На гары Гедымiна ў Вільні сякуць дрэвы

Источник материала:  
25.04.2012 12:03 — Новости Общества

На гары Гедымiна ў Вільні сякуць дрэвы


У наступным годзе лiтоўцы i пэўная частка беларусаў адсвяткуюць 690-годдзе Вiльнi. Да гэтага часу гара Гедымiна, на якой захавалiся рэшткi старажытнага замка – былой рэзiдэнцыi валадароў ВКЛ i аднаго з сiмвалаў горада, паўстане ў новым аблiччы. "Хутчэй, уcё ж у старажытным аблiччы, – удакладняюць супрацоўнiкi Нацыянальнага музея Лiтвы, – у часы Сярэднявечча анiякiх дрэў на схiле Замкавай гары не было, бо гэта ўскладнiла б абарону крэпасцi i, наадварот, аблегчыла б задачу тым, хто яе штурмаваў".

Дрэў i сапраўды нябачна нi на гравюрах Верхняга замка, выкананых Хагенбергам (1545 г.) i Наруновiчам-Наронскiм (1655 г.), нi на малюнках Смуглевiча (1785 г.). Толькi на выявах сярэдзiны ХIХ стагоддзя ў падножжы Замкавай гары пакрыху пачалi з’яўляцца дрэўцы. Дарэчы, было вырашана, што i сёння лесарубы не стануць кранаць дрэвы ў нiжняй частцы гары, там, дзе iх карэнне знаходзiцца прыкладна на адным узроўнi з зямлёй.

"Абрыс гары Гедымiна будзе больш акрэсленым, – кажуць вiленскiя ўлады. – Толькi не падумайце, што мы робiм гэта з задавальненнем. Большасць гары была пакрыта клёнамi, чыя жоўта-чырвоная восеньская лiстота прыцягвала позiркi вiленчукоў i гасцей горада. Але многiя дрэвы былi старымi i хворымi, мелi полыя ствалы, а таксама каранi, што выйшлi на паверхню. Гэта, натуральна, стварала небяспеку, бо моцныя вятры часам вырывалi дрэвы разам з грунтам".

На гары Гедымiна ў Вільні сякуць дрэвы

Высечка дрэў такiм чынам дазволiць умацаваць дзярновы слой, прадухiлiўшы эрозiю паверхнi схiлу гары, якой апошнiм часам занепакоены эколагi. А з пункту гледжання гiсторыкаў, сёлетняя "стрыжка" палегчыць правядзенне на замчышчы шэрагу археалагiчных раскопак. Мiж iншым, па легендзе, на Гедымiнавай гары ў Вiльнi быў пахаваны Кастусь Каліноўскі. Кажуць, царскiя ўлады зрабілі гэта ўпотай, каб магіла змагара за свабоду не стала месцам паломніцтва паслядоўнікаў ягоных ідэй.

Трэба адзначыць, што высяканню дрэў папярэднiчала даволi працяглае грамадскае абмеркаванне з удзелам навукоўцаў, краязнаўцаў, прадстаўнiкоў Мiнiстэрства аховы навакольнага асяроддзя. Гэта магло б служыць прыкладам нам, беларусам, бо калi ў нас узнiкаюць падобныя сiтуацыi, то вырашаюцца яны часцей за ўсё без усялякiх парад з грамадствам. Так што Вiльня – гэты еўрапейскi "анклаў" Беларусi – зноўку служыць нам узорам цывiлiзаванасцi.  
←Мэр Полоцка: Полоцк и Новополоцк станут одной мощной административно-территориальной единицей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика