22 сакавіка 1943 года: дзень трагедыі Хатыні
22.03.2012 10:40
—
Новости Общества
22 сакавіка 1943 года: дзень трагедыі Хатыні
Фота Анатоля Клешчука
"Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць Вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала!" — гэта словы сімвалічнага наказу мёртвых да жывых.
...Хатынцаў сагналі ў калгасны хлеў. Абклалі хлеў саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Тых, хто вырываўся з полымя, бязлітасна расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.
149 жыхароў вёскі, прыняўшы пакутніцкую смерць, згарэлі зажыва. 75 з іх — дзеці...
Уратаваліся ўсяго некалькі чалавек. 13-гадовы Валодзя Яскевіч, яго малодшая сястра Соня і 12-гадовы Саша Жалабковіч змаглі схавацца, калі карнікі зганялі людзей у хлеў; 7-гадовы Віця Жалабковіч і 12-гадовы Антон Бараноўскі вырваліся з палаючага хлява жывымі. Цудам выжыў і дарослы сведка гэтай трагедыі — вясковы каваль Іосіф Камінскі. Між трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго смяротна параненага сына. Хлопчык памёр на руках у бацькі. Гэты эпізод лёг у аснову скульптуры "Няскораны чалавек".
Аб хатынскай трагедыі стала вядома адразу. У красавіку 1943-га была публікацыя ў плешчаніцкай падпольнай газеце "Ленинец" пад загалоўкам "Запомни! Отомсти!".
Хатынь — помнік нацыянальнай трагедыі беларускага народа, што сведчыць аб мэтанакіраванай нацысцкай палітыцы генацыду ў дачыненні да насельніцтва Беларусі.
У Хатынскім мемарыяльным комплексе ўвекавечана 186 вёсак, якія былі знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны; 433 вёскі, якія спасцігнуў лёс Хатыні і якія аднавіліся. 325 вёсак, якія былі знішчаны з часткаю насельніцтва, пазначаны агеньчыкамі на своеасаблівай Сцяне Памяці фотадакументальнай экспазіцыі.
На адзіных у свеце Могілках вёсак захоўваецца зямля з вёсак Беларусі, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Побач узвышаюцца сімвалічныя Дрэвы жыцця са спісам адроджаных вёсак, знішчаных разам з жыхарамі і адноўленых пасля вайны. Мемарыял уключае Сцяну памяці вязняў фашысцкіх канцлагераў, на мемарыяльных плітах якой назвы 66 найбольш буйных лагераў і месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі.
Сёння ў Хатыні адбудзецца жалобны мітынг памяці пакутна загінулых хатынцаў.
На наступным тыдні ў "Хатыні" адкрыецца выстаўка заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь, аднаго з аўтараў мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Леаніда Левіна.