Лёс 15 тысяч ваеннапалонных беларусаў цяпер вядомы

Источник материала:  
15.05.2012 14:07 — Новости Общества

Лёс 15 тысяч ваеннапалонных беларусаў цяпер вядомы


Дзесяць гадоў таму Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і германскае аб'яднанне "Саксонскія мемарыялы" падпісалі дагавор аб сумесным вывучэнні архіўных дакументаў часоў Другой сусветнай вайны. Такім чынам наша краіна далучылася да міжнароднага доследнага праекта па высвятленні лёсу ваеннапалонных і выяўленні месцаў іх пахаванняў.

— Яшчэ ў 1996 годзе ў Дрэздэне адбылася канферэнцыя з удзелам расійскіх прадстаўнікоў, якія займаліся ўстанаўленнем месцаў пахаванняў байцоў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Германіі, — кажа навуковы супрацоўнік дакументацыйнага цэнтра пры аб'яднанні "Саксонскія мемарыялы" (г. Дрэздэн, Германія) Аляксандр ХАРЫТОНАЎ. — У 1997-м Расія прыняла рашэнне аб увекавечанні загінулых не толькі ў баях, але і ў палоне. Пачаўся пошук дакументаў, якія дазволілі б высветліць лёс гэтых людзей. Практычная рэалізацыя германска-расійскага навукова-доследнага праекта "Савецкія і нямецкія ваеннапалонныя і інтэрнаваныя" пачалася ў 2000 годзе. З германскага боку ўдзельнічаў наш дакументацыйны цэнтр, з расійскага — міністэрствы абароны і ўнутраных спраў, Федэральная служба бяспекі Расійскай Федэрацыі. У 2002 годзе да праекта далучыўся КДБ Беларусі, у 2004-м — Служба бяспекі Украіны. Не так даўно прайшлі перамовы з Казахстанам і Узбекістанам. Наогул адпаведныя дакументы знаходзяцца на тэрыторыі краін усяго былога Саюза. У Германіі сёння застаецца недаследаванай інфармацыя яшчэ на 380 тысяч чалавек. Зразумела, што для завяршэння апрацоўкі ўсіх гэтых звестак спатрэбіцца не адзін год...

У межах сумеснай работы вялася апрацоўка інфармацыі, змешчанай у картках савецкіх ваеннапалонных, якія ў часы Вялікай Айчыннай захоўваліся ў Даведачнай службе вермахта (ВАСт). Пасля разгрому Германіі большасць картак у якасці трафеяў аказалася ў Савецкім Саюзе і атрымала назву "трафейных картак на савецкіх ваеннапалонных". Асноўны масіў быў перададзены на захаванне ў Падольскі архіў (сёння Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі), а таксама архівы органаў дзяржбяспекі. Пэўная частка дакументаў на савецкіх ваеннапалонных засталася на тэрыторыі Германіі.

Германскі, расійскі, беларускі і ўкраінскі бакі павінны апрацаваць у межах доследу некалькі мільёнаў картак у дачыненні да больш як мільёна савецкіх ваеннапалонных. Уся апрацаваная інфармацыя абагульняецца і размяшчаецца германскім аб'яднаннем у адзіную электронную базу. Па меры магчымасці абагульненая інфармацыя перадаецца кожнаму з бакоў.

Беларускія даследчыкі апрацавалі на сёння звыш 24 тысяч трафейных нямецкіх картак больш як на 14 тысяч савецкіх ваеннапалонных — ураджэнцаў Беларусі. У 2006 годзе адбылася першая сустрэча ўдзельнікаў праекта са сваякамі загінулых салдат — ураджэнцаў Магілёўшчыны. Далей такія сустрэчы прайшлі ў Мінску, Віцебску,
Гомелі, Брэсце і Гродне.

На бягучы момант працягваецца апрацоўка архіўных дакументаў, перададзеных у свой час з архіваў абласных упраўленняў органаў дзяржбяспекі. Даследаванне ажыццяўляецца ў дзяржаўных архівах Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, з якімі аб'яднанне "Саксонскія мемарыялы" заключыла асобныя пагадненні. Да 2014 года гэтая работа павінна быць завершана.

— Таму, хто працягвае пошук звестак пра лёс сваіх блізкіх і знайшоў іх сярод прозвішчаў, апублікаваных на сайтах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь — www.kgb.bу і Аб'ядання "Саксонскія мемарыялы" — www.dоkst.ru, неабходна звярнуцца на ўказаныя адрасы, — тлумачыць намеснік начальніка цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Артур СТРЭХ. — Мы прадаставім, па магчымасці, кароткія звесткі пра чалавека — калі і дзе трапіў у палон, загінуў ці прапаў без вестак, у якой краіне і горадзе варта працягваць пошук магілы. Трэба пры гэтым мець на ўвазе, што поўнага імя часам бывае недастаткова для таго, каб знайсці патрэбную інфармацыю. Не сакрэт, што дзеля ратавання сваіх блізкіх нехта мог указваць няправільныя звесткі пра сябе. Або імя і прозвішча маглі быць пазначаны з памылкамі. Тады працягваць пошукі бессэнсоўна...

Супрацоўнікі Цэнтральнага архіва КДБ і нямецкія даследчыкі апрацавалі за 10 гадоў звыш 25 тысяч картак на больш як 15 тысяч ваеннапалонных (на аднаго ваеннапалоннага часам заводзілі некалькі картак). З 2006-га па 2011 год на арганізаваных ва ўсіх абласных цэнтрах сустрэчах са сваякамі савецкіх ваеннапалонных ім былі перададзены копіі архіўных дакументаў на 665 салдат Чырвонай Арміі.
←Задержанных 14 мая "молодофронтовцев" судят в суде Центрального района Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика