Чаму сёлета бройлеры — нарасхват?
Каб купіць куранят, вяскоўцы гатовы ехаць у любы куток краіны
Людміла Васільеўна Маркава з Бабруйска, паводле яе слоў, чытае наша выданне гадоў 35. Кажа, што не прапускае ніводнага "Гарачага" тэлефона". А зараз сама вырашыла скарыстацца магчымасцю задаць пытанне на рэдакцыйную "гарачую лінію". Спрабавала самастойна вырашыць праблему, што ўзнікла, аднак намаганні аказаліся марнымі. Таму і патэлефанавала ў "Звязду". А сутнасць справы ў наступным.
— Немагчыма набыць бройлерных куранят! — адразу азначыла праблему наша даўняя чытачка. — Дагэтуль такіх праблем не ведалі, а сёлета творыцца нешта незразумелае. Лічы, на птушкафабрыкі па ўсёй краіне патэлефанавалі, гатовы паехаць у любы куток, але пакуль не атрымліваецца набыць патрэбнае.
Як расказала далей Людміла Васільеўна, прычын таму некалькі. Напрыклад, на адной з птушкафабрык Гомельскай вобласці гатовы задаволіць патрэбы прыватнікаў, аднак... Прадаваць бройлераў там плануюць 4 чэрвеня, 11 чэрвеня, а потым ўвогуле толькі пасля 20 чысла. Для чытачкі гэтыя тэрміны не падыходзяць: хацелася б раней. Ды і ліміты не задавальняюць: на некаторых прадпрыемствах у адны рукі гатовы прадаць ад 35 да 50 куранят. З іншага боку, у Слуцку на птушкафабрыцы адказалі, што таксама гатовы пайсці насустрач пакупнікам — фізічным асобам, але калі тыя... выкупяць усю партыю бройлерных куранят.
— Асабіста мне патрэбна недзе 50 бройлераў. З улікам знаёмых і родных, з кім падзялілася клопатам з набыццём куранят і хто таксама сутыкнуўся з аналагічнай праблемай, магла б набыць іх недзе 200. Дарэчы, летась перавозіла для сябе і знаёмых 300 бройлераў. Але ж браць усю партыю — занадта, — распавяла падрабязнасці сваіх пошукаў Людміла Васільеўна.
Безумоўна, прывозяць на продаж бройлераў і ў Бабруйск. Аднак чытачка такім гандлярам не давярае. Казала, узяла неяк 50 куранят. Дык з іх і вырасла... 50 пеўняў, якія за пяць месяцаў набралі вагі толькі па 1,5 кілаграма. Таму зараз заяўніца хоча гарантый. Ды і проста не любіць, як нам падалося, Людміла Васільеўна такіх перакупшчыкаў.
...Карацей кажучы, вось такі ўвогуле воз неспадзяванак. Чытачка і абурылася: чаму вясковага жыхара не забяспечаць патрэбным і ў зручны для яго час, у нашым выпадку — бройлернымі куранятамі?.. Даводзіла, што хвалюе гэтая праблема многіх: маўляў, як жа мяса той птушкі потым у краме па такіх цэнах будзе дакупіцца, калі бліжэйшым часам не вырасціць сваё?.. Рэдакцыя паспрабавала разабрацца ў сітуацыі, для чаго звярнулася ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і на некалькі птушкафабрык у розных абласцях краіны.
Забягаючы наперад, павінны канстатаваць, што праблема сапраўды існуе. На птушкафабрыках пацвердзілі, што насельніцтва тэлефануе да іх з усіх куткоў у надзеі набыць жаданых бройлераў, але... Попыт перавышае прапанову. Прадпрыемствы імкнуцца задаволіць патрэбы прыватнікаў па максімуме, наколькі гэта магчыма, аднак гэтаму перашкаджае шэраг аб'ектыўных фактараў.
Як распавялі найперш ва ўпраўленні інтэнсіўнай жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у іх няма і не было дакументаў, якія, як прапаноўвала чытачка, рэгламентавалі б нейкі "цэнтралізаваны" продаж бройлерных куранят насельніцтву. Першай справай птушкафабрыкі павінны забяспечыць папаўненне сваіх прамысловых статкаў. Продаж бройлераў фізічным асобам вядзецца па рэшткавым прынцыпе. І кожная птушкафабрыка, як самастойны суб'ект гаспадарання, вырашае: колькі, калі. Калі — у тым сэнсе, як зноў жа справядліва заўважылі нашай заяўніцы на адным з прадпрыемстваў, куды яна звярталася, што існуюць тэрміны вываду птушкі — напрыклад, 21 дзень. Гэтак жа, як і "магутнасць" інкубатара. Хаця, паўторымся, добра ведаючы аб праблемах прыватнікаў, птушкафабрыкі нават у такіх умовах імкнуцца зрабіць для іх усё магчымае, пра што мы раскажам крыху ніжэй. Што датычыцца асобна Магілёўскай вобласці, як сказалі ў міністэрстве, магчыма, тут на сітуацыю дадаткова паўплывала тое, што адно з прадпрыемстваў перайшло ў прыватныя рукі. І нейкая доля ўнутранага рынку, якая раней закрывалася ім, цяпер "правісла"...
Першы намеснік дырэктара па вытворчасці адной з птушкафабрык Магілёўскай вобласці сказаў, што такіх прадпрыемстваў у іх няшмат. "Мы самі набываем куранят, паколькі займаемся вытворчасцю мяса. Не будзем, як раней, і прыватнікам іх прадаваць. Але я ведаю: попыт на бройлераў з боку насельніцтва — шалёны. Калі б ведаць пра тое, можна было б 21 дзень таму закласці ў інкубатары больш... Але хто мог спрагназаваць? Закладваць лішняе баяцца, бо потым куды іх падзець? Ажыятаж сёлета пачаўся, як толькі пацяплела. Па вопыце магу сказаць, што праз нейкі тыдзень ён скончыцца. У чэрвені попыту на бройлераў ужо практычна няма".
Намеснік дырэктара па вытворчасці адной з птушкафабрык Віцебскай вобласці ў адказ на пытанні журналіста газеты пацвердзіў: зараз бройлеры ідуць пад уласныя патрэбы, на фарміраванне бацькоўскага статка. "Мы нават сябе не забяспечваем". Паводле слоў суразмоўцы, праблемы з яйкам зараз нават у Еўропе. Тым не менш, насельніцтву плануюць рэалізаваць некалькі тысяч бройлераў, аднак адбудзецца гэта не раней за другую палову мая. Гэта няшмат, пагаджаецца намеснік дырэктара па вытворчасці. Сутачнае кураня будуць прадаваць па 7-7,5 тысячы рублёў.
На Смалявіцкую бройлерную фабрыку тэлефануюць з усёй краіны. Сюды гатовы ехаць, умоўна кажучы, на аўтобусе пяць чалавек ад усёй вёскі і за раз набываць да тысячы бройлераў — на ўсіх ахвотных. Таму ведаючы такі падыход вяскоўцаў да справы набыцця птушкі, пакуль тут ніякіх абмежаванняў на водпуск куранят няма. Аднак да канца мая вядзецца продаж толькі па папярэднім запісе, які рабіўся дагэтуль. "Прадпрыемства да канца месяца выконвае ўзятыя на сябе абавязкі перад прыватнікамі. Хаця бывае рознае: адзін чалавек, які загадзя запісаўся, не прыехаў, а іншыя пад'ехалі "пазапланава". Даходзіць да сварак, высвятлення адносін. Мы займаемся не вытворчасцю мяса, а ўрэгуляваннем такіх канфліктаў. Таму з чэрвеня плануем папярэдні запіс адмяніць. Сутачныя кураняты зараз прадаюцца ў нас па 9 тысяч рублёў", — паведамілі спецыялісты прадпрыемства.
...Да тэмы чэргаў каля птушкафабрык увесну рэдакцыя газеты раз-пораз звярталася і раней: калі ў чытачоў узнікалі аналагічныя пытанні. Аднак сёлета попыт, як тое пацвердзілі і ўсе суразмоўцы, павялічаны. У чым яго прычына? Прывядзём меркаванне некалькіх спецыялістаў птушкагадоўлі, якія, дарэчы, як і наша чытачка Людміла Васільеўна Маркава з Бабруйска, лічаць, што гэта своеасаблівае рэагаванне на рэаліі: маеш сваё — спіш спакайней.
Сяргей РАСОЛЬКА.