Гульня ў класіку
Караткевіч, Шэкспір, Булгакаў і Thе Tіgеr Lіlіеs прыедуць у Мінск на 5 дзён
З 15 па 20 мая, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, пройдзе VІІ Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Арганізатары, як могуць, стараюцца ладзіць гэты фэст кожныя два гады, як і было задумана першапачаткова, бо галоўная каштоўнасць усіх фестываляў — рэгулярнасць. Адкладзеш на потым — пра фестываль забудуцца. А наш лялечны фестываль, дарэчы, лічыцца вельмі прэстыжным у свеце. Сёлета ў сталіцу Беларусі завітаюць 13 калектываў з 7 краін свету. Можна будзе пабачыць, чым жывуць не толькі замежныя лялечныя тэатры, але і беларускія. У праграме заяўлена 7 айчынных калектываў: Гомельскі тэатр прывязе "Сабачае сэрца" паводле Булгакава, Віцебскі — "Прынцэса і свінапас" Г.Х. Андэрсена, Магілёўскі — "Дзікае паляванне караля Стаха". "Кароль Лір" прыедзе з Брэста, "Пікавая дама" — з Гродна. Мінскі тэатр пакажа "Вянчанне" В. Гамбровіча ў пастаноўцы Аляксея Ляляўскага. І аб традыцыі чароўных дзіцячых казак у нас не забыліся: Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка" прывязе з Маладзечна "Чароўную дудку" Віталя Вольскага.
Сапраўды галоўнымі тэндэнцыямі сёлетняга фестывалю відавочна стануць (хаця гучаць як узаемавыключальныя) традыцыйнасць і эксцэнтрычнасць. А галоўная канцэпцыя наогул — сама прастата.
— Зразумела, мы маглі б запрасіць самыя топавыя тэатры свету, каб публіка прыйшла і ўразілася яшчэ да таго, як нешта на сцэне пачнецца, — тлумачыць Аляксей Ляляўскі, мастацкі кіраўнік VІІ Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. — Але сёлета нам захацелася паказаць рэальнае жыццё рэальных выдатных тэатраў. Спектаклі, якія яны прывязуць сюды, яны ж самі і выбіралі. На іх думку, гэта іх найлепшыя рэпертуарныя спектаклі. Такім чынам, мы пакажам зрэз самых касавых і адначасова вельмі незвычайных спектакляў. Ёсць ідэя ўпершыню наладзіць абмеркаванне дзіцячых спектакляў з самімі гледачамі-дзеткамі. Магчыма, будуць і фестывальныя клубы па вечарах, дзе можна будзе паразмаўляць пра пабачаны спектакль і пазнаёміцца з яго стваральнікамі.
Найбольш цікавымі з замежнай праграмы павінны быць спектаклі "Коннік СUРRUM" санкт-пецярбургскага тэатра "Лялечны фармат", які атрымаў "Залатую маску" за гэтую пастаноўку, і "Дамы клоўнаў" афінскага тэатра лялек "Мэрлін". Наконт апошняга: адметна, што гэты прыватны (як і большасць у свеце) тэатр не толькі ставіць спектаклі і гастралюе з імі, але і вырабляе маскі і рэквізіты на заказ. Акурат гэты грэчаскі тэатр стварае маскі для вядомага цьмяна-феерычнага англійскага музычнага гурта Thе Tіgеr Lіlіеs. Які, дарэчы, гастраляваў у Беларусі пару гадоў таму. Вось так мастацтва і становіцца сінкрэтычным і палімерным. Прадказваю, што ў зале будзе шмат экстрааадынарнай моладзі з палохаючым драпежным макіяжам, у капелюшах-кацялках і портках на падцяжках. Цікава будзе глядзець не толькі на сцэну.
Бюджэт фестывалю складае прыблізна Br460 млн. З іх Br180 млн вылучыў Мінгарвыканкам, а Br100 млн — Міністэрства культуры. Так што аргкамітэт фестывалю застаецца толькі шчыра і гучна пахваліць: якія ж вы малайцы, што захоўваеце фэст, нягледзячы ні на што, і трымаеце высокую планку!
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.