Wіndоws Еўропы эстонскага гатунку
Эстонцы толькі здаюцца засяроджана-замкнутымі. Можа, яны і нешматслоўныя, але гэта азначае толькі адно: іх эмоцыі праяўляюцца іншым чынам. Напрыклад — праз спевы. Эстонцаў называюць народам, які любіць спяваць. Яны з задавальненнем спяваюць у хоры. Тут вельмі папулярныя песенныя святы, на якія з'язджаюцца харавыя калектывы з усёй краіны. Бывае, што ў Таліне на адкрытай пляцоўцы, якая называецца "Спеўнае поле", збіраюцца разам да 100 000 чалавек! Святы песні і танца Эстоніі ўключаны нават у спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Хор — гэта тое, што аб'ядноўвае людзей. Але ў Эстоніі хор — больш, чым проста хор. Так было, напрыклад, падчас мірных акцый часоў распаду СССР, калі людзі збіраліся, каб сродкамі спеваў заявіць пра сваё права на незалежную краіну. Тады на "Спеўным полі" збіралася найбольшая колькасць удзельнікаў — каля 300 тысяч. Тыя акцыі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай "Рэвалюцыя спеваў".
Ужо ў новай гісторыі Эстоніі "Спеўнае поле" стала сімвалам далучанасці краіны да сусветнага кантэксту: тут выступалі Ціна Цёрнер, Майкл Джэксан, Мадонна, "Ролінг Стоўнз"... Нягледзячы на тое, што ў Таліне каля 500 тысяч жыхароў. Кажуць, цяжка знайсці эстонца, які ніколі не быў на "Спеўным полі" ці то ў якасці гледача, ці то ў якасці ўдзельніка спеўнага свята. Гэта вельмі яднае: кожны ў гэты момант адчувае, дзеля чаго гучыць яго голас. Адчуць важкасць "свайго голасу" важна як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.
Сёння ў Эстоніі ўмацоўваецца такая з'ява як электронная дэмакратыя (калі голас кожнага можа быць пачуты). У 2005 годзе жыхары Эстоніі ўпершыню ў свеце маглі ўдзельнічаць у выбарах органаў мясцовага самакіравання праз інтэрнэт. А ў 2007 годзе праз інтэрнэт можна было галасаваць нават на парламенцкіх выбарах! Сістэма будзе яшчэ ўдасканальвацца, гаворыць Лія Хяні, кіраўнік праграмы па электроннай дэмакратыі, былы міністр па рэформах:
— 1 364 000 чалавек пражывае ў Эстоніі. 68,5 % — эстонцаў. Але ёсць і беларусы — 1,2%. Інтарэс кожнага, хто б ён ні быў і дзе б ён ні жыў, трэба ўлічыць...
Дзеля гэтага нават органы мясцовага самакіравання маюць хатнія старонкі ў інтэрнэце, каб кожны чалавек ведаў, што адбываецца вакол яго. Таму што насамрэч дэмакратыя — гэта калі кожны канкрэтны чалавек разумее, што яго меркаванне важнае і ён сваімі дзеяннямі можа палепшыць жыццё.
...Яе завуць Сіры Сісак. Маленькая, хударлявая, але вельмі рухавая жанчына, якая захацела зрабіць добрую справу. І зрабіла. Сіры — даволі вядомая спявачка, якая выконвае джаз, выступае ў Таліне. Але ў сваім павеце Рапла Сіры вырашыла падтрымаць тых, каму жывецца не вельмі проста. Яна стварыла краму, у якую кожны можа прынесці штосьці са сваіх рэчаў, каб потым іх можна было прадаць па сімвалічных цэнах тым людзям, якія не надта могуць дазволіць сабе наогул нейкія пакупкі. Акцыя аказалася паспяховай: цэлая крама ўтварылася!
Але Сіры пайшла далей. Яна яшчэ вырашыла падтрымаць дзяцей з бедных сем'яў: для іх арганізавала гурткі, за якія не трэба плаціць. Дзеці бавяць час з толкам і не бадзяюцца. А яшчэ ж абавязкова тут — камп'ютар. Ёсць чым завабіць!.. Весці заняткі ў гуртках проста так пагадзіліся людзі таксама неабыякавыя, але ў каго ёсць час: часта гэта былыя настаўнікі. Адну з маленькіх мастачак ужо зараз Сіры называе будучай Далі: дзяўчынка малюе рыбак у небе! Дзецям так спадабалася, што колькасць гурткоў павялічваецца. Разам з гурткоўцамі на заняткі сталі прыходзіць іх сябры з заможных сем'яў: дзецям не адмовіш у тым, што яны хочуць сябраваць. Але далей Сіры ў вялікім і падобным на подыум двары хоча арганізаваць паказ мод — кожны з дзяцей зможа адчуць сябе зоркай. Сіры нібыта сама дзівіцца амбіцыйнасці сваіх планаў. Але ўпэўнена: яе некамерцыйная арганізацыя — з шэрагу тых, што рэальна працуюць дзеля людзей, а значыць, у яе будзе падтрымка.
Наогул ідэі, якія зыходзяць ад людзей, робяць жыццё больш яскравым. Асабліва, напэўна, гэта тычыцца правінцыі. У тым жа павеце Рапла людзі аднойчы вырашылі: каб жылося весялей і каб не хацелася з'ехаць... трэба пабудаваць сцэну. Вырашылі — і атрымалі грант на праект. У выніку з'явілася выдатная пляцоўка на свежым паветры, дзе можна збірацца разам і ладзіць канцэрты. Сцэна аказалася запатрабаванай у жыхароў навакольных сёл.
— Інтэрнэт паўсюль, ён тут, у паветры. Ён дапамагае кантактаваць. Але тут, на паветры, людзі могуць збірацца і размаўляць адзін з адным, — гаворыць Сіім Маістэ, жыхар сяла Ойла, якога вяскоўцы абралі кіраўніком мясцовага самакіравання павета Рапла. Малады хлопец працуе майстрам на прадпрыемстве, дзе робяць харчовыя паўфабрыкаты. Сяло невялікае — 40 чалавек. Але, магчыма, яно не знікне...
— Актыўнічаць толькі ў сеціве — нецікава і непрадуктыўна. У нас ёсць часопіс, які называецца "Добры грамадзянін". Часопіс змяшчае інфармацыю пра розныя акцыі. Рассылку інфармацыі па сеціве атрымліваюць 100 рускамоўных і 4000 эстонамоўных падпісчыкаў, — гаворыць Іван Лаўрэнцьеў, студэнт Талінскага ўніверсітэта. — Людзі даведваюцца пра некаторыя акцыі, да якіх потым могуць далучыцца. Напрыклад, у нас была акцыя "Зробім": прыбіралі тэрыторыі лясоў, пляжных зон. На гэтыя акцыі выходзілі людзі розных узростаў, нацый, сацыяльных слаёў.
Іван Лаўрэнцьеў паходзіць з рускай сям'і, але паразуменне са сваімі калегамі і сябрамі знаходзіць на эстонскай мове. Акрамя таго, ведае англійскую, і рускую не забывае.
...У тыя дні якраз адзначалася гадавіна пераносу помніка савецкаму салдату. У цэнтры Таліна пра гэта нагадваў невялічкі пікет. Кожны мог далучыцца. Але акцыя не стала масавай. А ўвечары па эстонскім тэлебачанні пра гэта паказалі сюжэт. З каментарыямі — як эстонцаў, так і рускіх. І амаль усе з апытаных пагадзіліся: ну вось жа, усё вырашана ў рэшце рэшт...
Для таго, каб даносіць і абараняць нейкія ідэі, ёсць партыі ў парламенце, разважаюць эстонцы. Дзякуючы інтэрнэту ідэі стала лягчэй агучваць і абмяркоўваць.
Наогул прадстаўнікі ўлады, як і дэпутаты, цяпер больш даступныя для звычайных людзей. Звесткі пра чыноўнікаў і дэпутатаў адкрытыя, нават мабільныя тэлефоны. І праз інтэрнэт з імі кантактаваць можна. Эйкі Нестар, старажыл эстонскага парламента, распавёў пра адзін выпадак. Ён працаваў міністрам па сацыяльным развіцці, калі да яго адна студэнтка звярнулася з пытаннем пра пенсійныя зборы. Шчыра прызналася: трэба здаць працу па вучобе, але яна нічога ў гэтым не разумее. Міністр падказаў: "Ідзі на такі сайт, а потым на такі, знойдзеш інфармацыю". Потым дзяўчына падзякавала за дапамогу — атрымала "выдатна". "Вядома, гэта ў некаторай ступені адцягвае ўвагу ад непасрэднай працы... — уздыхае Эйкі Нестар. — Але ж мы павінны ўвесь час адчуваць, што працуем дзеля людзей".
Цікава, што самы малады дэпутат парламента Эстоніі Яўген Осін (яму 26 гадоў!), мае беларускія карані. Праўда, у Мінску ніколі не быў. Ён выбіраўся ў нарве і з'яўляецца адным з актыўных дэпутатаў сацыял-дэмакратычнай партыі, якая ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ва ўсіх 15 паветах Эстоніі. Сустрэч бывае шмат, хоць пра дзейнасць партыі інфармацыя распаўсюджваецца самымі рознымі спосабамі. Але бываюць моманты, калі сустрэчы неабходныя: калі Эстонія пераходзіла на еўра, то дэпутаты асабіста ездзілі нават па школах, тлумачылі, што гэта дасць краіне.
Лёсавызначальныя пытанні ў Эстоніі вырашаюцца на рэферэндуме, дзе кожны можа выказацца. Так, менавіта на ім вырашалася пытанне ўваходу ў ЕС. Але сёлета гарадскія ўлады Таліна ініцыявалі рэферэндум... аб бясплатным праездзе ў грамадскім транспарце. "Папулісцкі ход, — каментуе Нестар. — Пад выбары ў мясцовыя органы самакіравання. Бо хто ж будзе супраць?... Але, з другога боку, бясплатны праезд у транспарце дазволіў бы разгрузіць цэнтр горада: летам асабліва шмат турыстаў..."
Талін сапраўды мае прыцягальную сілу: пра тое, што гэта быў горад-крэпасць, нагадвае мур, які на пачатку ХVІ стагоддзя цягнуўся на тры кіламетры. Да сённяшніх дзён захавалася каля 2 кіламетраў старажытнага муру і 50 вежаў: дагэтуль ідзеш і адчуваеш, нібыта ты пад вартай і з кожнай вежы адразу пададуць знак, калі што не так... Напэўна, горад, які месціўся на ўзбярэжжы Балтыкі і меў порт, быў вельмі прыцягальным. Нездарма ж Пётр І вельмі змагаўся за Рэвель, як тады называлі Талін. Але быў у гэтым не першым: у порт заходзілі караблі з розных блізкіх краін. Дзякуючы актыўнаму гандлю горад развіваўся.
На ўзгорку — вышгарад, дзе калісьці месціліся палацы і рэзідэнцыі арыстакратаў. Тут і зараз знаходзяцца вельмі важныя будынкі — напрыклад, парламент. Але далёка не ўсе старажытныя будынкі зараз выкарыстоўваюцца як адміністрацыйныя: дзе-нідзе размясціліся дзяржаўныя ўстановы, дзе-нідзе — пасольствы ці музеі. А то і ўтульныя кавярні. Але ёсць і звычайныя дамы, дзе і зараз жывуць людзі. Цэны на квадратныя метры самыя высокія менавіта тут, не кожнаму па кішэні... Ніжні горад калісьці быў тэрыторыяй купцоў — пра гэта зараз нагадваюць крукі па-над стрэхамі, на якіх калісьці падымалі поўныя мяхі (сховішча пад дахам бараніла ад крадзяжоў). Але паміж каменнымі пабудовамі то тут, то там можна заўважыць і драўляныя дамы — таксама старыя. Такія дамы будаваліся для бедных, тлумачыць экскурсавод Юле Кйрсімяе. Гэта гістарычная забудова, адна з адметнасцяў Таліна, таму драўляныя дамы пільна ахоўваюцца і рэстаўруюцца. І гэта пры тым, што Стары Талін і так багаты на архітэктуру! Хочаш не хочаш, а параўнанні так і прыходзяць у галаву...
Эстонцы прызвычаіліся параўноўваць сябе па розных мерках з Фінляндыяй: па-першае, гэта блізкая краіна, мову якой тут разумеюць, а па-другое, таму, што ўзровень развіцця Фінляндыі — адзін з самых высокіх у Еўропе. Ды і па колькасці лясоў Эстонія (52 працэнты тэрыторыі) другая ў Еўропе пасля Фінляндыі. І блізка: амаль дзве гадзіны на пароме — і ты ў Хельсінкі. Паромы ходзяць часта, а яшчэ і гелікаптары лятаюць. Было такое, што з-за прастаты пераезду частка актыўнага і працаздольнага насельніцтва Эстоніі наважылася ездзіць на заробкі. Некаторы час таму адчуваўся недахоп працоўнай сілы. Але ўсё пакрысе выправілася: па эфектыўнасці рэформаў Эстонію ставілі нават у прыклад у Еўрасаюзе. Да крызісу эканамічны рост быў 11 % у год. Крызіс у гэтай паўночнай краіне (у адрозненне ад Латвіі і Літвы) быў не такі адчувальны. Напрыклад, мінулы год даў эканамічны рост у 8%. Сярэдні заробак у Эстоніі сёння ў памеры 800 еўра. Пенсіянеры атрымліваюць каля 350 еўра. Няпроста жывецца, з улікам выдаткаў. Але ж цярпець можна з думкамі пра далейшае развіццё. Праблему павелічэння нараджальнасці (якая таксама актуальная для маленькай краіны) вырашалі, напрыклад, такім чынам: 100% заробку выплачвалася маці пасля нараджэння дзіцяці на працягу 11 месяцаў: трэба ж будаваць сваю будучыню.
Напрыклад, дзякуючы турызму. Эстонія сёння асабліва прыцягальная для турыстаў з Фінляндыі ды яшчэ са Швецыі. Чым? Былыя аб'екты, пабудаваныя пад Алімпіяду-80, не пустуюць. Яны перароблены пад СПА-курорты, якія карыстаюцца попытам. Нават знешне гэтыя бетонныя будынкі дзіўным чынам пераўтварыліся, каб менш згадвалася былое савецкае мінулае. Хоць свайго мінулага эстонцы не ўтойваюць:
— Шмат у нас было спонсараў у розныя часы: датчане, немцы, шведы і рускія, — жартуе Юле Кйрсімяе, патлумачыўшы, чаму ў цэнтры Таліна ёсць дацкі дворык. — Але мы здолелі зберагчы сваю культурную адметнасць і мову, а цяпер думаем, як захаваць свой маленькі народ. Эстонец стаў гаспадаром свайго хутара. Сярэдні эстонец — селянін у душы. Да вайны наша масла канкурыравала з галандскім, яго нават называлі "эстонскі цуд". А па ўзроўні земляробства нас тады параўноўвалі з Канадай... Эстонцы ўмеюць працаваць на зямлі. І цяпер усе сем'і хочуць мець маленькі, але прыватны домік. У нас цэняць хлеб і працу. Народная эстонская прымаўка гаворыць: "Працуй, працуй, і ў цябе будзе нават каханне..."
І я зразумела, чым мы сапраўды падобныя...
Ларыса ЦІМОШЫК.