Першыя легальныя могілкі для хатніх жывёл: дорага і па-чалавечы

Источник материала:  
17.04.2012 08:33 — Новости Общества

Першыя легальныя могілкі для хатніх жывёл: дорага, але па-чалавечы


Першыя легальныя могілкі для хатніх жывёл: дорага і па-чалавечы
За мяжой чатырохногіх сяброў у апошні шлях праводзяць з шыкам. Цела коціка ці сабачкі дастаўляюць на спецыялізаваныя могілкі пад жалобную музыку, не шкадуюць грошы ні на труну з чырвонага дрэва ці хрусталю, ні на надмагільныя скульптуры, ні на мармуровыя помнікі. Хоць Беларусь і знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, але ж у нас пахавальны сэрвіс для хатніх жывёл пакуль не настолькі развіты. Ды і не памылюся, калі скажу, што не ўсе беларусы разумеюць, навошта патрэбны такія паслугі, лічачы гэта дзівацтвамі багатых. Тым не менш, і ў нашай краіне ёсць людзі, якія хацелі б па-чалавечы развітацца са сваімі "мурзікамі" ды "тузікамі".

"Я гатова заплаціць за тое, каб мой любімец быў пахаваны цывілізавана"

Год таму рыжы пушысцік маёй сяброўкі выскачыў на дарогу і трапіў пад машыну. Спачатку думалі закапаць любімца ў суседнім парку пад дрэвам. Але знаёмыя параілі пахаваць коціка на нелегальных могілках, якіх у Мінску дастаткова. Самыя вядомыя і маштабныя знаходзяцца ў мікрараёне Уручча.

Сярод калматых елак, што растуць уздоўж дарогі, — некалькі дзясяткаў мініяцюрных магілак кошак, сабак, папугайчыкаў і нават пародзістых трусоў. На адным пагорку нават крыж паставілі. На астатніх — усё больш кветкі, фотаздымкі гадаванцаў, пластмасавыя і металічныя місачкі, любімыя цацкі, шыльдачкі з цёплымі словамі памяці: "Спі спакойна, мой самы верны сябра", "Мы заўсёды будзем цябе памятаць"... Што здзівіла, над асобнымі магілкамі ўзвышаюцца самыя сапраўдныя гранітныя пліты з выявай любімца і гадамі яго жыцця, эпітафіяй. Не кожнаму чалавеку ставяць такі дабротны помнік...

Там сярод мініяцюрных пагоркаў я сустрэла Таццяну, якая пасля працы выгульвала свайго чорнага пудзеля. Разгаварыліся. Жанчына выказала сваё адмоўнае стаўленне да такіх вось стыхійных могілак. "Самі бачыце, не ўсе магілкі дагледжаныя, відаць, што толькі асобныя гаспадары рэгулярна сюды наведваюцца. А тут жа праезная частка побач, дзеці ходзяць. Лепш бы адкрылі афіцыйныя могілкі для братоў нашых меншых. Дык, можа, быў бы парадак. Магчыма, нехта назаве гэта дзівацтвам, але, шчыра кажучы, я гатова заплаціць за тое, каб мой любімец быў пахаваны цывілізавана. Думаю, я такая не адна".

...З'яўленнем падобных нелегальных могілак хатніх жывёл усур'ёз заклапочаны і санітарныя службы. Маўляў, яшчэ невядома, ад чаго памёр закапаны ў зямлю коцік ці сабачка. Паводле слоў спецыялістаў, некаторыя хваробы могуць быць небяспечныя як для жывых сабак, якія могуць разрыць магілку, так і для чалавека. Таму не дзіўна, што за такое пахаванне беларускім заканадаўствам для парушальнікаў прадугледжаны немаленькі штраф (у правілах утрымання жывёл ёсць пункт, які забараняе хаваць і выкідваць памерлых жывёл. — Н.Д.). Праўда, сумняваюся, што хтосьці з тых гаспадароў яго плаціў. Як кажуць, не злоўлены не злодзей...

"Разумею гаспадароў, якія не хочуць, каб іх гадаванца спалілі ў агульнай яме"

Незаконным могілкам, як праінструктавалі мяне ў сталічным прытулку для сабак і кошак "Фаўна горада", сёння ёсць толькі адна законная альтэрнатыва.

Так, грамадзянін, калі ў яго памёр сабака, кошка ці папугайчык, па правілах павінен прынесці цела на Гурскага, 42. Там жа безнадзейна хворага гадаванца за асобную плату могуць і гуманна ўсыпіць. Пасля чаго пакладуць у пакет і ўтылізуюць у спецыяльнай біяметрычнай яме, што знаходзіцца пад Мінскам у вёсцы Дзегцяроўка.

Кошт паслугі залежыць ад вагі жывёліны. Да прыкладу, пахаванне ў перапоўненай яме 10-ці кілаграмовага сабакі абыдзецца ў 70 тысяч рублёў, разам з усыпленнем — у 177 тысяч. Зразумела, пра тое, каб наведаць магілку ката ці сабакі, і гаворкі няма.

— Я выдатна разумею тых гаспадароў, якія не хочуць, каб яго любімца разам з іншымі трупамі жывёл скінулі ў яму, палілі хімікатамі для дэзынфекцыі і спалілі, — кажа намеснік дырэктара сталічнага прадпрыемства па часовым утрыманні жывёл "Фаўна горада" Тамара Царыкоўская. — Бо для многіх людзей кот ці сабака, якія пражылі з імі не адзін год, — сапраўдны член сям'і, з якім пасля смерці хочацца развітацца па-чалавечы. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.

Праблема з'яўлення могілак для хатніх жывёл узнікла ў краіне даўно. І асабліва востра яна стаіць для Мінска, дзе кошкі, сабакі ці папугаі жывуць у дзясятках тысяч кватэр.

— Таму мы ўжо не першы год выбіваем зямлю, каб даць магчымасць мінчанам пахаваць жывёл на платнай аснове цывілізавана, — кажа Тамара Царыкоўская. — Неаднаразова звярталіся ў Мінгарвыканкам, Мінрайвыканкам. У адказ пачулі, што няма падыходзячага месца. Нашы аднадумцы з Цэнтра рытуальных паслуг для хатніх жывёл пайшлі іншым шляхам, і ім пашанцавала больш...

Каля 500 тысяч рублёў — за пахаванне па-чалавечы

Знайсці зямлю пад могілкі для жывёл, паводле слоў аднаго з заснавальнікаў цэнтра рытуальных паслуг для хатніх жывёл "Біяэкалогія" Віталя Пташынскага, было сапраўды не так проста.

— Калі зразумелі, што ў Мінску і Мінскім раёне нам у бліжэйшы час нічога не свеціць, пачалі штудзіраваць іншыя раёны, — кажа Віталь Пташынскі. — Складана было знайсці чыноўніка, які б паставіўся да праблемы з разуменнем. Давялося пачуць шмат адмоўных адказаў. Паразумення дасягнулі толькі з адміністрацыяй Смалявіцкага раёна. Менавіта на тэрыторыі гэтага раёна з мая гэтага года і пачнуць працаваць першыя ў Беларусі афіцыйныя могілкі для хатніх жывёл.

— Што яны будуць сабой уяўляць?

— Гэта будзе засаджаны газонам і агароджаны ўчастак зямлі з вартоўняй. На ім будуць пракладзены сцяжынкі і ўзведзена калумбарная сцяна. Могілкі будуць разлічаны на 8 тысяч магіл і 10 тысяч ячэек у калумбарыі.

Што тычыцца цэн, то адправіць у апошні шлях свайго любімца абыдзецца ў капеечку. Так, за выклік агента цэнтра рытуальных паслуг дадому і дастаўку жывёліны давядзецца заплаціць 45 тыс. рублёў (каб зэканоміць, можна даставіць і самому. — Н.Д.), за крэмацыю — 425 тыс., пахаванне ў магіле — 425 тыс. рублёў. Скрыня для пахавання будзе каштаваць ад 30 да 60 тыс. рублёў. За дадатковую плату можна будзе замовіць нават помнік.

— А на які тэрмін разлічана пахаванне?


— Кожнае пахаванне будзе разлічана на тры гады. У тым выпадку, калі гаспадар жывёліны пажадае захаваць месца на могілках пасля заканчэння гэтага тэрміну, ён павінен будзе даплаціць кошт пахавання.

— Цэны немаленькія...

— Але яны ў 2-3 разы ніжэй, чым, напрыклад, у Расіі. Больш за тое, даплачваць за захаванне месца расіяне вымушаны штогод.

Пры вызначэнні кошту паслуг улічвалася патрэба забяспечваць належны догляд за магіламі і выплачваць зарплату персаналу. У штат могілак увойдзе дзевяць чалавек: вартаўнікі, агенты цэнтра рытуальных паслуг і рабочыя, якія будуць праводзіць крэмацыю і хаваць жывёл.

— Да слова, ужо зараз многія мінчане замаўляюць у нашым цэнтры індывідуальную крэмацыю, — адзначыў Віталь Пташынскі. — Скрыню з прахам любімца мы вяртаем гаспадарам, яны таксама могуць пакінуць яе ў нас да адкрыцця калумбарыя.

Атрымліваецца, што паслугі афіцыйных могілак будуць па кішэні не кожнаму, але ў заможных мінчан цывілізаваны "пагост", перакананы бізнэсмены, будзе карыстацца попытам. А вось ці вырашыць ён праблему несанкцыянаваных могілак жывёл — вялікае пытанне...

А вы ведалі, што...

Першыя ў свеце могілкі для хатніх жывёл адкрыліся ў амерыканскім горадзе Хартсдэйл, у штаце Нью-Ёрк. Усё пачалося з таго, што мясцовы ветэрынар прапанаваў свайму сябру, у якога памёр сабака, невялікі ўчастак зямлі ў сваім яблыневым садзе, каб пахаваць жывёліну. Зараз там больш за 70 тысяч магіл.

Крыху пазней, у 1899 годзе, могілкі для сабак адкрыліся ў Парыжы — яны сталі першымі ў Еўропе. Тады ў французскай сталіцы выйшаў закон, які забараняў выкідваць трупы хатніх жывёл на памыйніцу. У заходніх краінах пахаванне хатніх жывёл даўно ператварылася ў прыбытковы бізнэс. Гаспадары могуць замовіць па сваім гадаванцы аркестр і шыкоўны помнік, наняць плакальшчыкаў — адным словам, арганізаваць такую развітальную цырымонію, якой могуць пазайздросціць і людзі.

Цікава, што задоўга да з'яўлення еўрапейскіх могілак для жывёл у Расіі ўжо існавалі адзіныя ў свеце могілкі для коней. У 1826 годзе Мікалай І выдаў указ аб стварэнні своеасаблівага "дома састарэлых" для заслужаных коней. Пенсійную стайню арганізавалі ў Царскім Сяле. Першым тут пахавалі вернага каня Аляксандра І па мянушцы L'Аmі (Сябар). Пасля колькасць пахаванняў павялічылася да 122.

У Старажытным Егіпце, калі ў хаце памірала кошка, уся сям'я ў знак жалобы збрывала бровы. Хавалі ж чатырохногіх гадаванцаў з ушанаваннямі, як людзей. Так, пры раскопках у храме багіні радасці Бастэт было знойдзена некалькі тысяч каціных мумій, побач з якімі ляжалі забальзамаваныя мышы — каб у замагільным жыцці любімцы не ведалі ні ў чым патрэбы.

У Амерыцы пры жаданні можна з попелу любімага сабакі зрабіць штучны брыльянт і ўставіць у пярсцёнак.

Наогул у ЗША існуе культ хатніх жывёл пры жыцці і пасля смерці. Так, да прыкладу, у Вашынгтоне некаторыя святары праводзяць месы для жывёл, а на святочных службах у дзень заступніка ўсіх жывёл святога Францыска Асізскага можна ўбачыць сабак, кошак, трусоў, чарапах і нават вярблюдаў. У гэты дзень гаспадары жывёл моляцца за здароўе чатырохногіх любімцаў. 
←Дайджесты. Анонсы. Даты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика