Георгій Кандрацьеў: "Адну гульню можна выйграць у любой каманды"

Источник материала:  

Лічаныя месяцы застаюцца да таго часу, калі мы ўсе будзем перажываць за нашу футбольную зборную на Алімпійскіх гульнях у Лондане і марыць пра паўтор яе фантастычнага поспеху мінулага лета, калі падапечныя Георгія Кандрацьева ўвайшлі ў тройку лепшых камандаў Еўропы. Нядаўна галоўны трэнер алімпійскай зборнай абнародаваў спіс з 56 гульцоў і членаў трэнерска-адміністрацыйнага штаба для ўдзелу ў Гульнях-2012. Як вядома, згодна з рэгламентам, футбалісты павінны быць не старэй за 23 гады, праўда, кожная каманда мае права ўзмацніцца трыма абсалютна любымі гульцамі. Георгій Кандрацьеў абяцаў, што гэта будуць футбалісты, якія заваёўвалі бронзавыя медалі на Еўра-2011 у Даніі і маюць непасрэднае дачыненне да пуцёўкі ў Лондан. І ўключыў у спіс Паўла Няхайчыка, Ягора Філіпенку, Алега Верацілу, Стаса Драгуна і Міхаіла Сівакова. З гэтай пяцёркі і будзе выбрана трыа, якое паедзе з камандай на Алімпіяду. Мы папрасілі Георгія Пятровіча пракаментаваць спіс, а таксама расказаць, як каманда рыхтуецца да алімпійскага турніру.

Георгій Кандрацьеў: "Адну гульню можна  выйграць у любой каманды"— Георгій Пятровіч, на Алімпіядзе галоўнае не перамога, а ўдзел?

— Ні ў якім разе. Мы паедзем змагацца ў кожным матчы. Але трэба, каб пашчасціла з падгрупай. Калі трапіцца Бразілія ці Мексіка, шанцаў у нас будзе няшмат.

— На чэмпіянаце Еўропы ў Даніі, тым не менш, мы да 89-й хвіліны вялі ў матчы з Іспаніяй, якая потым і стала пераможцай, і маглі выйграць!

— Я і кажу, што шанцаў будзе няшмат, але яны ёсць заўсёды. Адну гульню можна выйграць у любой каманды. "Барселона" ў "Асасуны" дома выйграе 8:0, а на выездзе — саступае. Так што шанцы ёсць заўсёды. Але каб выйсці з падгрупы, лепш, каб нам трапілася Акеанія, Афрыка ці Азія, чым Паўднёвая і Паўночная Амерыка. Так што шмат будзе ад лёсавання залежаць.

— Наколькі прэстыжны ў футбольным свеце алімпійскі футбольны турнір? Існуе верагоднасць, што наша падмацаванне ў выглядзе Сівакова і Няхайчыка клубы проста не адпусцяць...

— Я ведаю, што Месі не адпускалі з "Барселоны". А ён самавольна з'ехаў. У Месі была мэта стаць алімпійскім чэмпіёнам. І калі ён вярнуўся з залатым медалём, яго ніхто ў клубе не пакараў. Але гэта Месі. Вядома, гэта не чэмпіянат Еўропы, не чэмпіянат свету. Але дай Бог удала выступіць, і тытул алімпійскага прызёра застаецца на ўсё жыццё. Мяркую, што тая ж Англія будзе дома ставіць задачу выйграць, бо даўно англічане нічога не заваёўвалі. У 1966-м годзе ў іх на Алімпіядзе апошні поспех быў. Для мяне асабіста гэты турнір не менш важны, чым чэмпіянат свету. Бо, магчыма, на чэмпіянат свету мы ніколі і не трапім.

— Як будзе рыхтавацца наша каманда?

— У маі мы едзем на турнір у Францыю, у Тулон. Гуляем там тры гульні ў вельмі моцнай падгрупе — з Мексікай, Францыяй і Егіптам. Калі выйдзем у паўфінал — яшчэ дзве гульні. Але калі не выйдзем, я не засмучуся. Галоўнае зараз — вызначыцца з 18 гульцамі, якія паедуць у Лондан. Гэта будзе апошняя рэпетыцыя. За два тыдні да Алімпіяды паляцім у Лондан, там будзем рыхтавацца, згуляем з якім-небудзь больш простым супернікам, а таксама, магчыма, з англічанамі — зараз вядзём з імі перамовы.

— Чаму спіс атрымаўся такім вялікім? У ім аж 43 футбалісты, а ў Лондан паедзе толькі 18.

— Гэта папярэдні пашыраны спіс. Калі ў яго кагосьці не ўнесці, потым не дазаявіш. Ад траўмаў жа ніхто не застрахаваны. У камандзе з'явіцца шмат новых людзей, з якімі я мала працаваў. Шкада, што не трапляюць футбалісты 1988 года нараджэння. Гэта адзін з ураджайных на футбалістаў гадоў. У нас асновай будзе 1989 год. Абаронцаў няма, цэнтральных паўабаронцаў — ніводнага! У вышэйшай лізе ніводзін цэнтральны паўабаронца 1989 г.н. не гуляе ў асноўным складзе. Наперадзе ёсць Скавыш, Зубовіч, Варанкоў, Юрчанка, а ў цэнтральнай зоне — нікога.

— Вам, Георгій Пятровіч, не ў першы раз выходзіць са складаных кадравых сітуацый.

— Так, перад чэмпіянатам Еўропы сітуацыя была катастрафічная: чатыры крайніх паўабаронцы выпалі — Няхайчык, Гардзяйчук, Юрчанка траўмаваныя, Рэкіш паўгода не гуляў... Ды і пачынаўся чэмпіянат Еўропы для нас дрэнна. Паехалі перад Даніяй на зборы ў Германію. А наша форма толькі да Брэста даехала — не прапусцілі на мяжы. Мы трэніраваліся ў старой, усё жартавалі з гэтага. У Германіі ў аэрапорце, калі пераляталі ў Гановер, з-за паведамлення аб замініраванні спазніліся на рэйс. Усё пайшло наперакос. Прыехалі ў Данію 8 чэрвеня, у першы дзень у нас былі запланаваны трэніроўка і саўна. Нам сказалі: вы рана прыехалі, едзьце ў іншую гасцініцу, там вам замоўлена саўна. Прыязджаем у названы гатэль, а там адключылі электрычнасць, саўна вырубілася. Так у нас сарвалася і першая трэніроўка, і саўна, і басейн. А я наадварот казаў: калі ўсё дрэнна пачынаецца, абавязкова добра скончыцца. Па-іншаму нельга было. Калі б мы раскіслі, хлопцы б гэта адчулі...

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Могилевчане называют "необходимую", по мнению специалистов, обрезку деревьев "варварством"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика