У сталіцы зноў "забукеціла"
Штогадовым фестывалем-кірмашом рамёстваў "Вясновы букет" Рэспубліканскі саюз народных майстроў распачаў чарговы сезон шырокамаштабных творчых імпрэз, накіраваных на папулярызацыю, захаванне і развіццё самабытнай мастацка-дэкаратыўнай творчасці. У сталічным Лошыцкім парку сабралася амаль паўтысячы сапраўдных захавальнікаў і носьбітаў народнай культуры з розных куточкаў Беларусі. Усе яны з'яўляюцца членамі гэтага вялікага творчага аб'яднання, а сваім удзелам у традыцыйным, ужо чацвёртым фестывалі стварылі сапраўдны казачны букет. Гледзячы на яго, пераконваешся, наколькі беларусы і таленавітыя, і творчыя, і працавітыя. Многія з народных майстроў лічаць за гонар быць запрошанымі на "Вясновы букет" і называюць яго галоўнай "тусоўкай" народных майстроў краіны.
Сапраўды, падобнымі фестывалямі і кірмашамі цяпер нікога не здзівіш: яны сталі ледзь не абавязковымі на ўсіх масавых мерапрыемствах (ад сціплых вясковых да абласных і рэспубліканскіх) і праводзяцца кожныя выхадныя з вясны па восень. Але "Вясновы букет" — гэта ўжо нацыянальны культурны брэнд. І каб адчуць водар гэтага суквецця, не абавязкова быць спецыялістам у галіне культуры. Тысячы мінчан паспелі наведаць адноўлены куточак старажытнага парку ў мінулы суботні дзень, хоць шырокай рэкламы пра фестываль і не было.
— Тут няма прынцыпу, каб паболей прадаць, хоць імпрэза і называецца фестывалем-кірмашом, — дзеліцца ўражаннямі майстар па пляценні з лазы з Віцебска Алена Асінская. — Проста гэта наша свята, наш дзень. Нам трэба сустракацца, бачыць, хто чым жыве, дзяліцца сваім вопытам.
Старшыню Саюза майстроў, доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуту здзівіць чым-небудзь ужо практычна немагчыма. Але гэта толькі здаецца. Нават Яўген Міхайлавіч, як старшыня журы і вядучы спецыяліст у галіне народных промыслаў, таксама трапляе ў складанае становішча, выбіраючы найлепшага з лепшых майстроў, унікальных, непаўторных. А іх шмат і, да таго ж, няма межаў фантазіі, майстэрству і дасканаласці. Хоць творы, прывезеныя майстрамі, і выкананы ў народных традыцыях. І разьба па дрэве, і саломапляценне, ткацтва і вышыўка, лозапляценне і выраб мэблі, кавальства, бондарства, ганчарства...
Народная культура адвечная і невычэрпная. Калі яе любіць і захоўваць. "Вясновы букет" якраз і абуджае самыя глыбінныя пачуцці да сваіх родных вытокаў.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара.