Школьная задача
Як знайсці кампраміс паміж фінансавымі магчымасцямі бюджэту і інтарэсамі вучняў?
Яшчэ адна новая вялікая школа адкрыецца ў бліжэйшы час у Столінскім раёне. Сваім “нараджэннем” яна абавязана прыросту мясцовага насельніцтва. Але калі ў адным месцы густа, то ў іншым звычайна бывае пуста. Што чакае вучняў старых школ у малалюдных населеных пунктах?
Пераезд
На перапынку паміж заняткамі дзеці гуляюць у двары невялікага аднапавярховага будынка Альгомельскай базавай школы. Непадалёк “расце” новая сучасная школа.
— Хочацца ў новую школу? — пытаюся ў дзятвы.
— Канешне! — у адзін голас кажуць хлапчукі. — Гавораць, што ўжо ў верасні пераедзем.
Новыя фарбы ведаў
Новую школу плануецца здаць у чэрвені. Цяпер там ідуць унутраныя аддзелачныя работы. Трэба будзе пафарбаваць яе звонку, а таксама завяршыць добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
— Школа разлічана прыкладна на 160 вучняў, — расказвае старшы прараб Столінскага ПМК-124 Леанід Сімончык. — Будзе вялікая спартзала, спецыяльныя класы для заняткаў фізікай і хіміяй, працоўным навучаннем, а таксама ўтульная сталовая.
Урокі ля печкі
Стары будынак школы, які праз два месяцы развітаецца з апошнімі вучнямі, з’явіўся амаль што паўстагоддзя таму. Тады меркавалі размясціць тут пачатковую школу. Але з цягам часу яна вырасла да базавай: цяпер сюды ходзяць і вучні з пятага па дзявяты клас.
У школе стала цесна. Яе будынак — з холам, які часам выконвае ролю спартыўнай залы, а па перыметры — шэсць кабінетаў. Прыходзіцца выкарыстоўваць кожнае памяшканне, таму нават дырэктар не мае ўласнага кабінета. На дзвярах, дзе вісіць шыльда “дырэктар”, ёсць яшчэ адна, якая сведчыць, што тут жа размяшчаецца і кабінет інфарматыкі.
Заняткі праходзяць у дзве змены. Пры гэтым вучні дзясятага і адзінаццатага класаў вымушаны ездзіць у суседнюю школу, да якой больш за пяць кіламетраў.
Няпростым выпрабаваннем для адміністрацыі старой школы стала мінулая марозная зіма. Трэба было па некалькі разоў за суткі падкідваць дровы ў печы, якія ацяпляюць вясковую школу. У новай школе пра такія клопаты можна будзе забыць.
Мяняем старое на новае
— Будынак Альгомельскай базавай школы — адзін з самых старых у сістэме адукацыі раёна, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі Столінскага райвыканкама Аляксандр Вячорка. — Да таго ж, па нашых прагнозах, за наступныя пяць гадоў колькасць дзяцей школьнага ўзросту ў Альгомелі можа павялічыцца з цяперашніх каля 180 да 220—230 чалавек. Таму і вырашылі, што трэба тут адкрыць новую школу.
Па праекце новы будынак прадугледжвае размясціць і дзіцячы садок, разлічаны на 20 наведвальнікаў.
Плюс і мінус
Альгомельская школа стане ўжо трэцяй, адкрытай на Століншчыне за апошнія чатыры гады. Дагэтуль новабудоўлі здалі ў эксплуатацыю ў Цераблічах і Альшанах.
Адметнасць Століншчыны ў тым, што раён па сваёй плошчы лічыцца адным з самых вялікіх у нашай краіне. Напрыклад, ад Альгомеля, размешчанага на ўскрайку, каля мяжы з Гомельшчынай, да Століна — звыш за 70 кіламетраў. Пры гэтым з 81 тысячы жыхароў раёна каля 56 тысяч — сяльчане. Таму амаль што 70 працэнтаў мясцовых школьнікаў маюць вясковую прапіску.
Аднак бог не роўна дзеле. У некаторых вёсках колькасць насельніцтва прырастае. Напрыклад, у агурковай сталіцы — Альшанах сям’я нават з пяццю дзецьмі — не дзіва. Але ў іншых вёсках назіраецца дэмаграфічны спад. Таму некаторыя школы прыходзіцца закрываць.
Аўтобусны варыянт
Толькі за апошнія некалькі гадоў у раёне закрылі дзве школы. Цяпер на 98 населеных пунктаў — 46 школ. Таму каля 1,3 тысячы школьнікаў прыходзіцца падвозіць на заняткі на аўтобусах. Для гэтага выкарыстоўваюць два дзясяткі аўтобусаў. Кожны з іх за дзень выконвае некалькі рэйсаў і пераадольвае да
250 кіламетраў.
— Канешне, на падвоз трэба траціць вялікія грошы, — пагаджаецца Аляксандр Вячорка. — Аднак гэта танней, чым, напрыклад, утрымліваць будынак школы, плаціць зарплату настаўнікам, якія навучаюць дваццаць ці нават менш чалавек.
Дастаўка школьнікаў аўтобусамі — не ідэальны варыянт, адзначае начальнік аддзела. Па яго словах, найлепш, калі б дзеці навучаліся ў сваёй жа вёсцы. Таму што калі трэба ездзіць на заняткі, дык прыходзіцца рана ўставаць, каб паспець на аўтобус.
А для таго каб дзецям не прыходзілася далёка ісці пешшу, мясцовыя ўлады імкнуцца размяшчаць новыя школы і дзіцячыя садкі бліжэй да цэнтра населенага пункта. Напрыклад, у Альшанах частку дзяцей перавялі з дзеючай школы ў яшчэ адну, новую, а на вызваленых плошчах адкрылі групы дзіцячага садка. Цяпер і школьнікі могуць сэканоміць час, і бацькам малых дзяцей — палёгка.