За тых, хто засланіў сабой...

Источник материала:  

Памятаць!

Я хацеў бы быць абсалютна шчырым і сказаць, што за мінулы год ўсё тое цалкам забылася... Я не хацеў бы быць няшчырым і сказаць, што тое мне ніколі не прыгадваецца... На жаль, і першае, і другое — няпраўда. Не забылася і прыгадваецца. Міжволі... Нават у нейкіх светлых, радасных, сонечных для мяне і маіх блізкіх сітуацыях яно неяк раптоўна ўсплывае ў памяці... І зусім не абавязкова, калі еду ў метро... Я нікому ні пра што ніколі не гавару. Хоць бачыў сапраўды не так многа, а ў тое, што бачыў ці памятаю, паверыць дагэтуль да канца не магу...

Не я адзін пракручваў не тое што той дзень, але дні "да" і "пасля". Каб зразумець — чаму? Напэўна, як і большасць, не знаходзіў у іх, тых днях, нічога асаблівага — звычайныя справы, будзённыя клопаты. Хіба толькі ў жончынай даўняй сяброўкі ў той панядзелак быў дзень народзінаў, але, паколькі прыпадаў на будны дзень, пра сумеснае святкаванне ў Заслаўі не ішло нават гаворкі. З жонкай, якая паўторна захварэла і якую літаральна сілком прымусіў застацца дома, рыхтаваліся павіншаваць Таццяну ўвечары па тэлефоне... Пакуль я позна ўвечары дабраўся дадому, яны паспелі разам паплакаць у слухаўкі: і па мне, і па пляменніцы Таццяне, якая таксама ехала ў тым поездзе і потым дапамагала аказваць першую дапамогу параненым... Зараз я лічу 11 красавіка сваім другім днём народзінаў. Зрэшты, што значыць лічу... Па сутнасці, яно так і ёсць, толькі дагэтуль не магу зразумець уласнага ж стаўлення да гэтага — другога па ліку — дня ў жыцці...

У дзяцінстве я быў, напэўна, адным з нямногіх — юных — чытачоў пасялковай бібліятэкі, хто перачытаў ці не ўсю серыю партызанскіх успамінаў, якая ў ёй захавалася ў выглядзе патрапаных кніжак. Была такая: пачала выдавацца ў 1960-х гадах... Купляў сам кніжкі пра вайну. І часта думаў: а што адчуваў чалавек, які прайшоў гэтыя выбухі, смерць побач?.. Калі салдат, партызан заставаўся пасля выбуху побач жывым? Сапраўды, гэта праўда, такія думкі мяне цікавілі. Так сталася, што я вельмі ўскосна, але адчуў, што гэта такое на самай справе...

Я не магу асабіста і даслоўна пераказаць, які жах, які боль выпаў на долю тых, хто быў у эпіцэнтры выбуху, побач з ім... Мне, ужо гаварыў раней, пашчасціла. Як і многім іншым. Напэўна, не я адзін з ацалелых потым спрабаваў знайсці гэтаму тлумачэнне. І не знаходзіў нічога, акрамя як... Значыць, на гэтым свеце ў мяне яшчэ засталіся незавершаныя справы. У сітуацыі абсалютна нелагічнай і нечаканай для нас бяды такія словы падаваліся адзіна лагічнымі... Даруйце...І дзякуй Богу. Што не паспеў выйсці з суседняга вагона, што да бомбы, як потым падлічыла жонка, было 15 яе невялікіх крокаў (яна заўсёды скардзіцца, што ў мяне крок шырокі)...

Я не вельмі веру ў містыку, гэта супадзенне. Але свой матэрыял пра выбух праз некалькі дзён тады я назваў: "15 крокаў паміж мінулым і будучым..." На месцы загінулі 11 чалавек. Калі потым у бальніцах пачалі паміраць пацярпелыя, ад таго загалоўка мне адразу зрабілася млосна: 15 крокаў, 15 ахвяр... Крок — ахвяра... Колькіх людзей, акрамя мяне, засланілі сваімі целамі загінулыя... Яны завяршылі свой зямны шлях, даўшы, па сутнасці, жыццё іншым...

За тых, хто засланіў сабой...Тут многа шматкроп'я, згодны... І яно застанецца.

Прынамсі, гавару пра сябе асабіста. Чаму?.. Я не хачу нават згадваць тых, хто учыніў тое. Калі ішла справа аб працэсе, не мог слухаць ніводнага слова ўжывую — успрымаў інфармацыю толькі праз інтэрнэт і газеты, праз друкаванае слова. Не таго лёсу я асабіста, як чалавек, які быў там у момант бяды, жадаў бы ім...

...Мне падавалася, што са мной усё ў норме было адразу. Трэсла толькі неяк прыцішана... Праз тры дні зразумеў, што наступіла пэўная палёгка. Праз тыдзень — што адпусціла. Потым чытаў словы псіхолагаў: для чалавека, які не пацярпеў, гэта нармальны тэрмін — тыдзень. Колькі спатрэбіцца часу на рэабілітацыю — фізічную і душэўную — тым, хто атрымаў раненні, будуць ведаць найперш толькі самі пацярпелыя. Для кагосьці яна так і не стане магчымай да канца... Ці спакойны я зараз? Калі толькі пачуў, што трэба рыхтаваць матэрыял да гадавіны, зразумеў, што — не... Хоць у падсвядомасці гэтае разуменне было і дагэтуль. Напэўна, так і павінна быць. Так павінна быць з усімі намі... Не стаць абыякавымі і памятаць... Каб ніколі не паўтарылася...

Што асабіста для мяне было першым адчуваннем жыцця? Не судзіце строга, не магу ўсяго расказаць, а пра што магу... Калі мы з жонкай праз нейкі час пасля выбуху дома пачалі па завядзёнцы "раскідваць" грошы з зарплаты на розныя патрэбы, па звычцы назваўшы чарговую суму "на жыццё" (г.зн. на будзённыя расходы), я паўтарыў гэтыя простыя словы ўслых з асаблівым для сябе сэнсам: на жыццё!.. За жыццё — каб памятаць...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Украина, Беларусь и Россия согласовали проблемные вопросы обустройства границы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика