У Арыны Вячоркі інсульт, яна ў коме
Інсульт здарыўся з Арынай у Вільні, дзе яна перасаджвалася з Мінска на самалёт у Барселону. Там яе мелі сустрэць дачка Радаслава і ўнук Даніла. Перад самым адлётам ёй стала дрэнна. Цяпер яна ў рэанімацыі шпіталю Ладзінай, паведамляе nn.by.
— Стан пацыенткі крытычна цяжкі. На дадзены момант яна забяспечаная ўсім неабходным.
Ёй прадстаўленая дапамога высокакваліфікаваных спецыялістаў. Гэта шпіталь, які спецыялізуецца на такіх паталогіях. Яна не грамадзянка Літвы, але ўся неабходная медычная дапамога ёй прадастаўленая — на падставе агульных прынцыпаў гуманнасці, паводле ўсіх патрабаванняў першай дапамогі.
Арына Вячорка — ветэран адраджэнскага руху, заснавальніца рыцарскага клуба ў Беларусі і музычны прад’юсар. 14 красавіка ёй будзе 51 год.
У Арыны трое дзяцей. Дактары паінфармавалі іх пра стан маці. Старэйшыя — дачка Радаслава і сын Франак — вылятаюць у Вільню. Малодшая дачка, 14-гадовая Ружана, візы не мае. 22 сакавіка яе з бацькам, палітыкам Вінцуком Вячоркам, знялі з цягніка, які ехаў у Варшаву. Вінцуку Вячорку паведамілі, што ён невыязны.