Грошай за цялят жыхары Ганцавіцкага раёна чакалі некалькі месяцаў

Источник материала:  
14.05.2012 17:40 — Новости Общества

Грошай за цялят жыхары Ганцавіцкага раёна чакалі некалькі месяцаў


Некалькі вяскоўцаў з Ганцавіцкага раёна нядаўна апынуліся ў даволі складанай сітуацыі. Пасля продажу сваіх цялят закупшчыкам з СВК “Валішча” Пінскага раёна ім давялося чакаць сваіх грошай некалькі месяцаў.

Яшчэ два тыдні назад у рэдакцыю “СП” звярнулася жыхарка вёскі Люсіна, маці траіх дзяцей Ала Сяргееўна Рылка.

“У нас у вёсцы куплялі цялят закупшчыкі з Пінскага раёна, мы свайго бычка ім і аддалі, — расказала яна. — Тэрмінова былі патрэбны грошы, а наш мясцовы СВК бычкоў бярэ толькі ў абмен на зерне. Далі нам квітанцыю і разлічыцца абяцалі на працягу 12 дзён. Але прайшоў месяц, другі пачаўся… Тэлефануем у СВК “Валішча”, куды і прадалі жывёлу, а нас толькі абяцанкамі кормяць. Ды ў такім становішчы не толькі наша сям’я апынулася. Дапамажыце, а то ўжо нервы не вытрымліваюць…”.

Справа сур’ёзная: на вёсцы заробкі адносна невысокія, а тут яшчэ людзям за свае кроўныя трэба хвалявацца, начамі не спаць — калі аддадуць і ці аддадуць увогуле?

Варта адзначыць, што пасля званка рэдакцыі ў СВК “Валішча” на днях пінскія даўжнікі прывезлі грошы ў Люсіна. Як паведаміла Ала Сяргееўна, разлічыліся цалкам. Прычым аказалася, што не толькі з яе сям’ёй, але і з астатнімі. Безумоўна, добра, што так усё закончылася. Але гэтая сітуацыя павінна стаць урокам не толькі людзям, што пагналіся за абяцанкамі прышлых.

Найперш узнікла пытанне, чаму мясцовы СВК не змог зацікавіць людзей. Ён таксама ж закупляе тых цялят у насельніцтва. У размове старшыня СВК “Цельшына” Аляксандр Амельяновіч расказаў, што за грошы гаспадарка найперш набывае цялушак — для павелічэння пагалоўя дойнага статка і яго ўзнаўлення. “Гэта для нас стратэгічная задача, бо малако дае асноўны прыбытак, — заўважыў кіраўнік сельгаскааператыва. — А дарошчваннем бычкоў мэтанакіравана не займаемся. Самі здаём іх на спецыялізаваныя комплексы. І калі тыя на сённяшні дзень плацяць па 26 тысяч рублёў за 1 кілаграм жывой вагі, то, зразумела, не можам прапанаваць цану вышэй за гэтую. Ды і грашовых сродкаў асабліва няма. Таму за бычкоў прапануем зерне ў разліку 20 кілаграмаў на 1 кілаграм жывой вагі цяляці, плюс за здачу — 1 тона сена. Хачу толькі заўважыць, што даволі крыўдна становіцца, бо мы заўсёды ідзём насустрач вяскоўцам ва ўсім: ад апрацоўкі зямлі, набыцця кармоў да збору ўраджаю. А яны, пагнаўшыся за больш прывабнай прапановай, і не падумалі аб гэтым”.

Сэнс у гэтым ёсць. З аднаго боку, пінчукі за тых цялят трохі больш абяцалі, прычым наяўнымі, але прымусілі людзей моцна пахвалявацца. З другога — па многіх разнастайных гаспадарчых пытаннях вяскоўцы звяртаюцца ў мясцовы СВК. Хаця калі ўжо тэрмінова неабходны менавіта грошы, то ёсць жа і іншыя сельгаскааператывы нашага раёна.

Як расказаў старшыня СВК “Агарэвічы” Анатоль Канановіч, іх гаспадарка купляе ў насельніцтва цялят як за зерне, так і за грошы. За цялушку прапануюць 30 тысяч рублёў ці 24 кілаграмы зерня за кілаграм жывой вагі, за бычка — 25 тысяч рублёў ці 20 кілаграмаў зерня за кілаграм жывой вагі. “Кожны здатчык сам выбірае, што яму выгадней, — сказаў Анатоль Мікалаевіч. — Дарэчы, на зерне цана таксама расце, таму ў нас вельмі многія мяняюць цялят менавіта на яго. А калі патрэбны грошы, то, калі ласка, разлічваемся на працягу 10 дзён”. Тут вельмі важна яшчэ тое, што са сваімі, мясцовымі гаспадаркамі любыя пытанні заўсёды вырашаць прасцей.

А вось СВК “Дубнякі” ўвогуле паказаў прыклад таго, як трэба працаваць: не стаў чакаць, калі насельніцтва пачне прадаваць цялят, а мэтанакіравана працаваў у гэтым накірунку, купляючы жывёлу па ўсім раёне. “Самі нядаўна шукалі, ездзілі да людзей, і ніхто ў крыўдзе не застаўся, — адзначыў старшыня гэтай гаспадаркі Уладзімір Грыгаран. — За тых жа цялушак плацілі па 35 тысяч рублёў за кілаграм і разлічваліся на працягу 2 дзён. Зараз жа сітуацыя трохі памянялася, таму купляем толькі за зерне: цялушка — 25 кілаграмаў за кілаграм жывой вагі, бычок — 20 кілаграмаў зерня…”. Падумалася, калі б звярнуліся люсінцы ў свой час да У.В. Грыгарана, то і праблем не было б.

Спадзяёмся, што больш такіх сітуацый не ўзнікне. Безумоўна, усё вырашае цана пытання, і чалавек мае права прадаць сваю жыўнасць любому. Але спрабуючы выгадаць трохі больш грошай, можна аказацца і ўвогуле без іх. 
←Мингорисполком запретил проведение пикетов активистам ЛГБТ-сообщества

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика