ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
Некалькі тысяч палякаў 14 сакавіка выйшлі на акцыю пратэсту супраць намеру ўрада краіны павялічыць пенсійны ўзрост да 67 гадоў, паведамляюць інфармагенцтвы. Мітынг быў арганізаваны найбуйнейшай польскай апазіцыйнай партыяй "Закон і справядлівасць". Удзельнікі марша выказвалі незадаволенасць дзейнасцю ўрада Дональда Туска. Па словах прысутных, яны не хочуць працаваць да старасці, асабліва на цяжкай працы, якая патрабуе вялікіх фізічных высілкаў. Акрамя гэтага, ва ўмовах, калі ўзровень беспрацоўя ў краіне перавысіў 13%, многія непакояцца пра будучыню сваіх дзяцей, якія ўжо цяпер сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры пошуку працы. У адпаведнасці з праектам урада Польшчы, кожныя чатыры месяцы пенсійны ўзрост у краіне будзе павялічвацца на 1 месяц. Такім чынам, мужчыны пачнуць сыходзіць на пенсію ў 67 гадоў у 2020 годзе, а жанчыны — у 2040-м.
рэйтынг самых прэстыжных ВНУ светуБрытанская газета Thе Tіmеs апублікавала рэйтынг 400 самых прэстыжных універсітэтаў свету. У першую пяцёрку ўвайшлі Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут, Гарвардскі і Стэндфардскі ўніверсітэты (ЗША), Оксфардскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія) і Прынстанскі ўніверсітэт (ЗША). З кожным годам сваё прадстаўніцтва ў рэйтынгу павялічваюць азіяцкія ВНУ. У гэты раз у яго трапілі 5 японскіх навучальных устаноў і дзве кітайскія.
Заснавальнік піраміды "МММ" арыштаваныСтваральніку фінансавай піраміды Сяргею Маўродзі прызначана пакаранне ў выглядзе арышту на 5 сутак. Як высветлілася, 56-гадовы "злы геній" паплаціўся за нявыплату адміністрацыйнага штрафу ў 1 тысячу рублёў. З 1994 па 1997 год праз створаную Сяргеем Маўродзі піраміду "МММ" прайшло да 15 млн падманутых пасля ўкладчыкаў.
Супраць эканамічнага ціску на Беларусь выступілі літоўскія дэпутатыПяць членаў камітэта па замежных справах парламента Літвы выступілі супраць эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. У іх заяве сказана, што эканамічная ізаляцыя Беларусі падарве эканамічныя адносіны краіны з Літвой, а гэта пагоршыць фінансавы стан літоўскай дзяржавы і ўзмоцніць напружанне ў грамадстве.
"...Зараз чуюцца размовы аб прымяненні да Беларусі і эканамічных санкцый, — гаворыцца ў заяве. — На нашу думку, прымяненне такіх санкцый, у першую чаргу, закране эканоміку гэтай краіны і пагоршыць становішча звычайных грамадзян, якія і так жывуць у складаных умовах". Такое становішча, на думку аўтараў дакумента, "відавочна, супярэчыла б устаноўкам палітыкі Еўрасаюза аб пашырэнні магчымасці кантактаў радавых беларусаў з ЕС".
14 сакавіка ў камітэце па замежных справах прайшло галасаванне па гэтым дакуменце, але з-за адсутнасці кворуму заява не была прынята. Нагадаем, на днях супраць эканамічных санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі выступіла латвійскае партыйнае аб'яднанне "Усё для Латвіі!" — "Айчыне і свабодзе / ДННЛ".
Коратка
У Беларусі рэальны памер пенсіі па ўзросце ў гэтым годзе, як плануецца, павялічыцца на 4,7-4,9 працэнта, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова. Найбольш высокія пенсіі атрымліваюць тыя, хто мае максімальныя паказчыкі стажу (45/40 гадоў для мужчын і жанчын) і мінулага заробку (індывідуальны каэфіцыент заробку 4,0 і вышэй).
У выніку моцнага парывістага ветру на Віцебшчыне адбылося адключэнне электраэнергіі ў чатырох раёнах вобласці. Усяго, паводле інфармацыі Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, былі адключаны восем ліній электраперадач, больш за сорак трансфарматарных падстанцый, 25 населеных пунктаў, а таксама ферма.
Распачата крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара чашніцкай фірмы, які ў выніку наўмыснага заніжэння падатковай базы ўхіліўся ад выплаты ў бюджэт падаткаў на суму больш за 60 мільёнаў рублёў. Аналагічным чынам дзейнічаў і кіраўнік аршанскай фірмы. Ён, пачынаючы з 2008-га і да 2011 года ўхіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за 40 мільёнаў рублёў.