Носьбіты адвечнага
Праграма заключных мерапрыемстваў фестывалю прадугледжвае конкурсныя, канцэртныя выступленні як калектываў, так і асобных выканаўцаў — носьбітаў і пераемнікаў народных традыцый. За чатыры фінальныя дні фэсту будуць паказаны 24 імпрэзы. Якасць выступленняў і прэзентацый мастацкіх праграм адзначыць савет экспертаў «Берагіні», які складаецца з вядомых навукоўцаў і дзеячаў культуры і мастацтва.
— Галоўны элемент фестывалю — элемент сапраўднасці, — распавядае Мікола Козенка. — Таму на «Берагіні» заўсёды жывуць дзействы, святы, як гэта было ў народнай культуры. Фестываль — месца жыцця адвечнай песні, танца, карагода, твораў вуснай народнай прозы, скокаў, гульняў (асабліва абрадавых і прымеркаваных да абрадаў), якія характэрны для пэўнага рэгіёна Беларусі ці нават асобнай вёскі.
Дарэчы, «Берагіню» неафіцыйна называюць фэстам — «эксклюзівам у цэнтры Еўропы»: што не выступ, то аўтэнтыка. Культурны марафон ладзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябрскі з 1998 года.
Таццяна УСКОВА, «БН»