Wіndоws Еўропы эстонскага гатунку
Самалёт зайшоў на пасадку над сэрцам Таліна. Чырвоныя дахі старога горада праглядаліся ў ілюмінатары, і, здавалася, прыцягвалі да сябе — самалёт зніжаўся, і ў промнях сонца здавалася, што не пасадачная паласа, а брама ў старажытнасць адкрываецца перад ім. Надта вечарова-рамантычным здаваўся з вышыні Стары Талін.
Але брама, за якой адкрываўся гэты старажытны горад, — аэрапорт — па-сучаснаму красамоўна інтрыгаваў казачнасцю зусім іншага гатунку, бадай што оруэлаўскай. Казка будучыні вабіла яскравымі бігбордамі, дзе чалавечае сябравала з тэхнічным. "Калі ласка, электронная Эстонія..." — адзначалі госці і пачыналі разумець, што гэта азначае, літаральна адразу ж. Каб чакаць багаж не было надта сумна, позірк вывучаў сцены з прывабнымі плакатамі, паказальнікам магчымых кірункаў далейшага руху і нейкімі прыстасаваннямі незразумелага прызначэння. Вось, напрыклад, нейкі слупок з надпісам на трох мовах: "Націсніце на кнопку". А калі націснуць, то што?.. "Магчыма, калі ты згубіўся, каб цябе знайшлі?" — гадала групка прыехаўшых замежнікаў. "Ці калі трэба тэрмінова выклікаць паліцыю?.." — адна версія змяняла другую. Незразумела і страшнавата (сваволім тут невядома чаго!) было, пакуль не націснулі. Электронным жаночым голасам прыстасаванне прачытала вершык — павесяліла разгубленых турыстаў у незнаёмым горадзе...
Вось у такія моманты разумееш, як развіццё электронных тэхналогій можа быць карысным чалавеку. Ды не толькі ў гэтым, скажуць у Эстоніі, якая стала прыкладам у галіне выкарыстання інфармацыйных тэхналогій ва ўсёй Еўропе. Так, гэтая маленькая, але гордая паўночная краіна за апошнія два дзесяцігоддзі здолела скокнуць далёка ад савецкага мінулага адразу ў той час, які ў нас называюць тэхналагічнай будучыняй.
Найхутчэй ходзіць той, хто не азіраецца назад, а глядзіць толькі наперад. Эстонія выкарыстала свой шанц на аднаўленне незалежнасці ў 1991-м.
— Аднаўленне незалежнасці адбывалася хутка. Трэба было даказаць, што мы не з СССР, а асобная паўночная краіна, — гаворыць Івар Тала, былы член канстытуцыйнага камітэта парламента Эстоніі. — Эстонцы заўсёды хацелі размаўляць на сваёй мове, моўная палітыка спрыяла аднаўленню і станаўленню дзяржаўнасці. Эстонія была адна з першых у эканамічных рэформах, увяла свае грошы. Але мы адразу пачалі глядзець у бок Еўропы.
А яшчэ ў 90-я гады кіраўніцтва гэтай краіны вырашыла пачаць праграму "Скачок тыгра". Вельмі амбітны праект павінен быў змяніць Эстонію: ён прадугледжваў "камп'ютарызацыю і інтэрнэтызацыю" ўсёй краіны.
Дзякуючы гэтай праграме ў кожнай школе Эстоніі з'явіліся кам'ютары і інтэрнэт. Каб ісці ў будучыню, трэба было найперш навучыць дзяцей, а яны дома маглі ў сваю чаргу дапамагчы асвоіць тэхніку дарослым. Былі і спецыяльныя праграмы па навучанні інтэрнэт-карыстанню. Усе публічныя бібліятэкі ў краіне павінны прапаноўваць бясплатны доступ да інтэрнэту. Як і ўсе крамы, кавярні, рэстараны...
Дзяўчына ў навушніках і з нэтбукам сядзела ля супермаркета. Ішлі туды — сядзела. Выходзілі — усё яшчэ сядзела: нешта некаму казала, смяялася, калі слухала адказ. Ніхто не рэагаваў — звычайная з'ява. Кампанія моладзі ў кавярні: сядзяць, гамоняць. Адзін засумаваў — са сваім смартфонам пачаў "юзаць" па сеціве...
...Ажыццяўленне праграмы прывяло да таго, што на сённяшні дзень 76% насельніцтва выкарыстоўваюць актыўна інтэрнэт. 58% сем'яў маюць дома падключаны да інтэрнэту камп'ютар. Але і гэта яшчэ не ўсё: некаторыя праекты ў Эстоніі накіраваныя на тое, каб падключыць шырокапалосны інтэрнэт да хутароў...
Кам'ютар і інтэрнэт — гэта не раскоша для эстонцаў, а сродак для палягчэння жыцця. Сапраўды, тут праз інтэрнэт вырашаюцца многія пытанні і аказваюцца паслугі. Напрыклад, адной з самых папулярных інтэрнэт-паслуг з'яўляецца падача падатковай дэкларацыі. Таксама карыстаецца попытам інтэрнэт-банкінг. Нават школа стала электроннай: бацькі больш проста могуць даведацца пра поспехі свайго дзіцяці, а таксама пра хатнія заданні. Няма класных журналаў, дзённікаў. Настаўнікі і бацькі могуць кантактаваць наўпрост — праз інтэрнэт. Натуральна, дзецям больш складана хітрыць наконт адзнак...
Кажуць, што электронная паліцыя працуе эфектыўней, чым звычайная: машыны маюць мабільныя станцыі і пры неабходнасці выязджаюць на месца.
Электронным стаў нават урад. Урад Эстоніі перастаў весці папяровую дакументацыю з 1999 года — замест гэтага створана электронная сетка дакументацыі ў інтэрнэце. Дзякуючы гэтаму ў 2000 годзе ўрад перайшоў да беспапяровых пасяджэнняў кабінета міністраў, цяпер праводзяцца электронныя нарады. У адзінай сетцы ёсць усе дзяржаўныя органы, органы мясцовага самакіравання. Чалавек без праблем знойдзе кантакт чыноўніка, які адказвае за той ці іншы кавалак працы, і можа выказаць яму заўвагі ці прапановы. Чыноўнікаў прывучылі быць "анлайн" — яны рэагуюць на актыўнасць грамадзян у сеціве.
У выніку гэта змяншае колькасць папяровай працы для чыноўнікаў. І спрашчае жыццё людзям, у тым сэнсе, што ім не трэба доўгія гадзіны праводзіць у чэргах, каб узяць якую-небудзь даведку. Напрыклад, пры нараджэнні дзіцяці эстонская сям'я мае права на бацькоўскую датацыю. У арганізацыі яе выплаты задзейнічана 5 розных структур. І чалавеку давялося б хадзіць па кабінетах... Але ў Эстоніі ён проста высылае нумар свайго банкаўскага рахунку. Усе астатнія звесткі збіраюцца аўтаматычна — праз інтэрнэт. А чалавек атрымлівае грошы.
Такі падыход дазволіў зменшыць колькасць чыноўнікаў, якія адчувалі б сябе каралямі, выдаючы даведкі чалавеку. Але цяпер працуе прынцып "адно акно", калі чалавек можа асноўную частку паслуг атрымліваць, выкарыстоўваючы ўласны камп'ютар. Электронныя паслугі павінны быць бясплатнымі: таму што гэта абыходзіцца значна танней, чым плаціць чыноўніку заробак.
Насамрэч прастата ў атрыманні электронных паслуг дасягаецца дзякуючы таму, што кожны ў Эстоніі мае свой ідэнтыфікацыйны нумар.
Звычайная пластыкавая картка з фота — нешта накшталт майго працоўнага пропуску . Але не, у яе значна большыя паўнамоцтвы. Гаспадар карткі Арва От сцвярджае, што яна замяняе яму пашпарт, адначасова выконвае ролю правоў на кіраванне аўто, а таксама карткі сацыяльнага страхавання на атрыманне медыцынскіх паслуг. Урач чытае, уносіць дыягназ і пазначае лячэнне. Рэцэпт тут жа — на картцы, з якой ты ідзеш ужо ў аптэку... "Ці не занадта даверу дзяржаве?" — здзіўляемся мы, бо атрымліваецца, што тваё жыццё — як на далоні... Для таго, хто ўлез у тваю картку...
— Гэта ўніверсальны ключ, каб адчыняць розныя дзверы, — тлумачыць Арва От, дырэктар Акадэміі электроннага кіравання Эстоніі, куды сёння звяртаюцца па вопыт з розных краін. — Было шмат спрэчак наконт таго, што пры ўвядзенні ІД-картак трэба думаць пра тое, каб абараніць асабістыя звесткі чалавека. І насамрэч ёсць на гэтай картачцы інфармацыя, якая не можа быць даступная нікому, акрамя мяне самога. Кожны чалавек з'яўляецца ўласнікам персанальнай інфармацыі. Насамрэч людзі, а не тэхналогія з'яўляюцца галоўнай рызыкай бяспекі.
З развіццём ІД-картак у Эстоніі сталі думаць пра ахову звестак. Ёсць статыстыка іх прагляду: кожны карыстальнік можа даведацца, хто, калі і якія ягоныя звесткі глядзеў. Калі, на думку чалавека, нехта цікавіўся ім неабгрунтавана, то ён можа падаць скаргу. За парушэнне прадугледжаны штраф, паніжэнне ці нават крымінальная справа.
— Гучалі галасы супраць, якія грунтаваліся на думцы: дзяржава сочыць за мной. Гэта сапраўды хвалюе. Але каб так не атрымлівалася, патрэбны дакладныя правілы гульні. Таму што ў кожнага ёсць права на прыватную інфармацыю, — запэўнівае Кая Пуусеп, эксперт Інспекцыі па ахове звестак. — Калі звесткі пра маё здароўе збіраюцца і захоўваюцца назаўсёды, я сапраўды адчуваю сябе некамфортна. А з іншага боку, гэта прымушае ўрачоў быць больш уважлівымі і не памыляцца з дыягназамі: чалавек жа можа больш проста даказаць урачэбную памылку. Былі такія выпадкі, калі людзі атрымлівалі кампенсацыі, пра сумы не паведамлялася... Насамрэч нават скептыкам сёння зразумела: варыянт вядзення спраў на паперы — больш дарагі для дзяржавы, чым электронны.
...Каля аднаго з будынкаў у старым горадзе тусавалася моладзь, групка хлопцаў гучна штосьці абмяркоўвала. Праз шкло было зразумела: адкрыццё выставы сучаснага мастацтва. Не магу абмінуць, бо цікава: якія ж тэмы актуальныя для мастацтва Эстоніі? Ніхто не спыняе і не звяртае ўвагі на людзей з вуліцы, бо наведнікаў шмат. Экспанаты — сучасныя арт-аб'екты. Адзін — аркуш паперы, які трапечацца ў паветры, белы і безабаронны перад тэхнікай, якая можа яго здзьмуць на вуліцу, пад ногі... Зразумела: абыгрываецца тэма патрэбы паперы. Нават тут!
Увагу прыцягнуў праект відэаарта. На экране — прыгожыя чырвоныя вусны смакуюць віно з келіха. Рука кладзецца на стосік паперы. Белыя аркушы так і застаюцца белымі: рука іх намацала — і адклала ўбок. Што з імі рабіць? Іх жа не пакаштуеш, як віно... Іншая справа — кніга. Старажытная, у прыгожай вокладцы, кніжка як рарытэт. Вось у такім выглядзе сэнс паперы падаецца абгрунтаваным — у гэтай зале і сярод гэтых людзей, у Эстонскім музеі сучаснага мастацтва. Насамрэч, калі змяняецца эпоха, мяняецца жыццё, то і мастацтва не можа заставацца традыцыйна-застылым. Яно мусіць адпавядаць жыццю. У яго іншыя сродкі выяўлення — больш тэхнічныя. У яго іншыя тэмы — адпаведныя часу. Вось, можа, у той зале ў Эстоніі я лепш за ўсё зразумела, чаму сучаснае мастацтва часам называюць "актуальным": з дапамогай тэхнікі мне прадэманстравалі, як папера можа ператварыцца ў рарытэт і адзін з сімвалаў мінулых часоў. Што для Эстоніі ўжо актуальна...
Але што ў такім выпадку павінна адбывацца з людзьмі?.. Калі навокал развіваецца тэхналогія, то ў якой прасторы існуюць чалавечыя душы? Пра гэта — у другой частцы.
Ларыса ЦІМОШЫК.