ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
Урад Германіі ўзгадніў новыя іміграцыйныя правілы, якія спрашчаюць пераезд у краіну высокакваліфікаваных спецыялістаў. Калі раней для таго, каб атрымаць доўгатэрміновы від на жыхарства, неабходны быў гадавы даход у 66 тысяч еўра, то цяпер гэтая планка будзе паніжана да 44,8 тысячы еўра.
Францыя адкрые стратэгічныя запасы нафтыФранцыя гатова адкрыць свае стратэгічныя запасы нафты для зніжэння кошту на сусветным рынку. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Эрык Бесон. Ён адзначыў, што Францыя пойдзе на гэта па просьбе ЗША. Па словах Бесона, перш чым адкрыць запасы, Францыя хацела б даведацца меркаванне Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Раней заяўлялася, што ўрад краіны толькі разглядае адкрыццё рэзерваў як "адзін з варыянтаў" дзеянняў. У кастрычніку 2011 года Францыя трымала ў стратэгічных рэзервах 17000000 тон нафты і нафтапрадуктаў.
Казахскіх фермераў абклалі падаткам на гнойАдпаведнае палажэнне, як перадае "31 тэлеканал", з'явілася ў новым экалагічным кодэксе рэспублікі (змены і дапаўненні да яго ўступілі ў сілу ў пачатку года). Як адзначаецца ў паведамленні, у дакуменце прадукты жыццядзейнасці авечак, кароў, коз і коней значацца ў пераліку небяспечных для навакольнага асяроддзя рэчываў. Па новых правілах жыхары рэспублікі павінны будуць упісаць усю сваю жывёлу ў экалагічныя пашпарты сялянскіх гаспадарак, а таксама аплаціць працу прыватных эколагаў, праекціроўшчыкаў, якія зоймуцца пералікам жывёл і ацэняць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю прадуктамі жыццядзейнасці скаціны. У дэпартаменце экалогіі тэлеканалу растлумачылі, што гадавая стаўка за тону гною складзе менш за 1,6 тысячы тэнге (крыху больш за 10 долараў).
Латвія павысіць пенсійны ўзрост да 65 гадоўУрад Латвіі зацвердзіў папраўкі да закона аб дзяржаўных пенсіях, якія прадугледжваюць паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту з 2014 года. Як паведамляюць інфармагенцтвы, у 2014 і 2015 гадах пенсійны ўзрост павысяць на тры месяцы, а з 2016 года яго будуць павышаць штогод на 6 месяцаў.
Такім чынам, да 2020 года пенсійны ўзрост павысяць да 65 гадоў. Зараз узрост выхаду на пенсію складае 62 гады.
З агульным павышэннем пенсійнага ўзросту павялічыцца і ўзрост выхаду на пенсію для шматдзетных бацькоў (у каго пяць ці больш дзяцей), для бацькоў дзяцей-інвалідаў, ліквідатараў чарнобыльскай аварыі, а таксама для палітычна рэпрэсаваных. Акрамя таго, у 2014 годзе будзе зменены і мінімальны страхавы стаж з 10 да 15 гадоў, а ў 2020-м ён ўзрасце да 20 гадоў.
Зараз папраўкі павінен зацвердзіць парламент.
Коратка
Гарадскі пасёлак Астравец Гродзенскай вобласці аднесены да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 27 сакавіка 2012 года № 268, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Беларусь з 1 красавіка павышае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў № 273 ад 27 сакавіка 2012 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада. Экспартная пошліна вырасце з $411,2 да $460,7 за 1 т.
У межах спецыяльных комплексных мерапрыемстваў "Нелегал", якія праводзіліся з 21 па 23 сакавіка, супрацоўнікі міліцыі праверылі законнасць прыцягвання і выкарыстання замежнай рабочай сілы суб'ектамі гаспадарання розных формаў уласнасці. Па выяўленых парушэннях да адміністратыўнай адказнасці прыцягнута 38 службовых асоб. Як паведамляюць у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС, было выяўлена звыш 800 парушэнняў міграцыйнага заканадаўства. З краіны выдварана ў адміністратыўным парадку 113 чалавек, з іх 45 — пад канвоем. У дачыненні да 17 замежнікаў за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь заведзены крымінальныя справы.