Люстэрка

Источник материала:  

..."Ён сам то яшчэ нічога — мужык, а вось жонка яго — курыца... Курыца... Ну далібог!"

Гэту фразу Глеб злавіў краем вуха, можна сказаць, выпадкова, выходзячы з бухгалтэрыі. Гаварылі так, ну вядома ж, не пра яго, не пра іх (бо, як ні круці, пры ім жа!) — пра нейкую іншую пару, іншую жанчыну — чужую жонку! Але ён тут жа ўявіў... сваю: у тапках, у шэранькім спартыўным касцюме, з дзяжурнай анучкай у руцэ і такім жа заўсёдным: "Сынок, ты паеў? Дачушка, ты шапачку адзела? Мілы, у цябе ўсё добра, табе нічога не баліць?"

Ад пытанняў такога кшталту Глеб даўно і ціха шалеў. Меў падставы. Іх "сынок" ужо з год як галіўся, іх дачка зарабляла болей, чым маці, а яму, калі што і балела, дык толькі душа: побач з сабою хацелася бачыць іншую жанчыну, жанчыну, з якой можна выйсці ў людзі, у свет, адправіцца ў падарожжа, пасядзець у рэстаране, ці хоць проста па-га-ва-рыць... Не пра тое, каму што баліць, не пра тое, каму што купіць, не пра тое, на чым сэканоміць грошы... Пра людскае штось — пра высокае.

Было (некалі раней): ён браў білеты ў тэатр, на розныя канцэрты. Жонка хадзіла, але там у адкрытую клявала носам. Ён даваў ёй "лішнія" грошы — на касметыку, строі. Ён сам вадзіў яе па крамах, каб выбрала моднае адзенне (яна — яшчэ па дарозе — умудралася давесці яму, што ёй самой анічога не трэба, а вось дзецям — вельмі і тэрмінова). Ён прыносіў дамоў цікавыя кніжкі: на працы народ зачытваўся то адным, то другім раманам альбо пісьменнікам... Яго "палавіну" "не чапляла" амаль нішто. Нават найлепшыя фільмы яна садзілася глядзець з нейкім шыццём ці вязаннем. І гэта яшчэ зразумела было б, калі б ім не дапамагалі бацькі (з абодвух бакоў), калі б ён, як іншыя мужыкі, зусім мала зарабляў, калі б яны, як у маладосці, не зводзілі канцы з канцамі — на прыватнай кватэры, з малымі. Калі б ён і дзеці не прыбіралі, не гатавалі, не прасавалі. А то ж не! Тады навошта?.. Тады чаму?

Не разумеў! Але ж неяк мірыўся: анічога такога ёй не казаў, ні ў чым не папракаў, перастаў адбіраць, выкідваць анучкі — жыў і жыў... Пакуль не пачуў пра курыцу.

Зрэшты, стараўся маўчаць і потым. Але ж пры гэтым усё часцей і часцей думаў, што жанчына, з якой ён жыве, мусіць, не яго, ён памыліўся — у выбары. І таму, пакуль не позна... Трэба ж нешта рабіць?!

На згоне зімы думкі пра гэта займалі настолькі, што ў панядзелак толькі ўвечары ён успомніў: ды сёння ж свята ў іх, сёння — гадавіна вяселля!..

Ехаць у горад, шукаць, як раней, падарунак ён відавочна спазніўся. Не ехаць? Паспадзявацца, што пра гэта забудзецца і жонка, не выпадала таксама...

Зазірнуў у халадзільнік — прыкінуў, што можна паставіць на стол, ускінуў на плечы куртку, спусціўся ў гастраном — купіў там "Шампанскае", выбраў торт.

Па дарозе назад збочыў у краму "Кветкі": хацеў нешта ўзяць — хоць бы вазон. Але перадумаў: жонка ўсё адно не ацэніць, папракне, што выкінуў грошы. Вярнуўся дамоў.

І тут, на парозе, яго "прабіла": ён зробіць ёй падарунак — добры, і ўсё для гэтага ёсць — рукі, інструмент, люстэрка... Яго ім падарылі адразу ж пасля пераезду (у гэтай кватэры яны з паўгода жывуць). Тады ж збіраліся і павесіць, але "не знайшлі кансенсусу": ён з сынам лічыў, што люстэрка (гэта, яшчэ адно) павінна быць у вітальні, дзеўкі (найболей жонка) — казалі: "На кухні!", каб там, "не адыходзячы ад касы" (гэта значыць, ад пліты), наводзіць марафет. Месца знайшлі! Глеб (Авен па гараскопе) "рогам упёрся": маўляў, для гэтага ванны пакой ёсць, адмысловы куток у спальні...

Цяпер жа — сам палез на антрэсолі, дастаў тое люстэрка. Трымаючы яго ў руках, паглядзеў на сябе: мужчына ён і сапраўды ніштаваты, у самым росквіце сіл! Дык хай жа і яна, яго "палавіна", лішні раз паглядзіцца, хай убачыць... Раптам штось зразумее?

Глеб прыклаў люстэрка да сцяны ў тым месцы, дзе хацела жонка (падумаў, дарэчы: "Не горшы варыянт, кухня вялікая, можна было і тады не ўпарціцца...), намаляваў аловачкам крыжык, выцягнуў электрадрыль, уставіў свярдзёлак...

А далей — справа хвілін. Калі, вядома ж, на добрае пойдзе...

Не пайшло: толькі ўключыў, толькі ўпёрся — свярдзёлак парваў шпалеры, "выдаў" шчопці пылу і па-здрадніцку сагнуўся. Глеб дастаў другі — трохі таўсцейшы...

Не, яму яўна не шчасціла, бо сагнуўся і гэты!..

Выйсце (у асобе суседа) жыло ў кватэры насупраць. Праўда, Глеб, ніколі не заходзіў туды, але ж запрашэнне як быццам меў: з месяц таму спусціўся ўніз (паправіць замок у паштовай скрынцы) і сустрэў навасёлаў. Яны якраз рэчы згрузілі: мужык узяўся насіць на паверх, жонка (а ўжо ж мілая, вабная) — пільнаваць астатняе... Пазнаёміліся яны, пажартавалі (пераважна з ёй... Мужык жа пры справе быў). Ды і не мужык, як высветлілася. "Так... Хлопец, — шматзначна ўсміхнулася маладзічка. — Раз кватэру зняў — пажывём... А там...".

У ім, такім карацюсенькім, цёплым (Глеб не глухі, не сляпы), чуўся намёк, чуўся шанц (ці нават прапанова?). І будзь яму 20 — ён прыняў бы іх, прычым злёту...

У 40 з добрым "хвастом" — не: вырашыў памарудзіць, паўзірацца здалёк. І раптам аказія зблізку...

Глеб выцягнуў з шафы чыстую кашулю, нацягнуў новыя шкарпэткі, "гасцявыя" тапкі, выйшаў у калідор — і яшчэ на подступах да суседскіх дзвярэй злавіў пах толькі што зваранай добрай кавы... Нясмела пазваніў. Адчыніла яна, гаспадыня — усмешлівая, мяккая, маладая — жанчына, якой ён (ну што ўжо ўтойваць!) здалёк любаваўся, здалёк захапляўся і бачыў побач... З сабой...

Пачырванеў, запрабачаўся, спытаў, ці дома гаспадар, сказаў пра апошні зламаны свярдзёлак.

Паверыла? Не паверыла, але ж атуманіла яго чароўнай усмешкай. Адказала, што "гаспадар — на працы і будзе позна", але ўсе яго інструменты на лоджыі. Глеб можа прайсці туды — праз кухню — і ўсё, што трэба, узяць.

— Толькі ў нас не прыбрана там, — прызналася суседка. — У мяне, ведаеце, кніжка. Вы ж Марыніну чыталі?

— Так... Але некалі... Каб мець уяўленне.

— Ну... Вы гэта дарэмна, бо яе больш познія творы...

О-о, калі б толькі можна было, — Глеб стаяў і стаяў бы тут, на гэтым парозе, слухаў бы і слухаў яе бадзёранькі голас, глядзеў бы і глядзеў у цёмныя разумныя вочы. І сам, вядома ж, нешта казаў бы... Ёсць што... Ён можа! Але — не зараз, не сёння, бо сёння — гадавіна вяселля, сёння праз паўгадзінкі папрыходзяць дадому дзеці, вернецца з працы жонка... Ну не дарыць жа ёй, хай не такой прывабнай і разумнай, не такой эстэтцы раскалупаную сцяну ў любімай кухні...

Таму Глеб яшчэ раз папрасіў прабачэння, разуўся і рушыў быў, куды паказалі, але... стаў, бо за словам "не прыбрана" ён (не першы ж год на свеце жыве) чакаў убачыць што заўгодна, толькі не гэта. На кухні, на ўсіх магчымых і немагчымых паверхнях — стале, пліце, падаконніку, ракавіне, кантэйнеры для хлеба, падлозе — стаяў брудны посуд, валяліся кардонкі ад тартоў, газеты, паперы, поліэтыленавыя пакеты...

На імгненне Глеб паспрабаваў уявіць (і не змог!), як яна, вось гэтая прыгажуня ў кароткім шаўковым халаціку, варыла тут каву (і нават піла?), як сюды ж ноч-апоўнач вернецца з працы той хлопец і сядзе штось есці.

Аднак разважаць яму не выпадала. Глеб прайшоў на лоджыю, убачыў скрынку з інструментамі. Было іх — раз-два і аблічыўся, так што патрэбнае ўбачыў адразу. Узяў свярдзёлак, сказаў гаспадыні, што заўтра ж прынясе, даўся прэч. З палёгкай адчыніў свае дзверы, з палёгкай зачыніў — схапіўся за дрыль. Хутка прасвідраваў дзірку, хутка павесіў люстэрка. Узяўся гаспадарнічаць, ставіць на стол — і так, як рабіла жонка: белы абрус, сурвэткі, талеркі, відэльцы-нажы, чаркі-фужэры, хлеб, халадзец і салата (з выхадных засталіся), нарэзка... Потым у ход пайшлі слоічкі з салянкай і грыбамі. Нарэшце дастаў блюда для гатовых галубцоў (зараз іх толькі пагрэць — жонка раніцой зрабіла)... Лёгкая на паміне...

Ляпнулі дзверы. Глеб выйшаў насустрач, забраў паліто, стаў прымяраць падораны гальштук...

Амаль тут жа прыйшлі "эксперты": сын (з кветкамі для маці) і дачка (з каньяком для бацькі). "Віншуем! — сказалі разам, — вы ў нас такія малайцы!".

— І вы... Але ж мыйце рукі — вячэра на стале.

Хвілін праз пяць сям'я — вясёлая, галодная — была на кухні: усе разам павохкалі ля сцяны з падарункам, паселі на звычныя месцы, паднялі фужэры. І потым сядзелі — усе разам, як часта, як амаль заўсёды. Адзінае...

На гэты раз і стол, і ўсіх застольнікаў Глеб бачыў не толькі побач, наўпрост, а яшчэ і ў люстэрку. Быццам у кадры, у кіно, дзе ўсё было стакроць прыгажэйшым, стакроць даражэйшым, стакроць раднейшым — яму...

На сябе хіба глядзець не хацелася...

Валянціна Доўнар

←"Рабочая" дата запуска белорусского спутника - 21 июня

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика