НЕ ДАПУСЦІЦЬ ФАЛЬСІФІКАЦЫЙ ВАЙНЫ
ІV Міжнародны кангрэс "Знішчаныя ў Другой сусветнай вайне гарады і вёскі Еўропы" і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Грамадзянскае насельніцтва ў вайне" сёння завершаць працу ў беларускай сталіцы.
Удзел у кангрэсе бяруць больш за 100 удзельнікаў з 10 краін свету.
У Беларусі рамкі кангрэсу істотна пашыраны: праводзіўся рэспубліканскі творчы конкурс на лепшы малюнак, літаратурны і мультымедыйны праект на тэму "Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны".
— Мы актыўна далучылі моладзь да тэмы Другой сусветнай вайны і лічым гэта вялікім дасягненнем. У творчым конкурсе прынялі ўдзел больш за 400 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Вельмі шмат было цікавых работ, а пераможцы атрымалі ўзнагароды на пленарным пасяджэнні кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, — паведаміў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак. — Акрамя таго, на кангрэсе працуюць дзве моладзевыя секцыі — у Нацыянальнай бібліятэцы і ў Белдзяржуніверсітэце.
Дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Інстытута ўпраўленчых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Андрэй Цабкала ўдакладніў, што актыўны ўдзел у кангрэсе малодшага пакалення нашчадкаў Вялікай Перамогі сімвалічна яшчэ і таму, што менавіта моладзь у гады вайны ўнесла значны ўклад у барацьбу з фашызмам: "З 375 тысяч партызан на тэрыторыі Беларусі больш за 65% былі маладымі людзьмі ва ўзросце да 30 гадоў. Акрамя таго, у партызанскім руху ўдзельнічала каля 5 тысяч дзяцей".
Высока ацаніў узровень арганізацыі і правядзення кангрэсу ў Мінску дырэктар Музея славацкага нацыянальнага паўстання Станіслаў Мічаў. Ён адзначыў, што максімальная колькасць ахвяр Другой сусветнай вайны зафіксавана на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.
"Такія мерапрыемствы маюць выключна важнае значэнне: неабходна фарміраваць ідэалогію, здольную змяніць светапогляд, — лічыць дырэктар Цэнтральнага музея Узброеных Сіл Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Аляксандр Ніканаў. — Як ні парадаксальна, тая жорсткасць, з якой сутыкаліся ў гады Другой сусветнай вайны, мае месца і ў пачатку ўжо ХХІ стагоддзя. Таму трэба імкнуцца максімальна ўздзейнічаць на моладзь".
Назіраюцца спробы сцерці з памяці падрастаючага пакалення памяць аб Вялікай Айчыннай, і каб не дапусціць гэтага, вакол Царквы ствараюцца клубы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, — сказаў начальнік аддзела па ўзаемадзейнічанні з Узброенымі Сіламі Беларускага Экзархату протаіерэй Сергій Кузьмянкоў.
"У апошнія 20 гадоў у чэшскай гісторыі адбываецца аналіз трагедыі: ахвяры — і злачынцы. Варта асэнсаваць і зразумець: як так магло здарыцца, што такія страшныя злачынствы здзяйснялі людзі? Уважліва аналізуем новыя дакументы, якія адкрываюцца ў архівах", — падкрэсліў гісторык Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі, супрацоўнік мемарыяла "Лідзіцэ" Войцэх Кынцл.
"Сапраўды, наша задача — спасылацца на канкрэтныя дакументы, абменьвацца думкамі наконт канкрэтных фактаў, разам абмяркоўваць усе спрэчныя пытанні — і на гэтай падставе максімальна аб'ектыўна даследаваць гісторыю вайны, каб не дапускаць ніякіх фальсіфікацый", — перакананая Крысціна Янаке, дырэктар агенцтва Trаdісіа Hіstоrу Sеrvісе (Германія).
Нагадаем, Беларусь першая з краін СНД прымае кангрэс "Знішчаныя ў Другой сусветнай вайне гарады і вёскі Еўропы". Упершыню гэты форум быў праведзены ў Германіі ў 2006 годзе, потым адбыўся ў Чэхіі і Славакіі.
Наступны кангрэс, у 2014 годзе, плануецца правесці ў Расіі.
Таццяна Падаляк