Пра што распавядаюць велікодныя яйкі?

Источник материала:  

Не толькі ў шкарлупіне, але і з дрэва, фарфору, шкла, каменю, пап'е-машэ...

350 велікодных яек, самае старажытнае з якіх выраблена ў ХVІІІ стагоддзі, прадстаўлены на выставе ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Яны паходзяць з калекцыі ігуменні Гродзенскага манастыра ў гонар Нараджэння Багародзіцы матушкі Гаўрыілы і музейных фондаў.

Адкуль бярэ пачатак традыцыя фарбаваць яйкі на Вялікдзень, прычым не толькі звычайныя, але і вырабленыя з самых розных матэрыялаў? Пра гэта чытачам "Звязды" расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Аліна ХАМКО.

...І зрабілася яйка чырвоным!

Традыцыя фарбаваць яйкі на Вялікдзень прыйшла з вельмі далёкіх часоў. Паводле старажытнага падання, першай гэта зрабіла вучаніца Ісуса Хрыста Марыя Магдаліна. Да імператара Тыберыя, да якога нельга было звярнуцца без падарунка, яна прыйшла з чырвоным яйкам (адно паданне гаворыць, што з курыным, другое — з качыным) і паднесла яго са словамі "Хрыстос уваскрос!".

Пра што распавядаюць велікодныя яйкі?

Цяпер больш распаўсюджана іншая легенда: яйка ў руках Марыі Магдаліны спачатку было белае. Тыберый выслухаў яе аповед пра ўваскрэсенне Хрыста і сказаў: "Гэта немагчыма. Як немагчыма паверыць у тое, што белае яйка, якое ты трымаеш, зробіцца чырвоным". І пасля гэтых слоў яно зрабілася чырвоным!

З тых часоў хрысціяне і фарбуюць яйкі. Першым пісьмовым сведчаннем гэтага (Х ст.) з'яўляецца рукапіс на пергаменце з манастыра Святой Настассі каля Салонікаў, дзе гаворыцца, што падчас велікодных святаў трэба асвячаць яйкі, якія павінны быць чырвонымі, і сыр. Манахі павінны былі есці гэтыя яйкі, а таго, хто гэтага не рабіў, маглі пакараць.

Падвеска для дзяўчынак і... каробка для цукерак

Па велікодных яйках можна вывучаць іканаграфію, зазначае Аліна Хамко. І сапраўды, на іх выявы і Ісуса Хрыста, і Дзевы Марыі, ці, як на самым старажытным яйку выставы (ХVІІІ ст.), Іаана Багаслова, апякункі беларускіх земляў Жыровіцкай Маці Божай... Велікодныя яйкі таксама прысвечаны значным датам (напрыклад, з крыжом Еўфрасінні Полацкай — тысячагоддзю праваслаўнай царквы на нашых землях), храмам і манастырам (Свята-Духавы кафедральны сабор у Мінску, касцёл бернардынцаў і Гродзенскі манастыр у гонар Нараджэння Багародзіцы), гістарычным помнікам (Мірскі замак). У калекцыі ігуменні Гаўрыілы ёсць таксама яйкі з манаграмай патрыярха Алексія Другога і з выявай Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Да вырабу велікодных яек у Расіі спачатку падыходзілі выключна па строгіх правілах, канонах. Яйка ўпрыгожвалася сюжэтам з выявай святога і, да таго ж, было падвесным, з адтулінамі ўверсе і ўнізе па вертыкалі. Уверсе рабілася пятля, унізе — бант, і гэта яйка падвешвалася на покуці.

А вось заходнееўрапейскія традыцыі (на выставе прадстаўлена калекцыя велікодных яек, вырабленых у Заходняй Еўропе ў ХІХ ст.) нейкіх канонаў не патрабавалі. Таму сёння бачым і вазачку са свецкай тэматыкай, і шкатулачку.

Ды і на нашых землях мода і розныя віды мастацтваў аказвалі ўплыў на выраб велікодных яек. Напрыклад, вельмі папулярнымі ў ХІХ стагоддзі сталі яйкі з раслінным арнаментам. Сёння яны для нас — прадметы гістарычнай спадчыны, а тады называліся звычайнымі, бо, мусіць, былі па кішэні не толькі заможным людзям.

Што ж датычыцца памераў велікодных яек, дык тут поле для фантазій заўсёды было вельмі шырокім. Звычайныя формы яйка захоўваюцца, вядома ж, пры выкарыстанні натуральнай шкарлупіны. Гэта ўласціва традыцыйным беларускім пісанкам, калі яйка фарбуецца карой дуба ці шалупіннем цыбулі з арнаментам белага колеру, які ўтвараецца воскам. Альбо, як казалі на нашых землях, драпанкам, калі на пафарбаваным яйку ўтвараецца малюнак іголкай ці іншым прадметам.

Ёсць і зусім маленькія яйкі. Напрыклад, падвеска з іх утваралася ў сем'ях, дзе нараджалася дзяўчынка. Кожны год ёй на Вялікдзень дарылі такое яйка, і з часам збіралася цэлая калекцыя.

І тут жа, на выставе — "гігант", большы нават за страусінае яйка. Аказваецца, стылізаваным пад велікоднае яйка можа быць... каробка для цукерак. Цікавы гістарычны вопыт, якім, магчыма, варта скарыстацца і сучасным вытворцам кандытарскіх вырабаў.

Выстава паказвае вялікую калекцыю драўляных велікодных яек, вырабленых у Расіі і Беларусі. Прадстаўлены таксама яйкі з гжэлі, фарфору, шкла, пап'е-машэ, металу і нават каменныя яйкі, прывезеныя з паўвострава Сінай, з гары Запавету. Можна ўбачыць і старажытную тэхніку ўпрыгажэння бісерам, саломкай, з традыцыйным беларускім арнаментам, а таксама ўжо страчаную тэхніку фірмы Фабержэ — пакрыццё вырабаў гільяшэ-эмалямі. А побач — сучасныя лазерныя тэхналогіі, калі ўнутры шклянога яйка змешчана выява храма.

Акрамя таго, упершыню ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі дэманструецца вялікая калекцыя велікодных яек-свечак. Свечцы, агню надаецца вялікае значэнне падчас гэтых святаў. Паводле заходняй традыцыі, служба ў храме пачынаецца з таго, што запальваецца пасхал — вялікая свечка. А згодна з усходняй традыцыяй, перад пачаткам велікоднай службы людзі чакаюць агню з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме.

Дарэчы, і на велікодных яйках з Англіі, і на вырабленых у Беларусі ў першай палове мінулага стагоддзя падстаўках пад яйка "дзейнай асобай" з'яўляецца заяц — здаўна самая папулярная жывёла падчас гэтага свята. І сёння, калі бацькі вяртаюцца з гасцей і штосьці прыносяць дзіцяці, то кажуць: "Гэта табе зайчык перадаў".

"Бачу!"

Аліна Хамко звяртае ўвагу на адзін з экспанатаў выставы (велікоднае яйка з выявай св. Іаана Кранштацкага, які быў святаром у Санкт-Пецярбургу ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.):

— Гэты святар быў праездам у Гродне, ахвяраваў грошы на Уладзіміраўскую царкву. Але гэта яшчэ не ўсё. У нашым горадзе жыла Ніна Іванаўна Казлоўская. Яе бацька ў маладосці пайшоў у манастыр, ды не вытрымаў, вярнуўся да свецкага жыцця. Ажаніўся, дзеці нарадзіліся — дачка і сын, але яны былі калекамі: Ніна з дзяцінства зусім не бачыла, яе брат нічога не чуў. У іх доме давалі начлег багамольцам, і вось аднойчы там спыніліся на начлег манашкі з Санкт-Пецярбурга. Убачылі яны гора гэтай сям'і і параілі бацькам напісаць ліст Іаану Кранштацкаму, якога ведалі. Што і было зроблена. А далей... Праз нейкі час дзяўчынка сказала маці, што бачыць яе. А ў хлопчыка з'явіўся слых. Потым ён вучыўся ў Варшаве ў кансерваторыі, вельмі прыгожа спяваў басам. Цяжка паверыць? Але гэты аповед Ніны Іванаўны Казлоўскай запісалі ва Уладзіміраўскай царкве, а цяпер ён ёсць і ў нашым музеі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

←Украина, Беларусь и Россия согласовали проблемные вопросы обустройства границы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика