70 гадоў таму, 18 мая 1942 года, у акупаваным Мінску выйшаў першы нумар падпольнай "Звязды"
"З сённяшняга дня Мінскі Гаркам КП(б)Б аднаўляе выданне свайго органа — газеты "Звязда". Пішыце ў газету аб жыцці партызанскіх атрадаў, аб баявой іх дзейнасці, аб паасобных партызанах, праявіўшых сябе ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Рэдкалегія".
І гэта — у акупаваным Мінску!.. Рэдактар падпольнай "Звязды" Уладзімір Амельянюк нарадзіўся ў 1917 годзе. Скончыў педагагічныя курсы, працаваў піянерважатым, настаўнікам, рэдактарам дзяржынскай раённай газеты. Перад Вялікай Айчыннай быў студэнтам Камуністычнага інстытута журналістыкі ў Мінску...Таленавіты, мужны падпольшчык-журналіст пісаў: "Партызан! Ты бачыш, на фронт цягнуцца нямецкія эшалоны, гружаныя салдатамі, боепрыпасамі і тэхнікай! Узрывай чыгуначнае палатно, масты, пушчай пад адкос саставы — гэтым ты палегчыш наступленне Чырвонай Арміі. Бачыш тэлефонны кабель — рві яго, гэтым перарэжаш сувязь і ўнясеш замяшанне ў асяроддзе ворага. Ты чуеш, па тваёй краіне крычаць салдаты і афіцэры гітлераўскай грабарміі! Знішчай іх, як шалёных сабак! Радзіма толькі тады ўздыхне свабодна, калі на яе зямлі не застанецца ніводнага акупанта".
Кожнаму патрыёту было зразумела, што чакае ў выпадку правалу. Ніякіх ілюзій не было, людзі свядома рабілі свой выбар.
Дзёрзкія аперацыі мінскіх падпольшчыкаў не пакідалі ў спакоі акупантаў. Аблавы, вобыскі, налёты, частыя змены пашпартнага рэжыму... Падполле зведала некалькі буйных удараў — у кастрычніку 41-га і ў сакавіку 42-га фашысты ўчынілі зверскую расправу над патрыётамі.
Але Мінск не здаўся. Не скарыўся.
Гісторыя сведчыць: для гітлераўцаў выхад падпольнай газеты "Звязда" быў падобны да выбуху магутнай бомбы...
Якую мужнасць трэба было мець, каб у стане ворага заклікаць да знішчэння ворага, каб выкрываць гебельсаўскую хлусню, што лілася з прафашысцкіх друкаваных выданняў!
Першы нумар "Звязды" быў тайна набраны ў нямецкай друкарні, надрукаваны на канспіратыўнай кватэры Міхаіла Воранава тыражом 2 500 экзэмпляраў. Міхаіл Пятровіч Воранаў і яго сын Міхаіл былі закатаваны фашыстамі ў канцы 1942 года.
Другі і трэці нумары газеты выйшлі ў падпольнай друкарні ў доме падпольшчыцы Таццяны Яўменаўны Якавенка (акурат на месцы таго дома па колішняй вуліцы Выдавецкай, 10 устаноўлены помнік "Звяздзе", цяпер гэта вуліца Кульман). Летам 1942 года ў пакоі Арсенія Сяргеевіча Грышына і друкавалася газета. Падпольшчык Грышын быў закатаваны ў нямецкай турме.
Чацвёрты нумар "Звязды" быў надрукаваны на канспіратыўнай кватэры Пятра Канстанцінавіча і Альбіны Адольфаўны Хадасевічаў (у іх былі два сыночкі, Косця і Павел). У канцы 1942 года сям'ю Хадасевічаў забілі фашысты.
Пяты нумар быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў з-за масавых арыштаў мінскіх падпольшчыкаў.
Сын наборшчыка падпольнай "Звязды" Барыс Александровіч паказвае, як друкавалася газета (фрагмент экспазіцыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны). ...Рукой наборшчыка падпольнай "Звязды" Хасана Мустафавіча Александровіча набраны другі, трэці і чацвёрты нумары газеты. У выданні і распаўсюджванні падпольнай "Звязды" ўдзельнічалі У. Нікіфараў, Я. Савіцкая, У. Казачонак, А. Карпусенка, М. Рынкевіч, Б. Пупко, М. Свірыдаў, С. Благаразумаў, сям'я Ц. Трафамюка і многія-многія іншыя.
Газета-патрыётка яднала народ у імя Перамогі, заклікаючы:
"Паднімайцеся ўсе, каму дорага наша Радзіма, на ўсенародную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў!".
І народ змагаўся. Нягледзячы на зверствы, якія тварылі нямецка-фашысцкія акупанты, яны ні дня не адчувалі сябе гаспадарамі на беларускай зямлі.
...Праз некалькі дзён паля выхаду першага нумара падпольнай "Звязды", 26 мая 1942-га — у няпоўныя 25! — загінуў рэдактар газеты Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк. Ён ці не адзіны рэдактар, якому прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.
***
З 27 студзеня 1943 да 1 ліпеня 1944 года "Звязда" выдавалася ў партызанскай зоне — сярод балот, на востраве Зыслаў Любанскага раёна. Рэдагаваў газету-партызанку Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў. На Любаншчыне выйшла 105 нумароў "Звязды".
***
Сімвалічна, што на галоўнай плошчы беларускай сталіцы, плошчы Незалежнасці, устаноўлены помнік рэдактару падпольнай "Звязды" Уладзіміру Амельянюку і журналістам-падпольшчыкам.
Духоўна моцны народ нельга скарыць і паставіць на калені — а гэтую моц надае ў тым ліку і сіла сумленнага друкаванага слова.
Таццяна Падаляк.