Паляванне на памылкі пачалі вучні гомельскай гімназіі № 51

Источник материала:  

"Пайшла аднойчы літара "у" ў краму, купіла сабе абаранак. Адкусіла палавінку, а больш есці не захацела. Так атрымалася "Ў" (у нескладовае). Менавіта так уяўляе гісторыю з'яўлення ўнікальнай літары беларускага алфавіта чацвёртакласнік гомельскай гімназіі № 51 Вячаслаў Ермакоў.

Хлопчык, як і іншыя школьнікі малодшых класаў гэтай установы адукацыі, прыняў удзел у праекце "Згодна з правілам новым пішам у нескладовае". Між іншым, менавіта дзеці падказалі выкладчыкам тэму, якая будзе прадстаўлена на гарадскім фестывалі творчых праектаў. Дарэчы, у мінулыя гады вучні гімназіі № 51 ужо станавіліся пераможцамі: з праектамі пра залежнасць ад мабільнага тэлефона, пра шкоду фаст-фуду і пра стварэнне дзіцячай пляцоўкі. Апошняя прапанова, прынамсі, была адразу рэалізавана ў адным з двароў.

Паляванне на памылкі пачалі вучні гомельскай гімназіі № 51Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Конанава гаворыць, што дзеці ў іх творчыя і ўважлівыя: на шыльдах розных устаноў Гомеля заўважылі дастаткова памылак, звязаных з напісаннем "Ў".

— Атрымліваецца, правіла па падручніку яны ведаюць, а ў жыцці сустракаюцца з іншымі прыкладамі. Дзеці прыходзяць з пытаннямі да настаўніка. Вось і прыйшлося ўсім разам праводзіць "работу над памылкамі".

Дарэчы, пачалі са сваёй роднай рускамоўнай гімназіі, шыльду якой таксама пэўны час "упрыгожвала" проста "у" замест патрэбнага "ў". Грошы на новую шыльду сабралі за паўтары гадзіны. На перапынках маленькія грамацеі ператварыліся ў гандляроў і хуценька распрадалі булачкі і печыва ў форме "Ў", якія спяклі іх бабулі. Прыбытак ад правядзення смачнай акцыі (172 тысячы беларускіх рублёў) дзеці перадалі дырэктару гімназіі Аляксандру Пахучаму. А ў арганізацыі, якія "праславіліся" памылкамі на шыльдах, гімназісты накіравалі звароты з просьбай вярнуць "Ў" характэрны для яго "капялюшык". Калегі з рэдакцыі гомельскага штотыднёвіка "Савецкі раён" дапамаглі чацвёртакласнікам аформіць афіцыйныя запыты. Атрымаць адмоўныя адказы са спасылкай на фінансавыя цяжкасці гімназісты не баяцца. Кажуць, што кожны калектыў, які паважае сябе, знойдзе сродкі выправіць памылку на шыльдзе.

А яшчэ вучні здзейснілі віртуальнае вандраванне па Беларусі. Даведаліся, напрыклад, што ў Полацку ўстаноўлены помнік літары "Ў", у сталіцы нашай краіны ёсць галерэя "Ў". Пра ўнікальнасць беларускай літары дзеці напісалі з паўсотні вершаў і гісторый. Лепшыя ўвайшлі ў творчую справаздачу гімназістаў. Сярод іх ёсць і такі шэдэўр ад юнай Ганны Шчарбаковай: "У нескладовае — літара бядовая. Хто яе не ведае, двойкай паабедае".

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←На строительство детсада в микрорайоне "Медцентр" в бюджете Витебска не хватает средств?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика