаўляючы нікому даць пачытаць чарговую кніжку. Аднойчы я ўбачыла яго моцна збітым — так, што было амаль не пазнаць. Аказалася, ён на той момант здымаў кватэру ў Шабанах (што гэта за раён, мінчанам тлумачыць не трэба) і "мясцовыя" нешта западозрылі. З кватэры давялося з'ехаць...
Другая гісторыя адбылася таксама на маіх вачах недзе 5 гадоў таму. Яе герой — малады хлопец, які закончыў медуніверсітэт і працаваў урачом. У яго былі вельмі строгія бацькі. І ён панічна баяўся, што тыя нешта западозраць. А сярод знаёмых была дзяўчына, якая павінна была нарадзіць дзіця па-за шлюбам, зацяжараўшы ад жанатага суседа па дачы. І вось яны дамовіліся дапамагчы адно аднаму: яны пажэняцца, і ён будзе нейкі час утрымліваць яе з дзіцем. А потым — развядуцца. Адным з пунктаў дамовы было тое, што яна не будзе спаганяць аліменты. Такім чынам, у дзіцяці будзе законны бацька, а хлопец будзе "нармальным" у вачах сваіх бацькоў. Усё так і адбылося. Але праз год, калі яны разводзіліся, дзяўчына, насуперак усім дамоўленасцям, падала на аліменты. Суд яна, безумоўна, выйграла, але на гэтым чамусьці не спынілася, і, мабыць, знаходзячыся ў эйфарыі ад адчування сваёй "магутнасці"... расказала яго бацькам усю "праўду пра сына".
А цяпер скажыце: калі б вам давялося мець нейкую справу з кімсьці з іх, каму б вы аддалі перавагу — таму, хто сумленна выконвае дамоўленасці, ці таму, хто "кінуў" другога?
Асабіста для мяне на першым плане заўсёды — характар чалавека. Якія ў яго прынцыпы? Інтарэсы? Ён добры ці не? Сумленны ці не вельмі?.. А ўжо каму ён аддае перавагу ў сэксе, гэта для мяне справа дзясятая. Лезці ў асабістае жыццё я наогул лічу дрэнным тонам. У рэшце рэшт, сэкс — гэта толькі сэкс, толькі частка нашага жыцця. Але для некаторых людзей чамусьці менавіта гэты крытэрый становіцца галоўным і засланяе сабой усё. І ўжо не важна, што за чалавек перад імі. Нетрадыцыйная арыентацыя? Усё, гэтым усё сказана!
...Я пішу зараз гэты артыкул не таму, што неяк асабліва сімпатызую сэксуальным меншасцям, а з-за элементарнага пачуцця справядлівасці. Я супраць прапаганды гомасэксуалізму, але я не супраць гомасэксуалістаў.
"Але ж яны якраз-такі і прапагандуюць гэта, адны гей-парады чаго каштуюць!" — усклікаюць тыя, хто не выносіць герояў артыкула. Вы гэта сур'ёзна? Яны што, патрабуюць для сябе нейкія выключныя палітычныя правы ці асаблівыя льготы? Не, толькі тое, што маюць усе астатнія члены грамадства, тыя, хто ў большасці. Усяго толькі — права быць такімі ж, як і ўсе іншыя. Яны хочуць, каб іх не білі ў падваротнях "правільныя" пацаны, каб не называлі здзекліва "яно", каб не з'яўлялася на чужых вуснах агідная ўхмылка, калі гутарка заходзіць аб іх...
Чамусьці мала хто робіць адрозненне паміж распустай і каханнем, апрыёры адносячы ўсе стасункі аднаполых партнёраў да першай катэгорыі. Але ж гэта не так. І жаданне некаторых з іх жыць сям'ёй — яскравы таму доказ. Бо кахаюць адзін аднаго не два целы — кахаюць дзве душы. Калі яны вырашылі жыць разам, што ў гэтым дрэннага? Яны такімі нарадзіліся, яны знайшлі адзін аднаго, у іх з'явіліся пачуцці... Вось калі б яны проста мянялі партнёраў як пальчаткі, гэта, на мой погляд, ужо не вельмі...
Многія людзі не ведаюць пра іх нічога. Яны блытаюць іх з педафіламі ці думаюць, што калі ім забараніць або іх перавучыць, то яны перастануць, ці што гэта хвароба. Між тым Сусветная арганізацыя здароўя (СААЗ) лічыць, што гомасэксуалізм не з'яўляецца хваробай. Можа, для кагосьці СААЗ не аўтарытэт, але я ёй давяраю, і калі хварэю, то хачу, каб мяне лячылі згодна з яе рэкамендацыямі...
Многія апраўдваюць свае выпады клопатам аб дзецях, занепакоенасцю аб іх маральнасці, але думаць, што прадстаўнікі нетрадыцыйнай арыентацыі акумулююць у сабе ледзь ці не ўсё сусветнае зло, — значыць проста не жадаць глядзець праўдзе ў вочы. У гэтым свеце шмат з'яў, якія ўяўляюць сабой сапраўды сацыяльную небяспеку: гэта і наркотыкі, і крымінальныя суполкі, і дэструктыўныя секты, і многае іншае. І што, усяго баяцца? Тады лепш не выпускаць дзіця з хаты. Выйсце толькі адно — выхоўваць яго так, каб яно магло прымаць уласныя рашэнні. Несумненна, гэта патрабуе вялікай працы, але іншага шляху не існуе.
Да таго ж псіхолагі і сэксолагі не першы год кажуць: калі нармальнаму, псіхічна здароваму чалавеку раз за разам паўтараць, што гомасэксуалізм — гэта норма, і нават стварыць вакол гэтага арэол таямнічасці і элітарнасці, ён у любым выпадку "не здасца", таму што арыентацыя выхаванню не паддаецца! Ні ў той, ні ў другі бок!
...А яшчэ ёсць людзі, якім элементарна патрэбна кагосьці зняважыць. Усё роўна каго, але, пажадана, безабароннага. Некаторыя, каб павысіць сваю самаацэнку, працуюць над сабой, спрабуюць дасягнуць большага. А іншым для гэтага дастаткова кагосьці абразіць — глядзіш, на фоне яго прыніжэння сам будзе выглядаць такім нічога сабе...
Я вось аднаго не разумею ў тых, хто так варожа ставіцца да людзей з іншымі схільнасцямі: ну вазьміце вы і проста парадуйцеся таму, што кахаеце "правільна". Вы ж у большасці, а значыць, вам жыць лягчэй. Па меншай меры, не трэба нікому даказваць сваё права на каханне...
Святлана БУСЬКО