57-гадовы інвалід-экстрэмал адважыўся на адзіночны спуск па Дняпры

Источник материала:  
09.05.2012 16:11 — Новости Общества

57-гадовы інвалід-экстрэмал адважыўся на адзіночны спуск па Дняпры


Пасля цяжкай траўмы дактары прарочылі яму інвалідны вазок. Але Юрый Лішаеў скарыў хваробу.

57-гадовы інвалід-экстрэмал адважыўся на адзіночны спуск па Дняпры

"Баця рускі, мама беларуска, а я ўкраінец"

Дактары па сённяшні дзень здзіўлена паціскаюць плячыма. Нездарма Юрыя Лішаева называюць жывой легендай. Пра яго здымаюць фільмы і складаюць балады.

Ён вырас у Сімферопалі, каля Пятроўскіх скал. У 13 гадоў упершыню пабачыў, як хлапчукі лазілі па скалах. Паспрабаваў сам і "закахаўся ў горы з першага позірку". Пачуццё было ўзаемным. Не прайшло і тыдня, як пацана запрасілі на чэмпіянат Каўказа, не хапала юніёраў. Там хлопец "здуру заняў першае месца".

Так усё і пачалося: чэмпіянаты Крыма, Украіны, усесаюзныя зборы…У 23 гады Юрый Лішаеў стаў самым маладым майстрам спорту СССР па скалалажанні. А яшчэ праз 5 гадоў ён парваў сваё майстарскае пасведчанне. "Я лажу не дзеля папераў", — казаў ён тады таварышам.

Юрый палюбіў адзіночнае ўзыходжанне ("сола"), якое ў савецкія часы лічылася хуліганствам. Лішаеў цытуе гуру скалалажання Хубера: "Вяршыняй майстэрства з'яўляюцца псіхі-адзіночкі. Але яны не могуць быць узорам для пераймання".

Узлёт і падзенне

Скалалажанне — не адзіны занятак Лішаева. Ён працаваў на тэлезаводзе, займаўся прамысловым альпінізмам. Засвоіў ювелірнае майстэрства, якое доўгі час прыносіла прыбытак. Юрый увесь час носіць талісман уласнай работы, на якім выгравіраваная мянушка "Фанцік".

Альпінізм, горныя лыжы, праз якія атрымаў першую траўму, віндсёрфінг — гэта не поўны пералік яго заняткаў. У 80-х пазнаёміўся з французскім парапланерам Івам Балю. Так пачалося захапленне палётамі, якое стала лёсавырашальным.

Напачатку 90-х Лішаеў актыўна здымаўся ў кіно. Так, у 1990 па запрашэнні "Каламбіі пікчэрз" лётаў на здымкі спартыўнага фільма ў ЗША. Прымаў удзел у знакамітым "Клубе падарожнікаў" Юрыя Сянкевіча.  

Падчас здымак чарговай серыі яго параплан пацярпеў крушэнне, і Юрый грымнуўся на скалы. Так у 37-гадовым узросце чалавек, які не ўяўляў жыцця без драйва, на два гады апынуўся прыкаваным да ложка з перспектывай ніколі не ўстаць.

"Я сцёр з памяці ўсё, што было да траўмы"

Юрый не любіць слова экстрым. Для яго альпінізм — гэта ўзыходжанне, у першую чаргу — над самім сабой. "Я заглядаў за межы сваіх магчымасцяў", — кажа ён.

Галоўнае сваё ўзыходжанне Лішаеў здзейсніў у бальніцы, калі насуперак дыягназу ўрачоў устаў на ногі. Юрый кажа, што дагэтуль не адчувае сваіх ступняў. Бачна, якіх высілкаў каштуе мужчыну нацягнуць абутак на непаслухмяныя канечнасці.

Зараз ён ходзіць на мыліцах. Барадаты і бяззубы дзядзька на жыццё не скардзіцца. Жартуе, просіць звяртацца на "ты". А блакітныя вочы мужчыны так і свецяцца, убачыўшы прыгожых жанчын. Паняцці "спорт" і "здаровы лад жыцця" для яго несумяшчальныя. Бессэнсоўна казаць Юрыю пра шкоду палення. Спіртное ўжывае ў меру.

На мыліцах давялося ўсё перайначыць, перавярнуць унутраны свет. "Не думаў пра тое, што раней усё давалася лёгка", — кажа альпініст. Ён вярнуўся да старога: горы, плаванне, палёты… Хто не бачыў Юрыя, з цяжкасцю ў гэта паверыць.

"Я ў шоку ад аршанцаў"

З Юрыем Лішаевым мы сустрэліся ў Оршы, куды ён прыехаў патрэніравацца перад спускам па Дняпры. 28 красавіка яго адвезлі з Оршы да месца, дзе пачынаецца рака. Адтуль спартсмен-інвалід стартануў на пластыкавым каяку ў вандроўку, даўжынёю больш за 2 тысячы кіламетраў. Гэта другая акцыя кампаніі "Каўчэг надзеі", мэта якой — прыцягнуць увагу грамадства да праблем інвалідаў.

Спартсмен, які так прагне жыцця, ідэалізуе тэму Вялікай Айчыннай вайны. Шмат гаворыць пра партызанаў, невядомых салдатаў, асуджае бандэраўцаў. Зрэшты, тэму палітыкі абыходзіць: "Давайце лепш пра жанчын!" — жартуе Лішаеў.

Юрый дзівіцца гасціннасці аршанцаў. Госця звазілі па ўсіх мясцовых музеях ды месцах "баявой славы", запрасілі ў журы конкурсу на лепшую песню пра Оршу.

Дома ў Сімферопалі Лішаеў бывае рэдка. У яго ёсць жонка (родам з Паставаў), дачка, зяць і ўнучка. Апошні раз з дачкой бачыўся паўгода таму. Калі ён праглядае фота родных па мабільніку, вочы Юрыя поўныя слёз.

Зараз спартсмен-інвалід жыве на пенсію ў 1100 грыўнаў (каля 100 долараў) і тым, што дадуць добрыя людзі. Напрыклад, пластыкавы каяк набылі добраахвотнікі з "Хонда-сям'я".

"Ніхто нас не крыўдзіць, апроч нас саміх", — любіць паўтараць Юрый. "Усё у вас атрымаецца, не перажывайце. Калі што, узгадайце старога інваліда". 
←В Минске массовые гуляния проходят во всех парках и скверах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика