Цудоўны Ноер
Фінал Лігі чэмпіёнаў застаўся без іспанскіх грандаў. У матчы за галоўны еўракубак (гэты паядынак адбудзецца 19 мая ў Мюнхене) лонданскі "Чэлсі" паспрачаецца з нямецкай "Баварыяй".
Фенаменальная "Барселона" спынілася. Другі раз за тыдзень каталонцы пацярпелі фіяска. Спачатку ў чэмпіянаце Іспаніі саступілі адвечнаму суперніку — "Рэалу", а ў адказным паўфінальным паядынку Лігі чэмпіёнаў не здолелі перайграць "Чэлсі" Рабэрта Ды Матэа — 2:2. Цікава, але гульня амаль увесь час была пад кантролем "гранатавых", што ўсё роўна дазволіла гасцям двойчы перайграць Віктора Вальдэса. Нагадаем, што ў Англіі вікторыю святкаваў "Чэлсі" — 1:0.
— Мы пацярпелі няўдачу, — адзначыў пасля гульні трэнер каталонцаў Хасэп Гвардыёла. — Безумоўна, ёсць рэчы, якія зараз я б выправіў, але ў фінал мы не выйшлі. Мы згубілі шмат галявых момантаў і сёння, і на "Стэмфард Брыдж" (стадыён "Чэлсі" — Аўт.) Як я магу папракнуць футбалістаў, калі яны стварылі столькі магчымасцяў за 180 хвілін? Проста гэта не наш год.
71 тысяча гледачоў у Мадрыдзе назірала за тым, як мясцовы "Рэал" спрабаваў прайсці "Баварыю", рэабілітавацца перад заўзятарамі за гасцявое паражэнне 1:2. У прынцыпе, падобнага яны дасягнулі, аднак з-за роўнасці паказчыкаў вызначаць лепшага камандам прыйшлося ў серыі пенальці. І тут бліскуча сябе праявіў галкіпер мюнхенцаў Мануэль Ноер, які адбіў некалькі ўдараў іспанцаў, што разам з недакладным стрэлам Рамаса дазволіла хлопцам Юпа Хайнкеса трапіць у фінал.
— Мы ўсе шмат працавалі, каб дасягнуць гэтай перамогі. У абодвух матчах наша каманда была, прынамсі, на адным узроўні з "Рэалам" і заслужыла выхад у фінал, — сказаў пасля гульні Мануэль Ноер.
"Нафтан" і "Мінск" пазмагаюцца за Кубак БеларусіВызначыліся фіналісты розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. У Гродне "Нёман" саступіў "Мінску" — 0:2. Галы на свой рахунак запісалі Леанід Ковель і Сяргей Ражок. А вось "Гомелю", які заваяваў трафей у мінулым годзе, прыйдзецца з ім развітацца. У Наваполацку падапечныя Алега Кубарава саступілі "Нафтану". Асноўны час гульні завяршыўся безгалявой нічыёй, а больш дакладнымі ў серыі пенальці аказаліся гаспадары — 3:1.
Тарас ШЧЫРЫ