Швабрай па радыяцыі, або Рэпартаж з псіханеўралагічнага дома-інтэрната

Источник материала:  
17.03.2012 09:22 — Новости Общества

Швабрай па радыяцыі, або Рэпартаж з псіханеўралагічнага дома-інтэрната

  • Надзея ДРЫЛА, фота аўтара, Звязда

Сівая не па гадах жанчына прывяла на прыём да псіхіятра сваю ўжо дарослую дачку. Магчыма б, і не звярнула на іх увагі, калі б апошняя не ўдарыла мяне па руцэ. Не паспела я апомніцца ад шоку, як дзяўчына пачала агрэсіўна крычаць, махаць рукамі, але ўжо на сваю маці. Тая ж, здаецца, не зважала на спачувальныя погляды наведнікаў паліклінікі, цярпліва супакойвала дачку: "Леначка, мілая, давай знімем куртачку".

...Так супала, што неўзабаве пасля гэтага ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад недзеяздольнай пенсіянеркі з Глыбоцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната закрытага тыпу. Ларыса Васільеўна скардзілася на непрымальныя ўмовы пражывання, на "хулігана-санітара", які зламаў ёй руку... Так я апынулася ў вёсцы Петрунова, што ў некалькіх кіламетрах ад Глыбокага, дзе і нарадзіўся гэты рэпартаж.
 
"Трымала сына дома, пакуль ён не паспрабаваў адрэзаць сабе галаву"
За агароджай — пяціпавярховы будынак на тры корпусы. Дагэтуль там жылі інваліды і састарэлыя. Але ў сувязі з тым, што колькасць псіхічнахворых у краіне павялічваецца, тры гады таму інтэрнату надалі іншы статус. У сценах, якія не бачылі капітальнага рамонту ажно з 81-га года, знайшлі прыстанак 250 чалавек. Ва ўсіх розныя лёсы і дыягназы, але ўсіх радніць адно — кожны з іх міжволі ўяўляе небяспеку для грамадства ці для сябе. І яшчэ: практычна ўсе яны мараць вярнуцца дадому, у сям'ю. Забіраюць жа вельмі нямногіх. Дакладней, за тры гады толькі двух.
 
Перад уваходам у жаночае аддзяленне, з якога пачалося маё знаёмства з установай, уразіў прасторны малебны пакой з мноствам прыгожых ікон. Пакуль азіралася, шыракаплечы мужчына ў белым халаце па просьбе майго праважатага, намесніка дырэктара Валерыя Дударонка, запрасіў нас на сваю тэрыторыю (увайсці, як і выйсці, з аддзялення можна толькі з дапамогай санітара, у якога знаходзіцца ключ ад дзвярэй. — Н.Д.). Абстаноўка там, што хаваць, "казённая" — старавата, беднавата, але чысценька. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта адсутнасць дзвярэй у пакоях. Як мне патлумачылі, іх спецыяльна паздымалі, каб насельнікі былі пастаянна навідавоку. Затым погляд зачапіўся за "зонаўскі" антураж — драўляныя белыя краты на вокнах.
Швабрай па радыяцыі, або Рэпартаж з псіханеўралагічнага дома-інтэрната
— Гэта каб падчас чарговага прыступу не павывальваліся, — тлумачыць урач-псіхіятр з амаль 40-гадовым стажам Таццяна Залеская. — Таксама, як бачыце, запламбавалі ўсе разеткі, каб, не дай Бог, нічога з сабой не зрабілі.
 
— А што, былі спробы скончыць жыццё самагубствам?

— Бог мілаваў. Праўда, не так даўно паступіў да нас малады хлопец з шызафрэніяй. Жыў у Полацку з маці, пакуль аднойчы не паспрабаваў адрэзаць сабе галаву. Маці не адмовілася ад сына, шкадуе, праведвае, тэлефануе, хоць ён часам і адмаўляецца з ёй размаўляць. Але дадому пасля перажытага забіраць баіцца.
 
Краем вока лаўлю цікаўны погляд жанчыны, якая пазірае з-пад коўдры, і праходжу далей па доўгім калідоры. Побач з пакойчыкам медсястры сядзяць у куртках і хустках чатыры жанчыны. Вітаюся, але яны на мяне не рэагуюць. "Пойдзеце зараз прыбіраць прагулачны дворык?" — спрабую завязаць размову. Самая маладая з іх рэзка падхопліваецца і са словамі "Нікому на х.. не патрэбна гэта работа" адыходзіць убок, пры гэтым працягвае нешта мармытаць сабе пад нос.
 
— Дзіна з тых, хто не хоча працаваць, — каментуе эмацыйнасць дзяўчыны Таццяна Залеская. — Але ўсё роўна спрабуем выводзіць яе на працу, угаворваем...
 
— Працатэрапія — важны складнік рэабілітацыі псіхічнахворых, — перакананы намеснік дырэктара. — Сядзенне без справы ў чатырох сценах і нармальнага чалавека прывядзе да дэградацыі. А тым больш калі жывуць на ўсім гатовым. Стараемся іх арганізаваць, захапіць якой-небудзь справай. У нас жа свой прысядзібны ўчастак, ферма са свіннямі і каровамі, цяпліца, дзе ў меру сваіх сіл працуюць працаздольныя падапечныя.
 
Санітар Сяргей Даніловіч працягвае экскурсію па сваім паверсе. Яшчэ два яго калегі ў белых халатах, як паставыя, стаяць у розных канцах калідора і назіраюць. Тузаю за ручку ваннага пакоя, які працуе строга па раскладзе, але дзверы зачыненыя. Сяргей раіць: "Лепш туды не заходзьце". Але, калі настойваю, дастае ключ. Відовішча, сапраўды, не з прывабных: абшарпаныя сцены, пахне сырасцю...
 
— Тут пра эстэтыку, самі бачыце, казаць не выпадае, — перарывае мае думкі Валерый Дударонак. — Мы гэта цудоўна разумеем, і разам з падапечнымі чакаем сканчэння рамонту. На днях гэтае крыло пераселім у адрамантаваную палову. Да канца ж жніўня плануем адрамантаваць усе тры корпусы.
 
Паводле слоў супрацоўнікаў інтэрната, капітальны рамонт будынка сталі рабіць у лютым мінулага года. Для гэтага давялося падставіць ложкі і перавесці жыхароў з аднаго крыла паверха ў другое. Цесна, вядома, нязручна. Але гэтыя нязручнасці часовыя.
 
"Сярод псіхічнахворых нямала людзей з вышэйшай адукацыяй"
Па дарозе ў новае, адрамантаванае крыло ўрач-псіхіятр распавядае пра сваіх падапечных. Сярод іх, як аказалася, вельмі шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, у тым ліку і ўрачы...
 
— Два гады таму да нас з сасудзістай дэменцыяй (прыдуркаватасць. — Н. Д.) паступіў мой калега — урач-псіхіятр, — ён усё жыццё прапрацаваў у Віцебскай псіхбальніцы. Неўзабаве з тым жа самым захворваннем прывезлі яго сына, дарэчы, таксама ўрача — тэрапеўта.
 
Калі мы прыйшлі на месца, то я, шчыра прызнацца, не паверыла сваім вачам. Адрамантаванае крыло як неба і зямля адрозніваецца ад таго, што я бачыла дагэтуль. Падабраныя з густам да свежапафарбаваных сцен фіранкі, скураныя светлыя канапы, мілыя карцінкі на сценах, прасторныя светлыя пакоі з санвузлом. І, што самае галоўнае, няма кратаў, якія нагадваюць турму, бо шыбы (як на дзвярах, так і на вокнах) браніраваныя.
 
У мужчынскім аддзяленні, якое нічым не адрозніваецца ад жаночага, мне запомніўся каларытны персанаж — дзядуля са швабрай у руках.
 
— Гэта ён у нас такім чынам ад радыяцыі выратоўваецца, — тлумачыць з усмешкай Таццяна Залеская. — Радыяцыя ў яго паўсюль. І мы да гэтага ўжо прызвычаіліся.
 
— З іншага боку, гэта таксама своеасаблівая працатэрапія, — дадае Валерый Дударонак.
 
— Гэта яшчэ кветачкі, — працягвае ўрач-псіхіятр. — Падчас абвастрэння нашы падапечныя могуць і накрычаць на нас, і матам аблаяць. Ды што там, і па лбе можам атрымаць. Але што б яны на нас ні гаварылі, як бы ні абзываліся, ніколі на іх не крыўдзімся. Ведаем, што гэта хворыя людзі. Я ўсё жыццё прапрацавала з такімі пацыентамі. Раней у паліклініцы. Цяпер сюды прыйшла. За столькі гадоў навучылася знаходзіць з імі агульную мову.
 
"Санітар, які зламаў Чысцяковай руку, у нас больш не працуе"
Пра ліст, які рэдакцыя нашай газеты атрымала ад жыхаркі гэтага інтэрната, я наўмысна сказала не адразу. Чакала падыходзячага моманту. Ён прыйшоў, калі Таццяна Васільеўна дастала з кішэні халата два незаклееныя канверты і пачала распавядаць пра лісты, якія пішуць жыхары інтэрната сваім родным.
 
— Усе лісты праходзяць кантроль. Мы і чытаем, і, калі ўсё нармальна, адпраўляем. Бо, бывае, чалавек у перыяд абвастрэння панапісвае такога, што за галаву хапаешся. Навошта хваляваць сваякоў?!
 
Як так атрымалася, што ліст, які напісала нам Чысцякова, прайшоў міма супрацоўнікаў інтэрната, ніхто мне не змог патлумачыць.
 
— Ваша падапечная піша, што санітар Васіль Вітальевіч зламаў ёй руку. Гэта праўда?
 
— У 2010 годзе да нас з Віцебскай псіхбальніцы паступілі дзве сястры з дыягназам шызафрэнія. Яны займелі моду пераносіць са сталовай у кішэнях ежу ў аддзяленне. Да таго даходзіць, што прынясуць катлету — і пад матрац, пакуль не зацвіце. Мы забараняем гэта рабіць. Аднойчы санітар стаў адбіраць у Ларысы Васільеўны тыя катлеты, схапіў яе за руку. Можа, сілы больш прыклаў, я не ведаю. Жанчына ж пажылая, стала выварочвацца, упала і зламала плечавую косць.
 
— Мы не пакінулі без увагі гэты інцыдэнт, — дадае Валерый Дударонак. — За свае дзеянні санітар паплаціўся. Суд за нанесеную па неасцярожнасці траўму прысудзіў яму штраф. З таго часу ён у нас не працуе.
 
Пацярпелая ж, якую прывялі па маёй просьбе, сцвярджае, што "азвярэлы" Васіль Вітальевіч наўмысна зацягнуў яе ў ізалятар і што ёсць сілы біў па левай руцэ.
 
— Відаць, яму нехта падказаў разбіць мне правую руку, а ён у спешцы паваліў мяне на правы бок і біў па левай. Калі б пашкодзіў правую руку, то я б не змагла пісаць, а так і ў гіпсе магу.
 
Цяжка сказаць, як было ўсё насамрэч.

Я ж у той момант там не была. Чула толькі два меркаванні і бачыла рашэнне суда. Кажуць, што большасць санітараў псіхічнахворых не лічаць за людзей. Але каб зламаць руку... Не хочацца верыць у гэта. Але факт ёсць факт. Радуе адно: гэты чалавек там больш не працуе.
 
Дарэчы, Васіль Вітальевіч — не адзін санітар, які быў звольнены з гэтага псіханеўралагічнага інтэрната.
 
— Звольнілі некалькі санітараў з-за п'янкі, — кажа Валерый Дударонак. — Але сёння, дзякуй Богу, нас усе санітары задавальняюць. Патрэбы памяняць некага няма. Пасля той непрыемнай сітуацыі з пераломам да падбору кадраў ставімся вельмі строга.

Просяцца ж, калі шчыра, усе без разбору. Гэта ў вялікім горадзе шмат працоўных месцаў. А ў нас дзе тут працаваць?
 
"Маладых шкада, у іх жа ўсё жыццё наперадзе"
Правялі і паказалі мне ферму, пральню, прысядзібны ўчастак, лазню, куды падапечных водзяць раз на тыдзень. Пасля зазірнулі ў творчую майстэрню, дзе Святлана Навойчык якраз праводзіла заняткі.
 
— Алена і Наташа зараз вяжуць шапкі, — пачынае мяне знаёміць з рукадзельніцамі кіраўнік гуртка. — Воля і Люда сартуюць ракушкі па колерах. Юля займаецца саломкай. А вось гэта, яшчэ адна Наталля, вышывае сурвэтку для мачахі.
 
— Я яе называю цёцяй, — па-дзіцячы ўсміхаецца дзяўчына. — Яна добра да мяне ставіцца. Мама ж даўно памерла. Яна прыгожа вышывала, але мяне навучыць не паспела. У мяне незайздросны лёс, згвалтавалі ў юнацтве. Маё дзіця ў доме-інтэрнаце, я яго так ні разу і не бачыла... Бацька прывёз мяне сюды пасля таго, як я падчас прыступу завалілася на газавую пліту. Яна была ўключаная... Абяцае, калі мне стане лепш, забраць адсюль...
 
Маю ўвагу прыцягнула маладая жанчына, якая сядзела, падпёршы шчокі рукамі, без настрою. Аказваецца, ёй не даюць пабачыцца з каханым, вось яна і надзьмулася.
 
— Кавалер мой, Валодзя, зараз на ферме дапамагае, — ахвотна дзеліцца сваімі перажываннямі Наталля. — Ён кажа: навошта мне тая ферма? Я лепш буду хадзіць з табой на гурток! Я кажу: добра, скажы дырэктару. А яго не пускаюць, маўляў, ферма спыняецца...
 
Каханне не прапісана ў палажэнні аб псіханеўралагічных інтэрнатах. Але і тут яно разгараецца па ўсіх законах пачуццёвага жанру. З рэўнасцю, сустрэчамі, шчасцем і перажываннямі. І тут спрацоўваюць інстынкты. Прычым без тармазоў. І папярэдзіць наступствы — для супрацоўнікаў інтэрната клопат не меншы.
 
Пакуль я ладзіла з дазволу дзяўчат фотасесію, Наташа адклала вышыўку ўбок, дастала нейкі сшытак і пачала чытаць уголас свае вершы.
 
"Сколько лет, сколько зим
Ты был вместе со мной.
Я любила тот день,
Проведённый с тобой.
Ты был для меня
Просто ангел в ночи.
Коля, не забывай
Свою Натали!"
 
Затым эстафету пераняла 30-гадовая Юлія.
 
"Придёт пора.
Взойдёт Звезда.
Наступит вечер и тогда
Увидят все её красу,
Большие карие глаза...
А тонкий ум и остроту —
Поймут не сразу.
Зачем им знать и понимать,
Что на душе её простой
Стаившись жалкою тоской
Лежит печаль и грусть".
 
У чарговы раз перачытваю гэтыя вершы, і ў думках усплываюць словы медсястры Раісы Казлоўскай.
 
— Вельмі шмат да нас паступае маладых дзяўчат і хлопцаў. Самай малодшай, Ганне, усяго 19. А нядаўна прывезлі 33-гадовую жанчыну. Яна была вельмі паспяховая, скончыла ўніверсітэт замежных моў, выйшла замуж за амерыканца, у Амерыцы нарадзіла дзіця і... захварэла. Бацькі забралі яе адтуль дадому, у Браслаў, але не змаглі з ёй справіцца, прывезлі сюды. Так шкада маладых, у іх жа ўсё жыццё наперадзе.
 
На развітанне я папрасіла ўрача-псіхіятра параіць што-небудзь людзям, у сям'ю якіх прыйшло такое гора.
 
— Старайцеся больш увагі ўдзяляць псіхічнахворым, быць да іх цярпімымі, — кажа Таццяна Залеская. — Калі ж такая сітуацыя, што немагчыма дома трымаць, наймайце сядзелку альбо накіроўвайце ў дом-інтэрнат. Гэта лепш, чым яны будуць ствараць пагрозу навакольным. Тут у нас усе атрымліваюць адпаведнае лячэнне. Але адмаўляцца назаўсёды, выкрэсліваць з жыцця такіх людзей нельга.
 
Згодна, гэта не па-людску, не па-боску. Тым больш дзе гарантыя, што і мы не будзем на іх месцы? Памятаеце, як у Пушкіна: "Не дай мне Бог сойти с ума"...
 
←Количество взрывоопасного металлолома на БМЗ растет в геометрической прогрессии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика