Топ-5 беларусаў, якія пакарылі Маскву
14.03.2012 13:34
—
Новости Общества
Топ-5 беларусаў, якія пакарылі Маскву
"Тут і цяпер" паспрабавала скласці рэйтынг пяці самых паспяховых беларусаў у расійскім шоу-бізнесе. Задачка гэта, шчыра кажучы, аказалася не з лёгкіх.
Першы момант
Многія памятаюць, як пасля тайнага прымусовага ўвядзення ў радыёэфіры 75-працэнтнай квоты песень беларускіх артыстаў вынаходлівыя музычныя рэдактары запісалі ў беларусы ўсіх, каго толькі здолелі: ад Юрыя Антонава, які ў свой час вучыўся ў Маладзечанскай музычнай вучэльні, да Андрэя Макарэвіча, бабуля і дзед якога родам з Гродзеншчыны.
У Дзіяны Арбенінай і сёння тут жыве бацька. А Барыс Маісееў у кожны прыезд прыгадвае ўсё новыя падрабязнасці свайго магілёўскага дзяцінства. Чарговы муж Лаліты таксама беларус. І нават у самой Прымадонны стрыечная цётка з нашых...
Карацей, пры жаданні ці не палову расійскага шоу-бізнесу можна запісаць у "сваякі".
Другі момант
У чым вымяраць поспех сучаснага артыста? Гэта раней прэстыжныя музычныя ўзнагароды можна было па пальцах пералічыць, а цяпер іх - як бразготак у немаўляці. Нават тытул заслужанага артыста сёння ні аб чым не сведчыць. Колькасць прададзеных альбомаў абясцэнілася колькасцю праглядаў на YouTube ды запампоўваннем з торантаў. Дый сумы ганарараў многія артысты "засвечваюць" неахвотна, паводле старажытнай традыцыі "маўчы, будзь хітрым": ці то падатковай асцерагаюцца, ці то злодзеяў, ці то банальнай чорнай зайздрасці з боку былых суайчыннікаў.
Апытваць мінакоў на маскоўскіх вуліцах — "Каго з беларускіх артыстаў вы ведаеце?" — мы не сталі, а вось у адной з самых папулярных расійскіх пошукавых сістэм у інтэрнэце пацікавіліся, колькі вынікаў (старонак, публікацый, навін) яна выдасць на розныя імёны. Вось што атрымалася.
"Бі-2" — 8 млн вынікаў;
Дзмітрый Калдун — 4 млн (столькі ж — у Барыса Маісеева);
"Ляпіс Трубяцкой" — 3 млн;
Анжаліка Агурбаш — 1 млн;
Дзмітрый Шэпелеў — 646 тысяч;
Вадзім Галыгін — 593 тысячы.
1. Усе любяць "Ляпісаў"
Гэта практычна даслоўная цытата супрацоўнікаў "Нашага радыё", у чартах якога трывала прапісаўся беларускі гурт.
Са статусам бяскрыўдных эстрадных блазнаў гурт "Ляпіс Трубяцкой" развітаўся пяць гадоў назад, з выхадам у свет альбома "Капітал". Стылістыка сацыяльнай сатыры а-ля Маякоўскі і імідж барацьбітоў як з рэжымам, так і з "памяркоўнасцю" мела эфект выбуху бомбы — гурт адзначылі і ўзнагародзілі літаральна ўсюды, ад "Рок-каранацыі" да RAMP (Расійская альтэрнатыўная музычная прэмія). Нядаўна гурт зноў вызначыўся — атрымаў галоўную расійскую рок-прэмію "Чартавы тузін", дзе перамог адразу ў трох намінацыях, уключаючы "Гурт года". Увесь сакавік і красавік у "Ляпісаў" ужо распісаны гастролямі па Расіі і Украіне.
Ганарары музыкаў, па розных звестках, складаюць ад 3 да 15 тысяч долараў, пры гэтым лідэр гурта Сяргей Міхалок у інтэрв'ю падкрэслівае: "У мяне няма ўласнасці — ні машыны, ні кватэры. Гэта дзіка зручна! Асабліва ў Беларусі. Я адчуваю сябе свабодным чалавекам". Зрэшты, на радзіме "свабоднага чалавека" летась унеслі ў чорныя спісы забароненых выканаўцаў, канцэрты былі адменены, а сам Міхалок трапіў пад пільную ўвагу пракуратуры.
Дыскаграфія: сёлета выйдзе 13-ты, або 6-ты ў новым вобразе альбом (пачынаючы з 2007 года. — Рэд.).
2. Суслік с*** папулярны
"Стрэліўшы" у 2001 годзе чэмпіёнствам у Вышэйшай лізе КВЗ, капітан беларускай зборнай вясёлых і знаходлівых Вадзім Галыгін праз некалькі год перабраўся ў Маскву і хутка паказаўся публіцы ўжо ў новай якасці — гумарыста-рэзідэнта скандальнага Comedy Club. Маналогі "злоснага сусліка з Беларусі" Вадзіка з абавязковым нецэнзурным слоўцам выклікалі ў расійскай тусоўкі не меншую сарамлівую і нястрымную папулярнасць, чым парнаграфічны часопіс у мужчынскім манастыры. Замацоўваючы поспех, Галыгін адкрыў уласны бізнес, дабавіўшы да працы шоумена амплуа акцёра і прадзюсара. Зняўся, прадзюсіраваў, пісаў сцэнарыі і агучваў герояў у больш чым дзесяці фільмах.
З 2007 года ён яшчэ і зорка рэкламы.
Як сцвярджаюць маскоўскія выданні, ганарар Вадзіма толькі за адну з рэкламных серый склаў 300 тысяч долараў. Не дзіўна, што ў роднай Беларусі паслугі Галыгіна цяпер могуць "пацягнуць" хіба адзінкавыя кампаніі-гіганты з замежным капіталам.
3. Мой рок-н-рол: "Бі-2"
Ці не самым звілістым атрымаўся шлях да славы ў гурта "Бі-2". Але затое слава гэтая атрымалася трывалай і з гадамі, як каньяк, толькі набывае новы смак і адценні. У Маскву беларусы Лёва і Шура перабраліся праз Ізраіль, Аўстралію і... інтэрнет, які ў 1999 годзе вымусіў віртуальных зорак радыёэфіру прыехаць у Расію і паказацца аўдыторыі "жыўцом". Потым быў культавы для цэлага пакалення "Брат-2" Аляксея Балабанава, дзе музыканты сыгралі саміх сябе і запісалі саўндтрэк, і вось ужо больш як 10 год яны застаюцца ў трэндзе, не сыходзяць з эфіраў і не знікаюць з афіш як у Расіі, так і на ўсёй постсавецкай прасторы.
Адзначацца ў Сінявокай з канцэртамі гурт не забываецца і летась, нягледзячы на цэны ад 90 да 225 тысяч рублёў, даваў у Мінску чарговы аншлагавы канцэрт. Ганарары ж беларускага гурта на маскоўскіх карпаратывах, як сцвярджаюць дасведчаныя крыніцы, складаюць ад 5 да 15 тысяч долараў.
Дыскаграфія: больш як 20 выданняў. Цяпер "Бі-2" працягваюць "катаць" па Расіі леташні альбом "Спірыт", неўзабаве прывязуць яго і ў Эстонію, Латвію і Украіну.
4. Наш адказ Урганту
Выпускнік беларускага падлеткавага тэлешоу "5х5" Дзмітрый Шэпелеў перайшоў з катэгорыі пачаткоўцаў у катэгорыю маладых "зорак" досыць хутка. Атрымаўшы ў 2004 годзе, у свае дваццаць з "хвосцікам", запрашэнне ад украінскага тэлеканала, Шэпелеў пераехаў працаваць у Кіеў, дзе палюбіўся гледачам як вядучы мясцовай "Фабрыкі зорак". Ужо ў 2009-м таленавітага хлопца пераманіў у Маскву не хто-небудзь, а сам Эрнст, і ў той жа год беларус стаў лаўрэатам прэміі "Тэфі". Вызначыўся як адзін з сувядучых "Еўрабачання-2009", праграмы "Достояние Республики", цяпер таксама адзін з самых запатрабаваных вядучых як канцэртаў у Крамлі і на іншых буйных пляцоўках, так і прыватных мерапрыемстваў. Падагравае цікавасць публікі і раман Шэпелева з Жаннай Фрыске (альбо чуткі пра яго). Аднак сёлета парачку "застукалі" у Маямі папарацы.
Асобныя расійскія тэлевізійныя крытыкі сцвярджаюць, што свой першы мільён у доларах Шэпелеў ужо зарабіў.
5. Хай і каўбасная, затое каралева
"Міс Беларусь-1988", "Міс Фота СССР-1991", салістка "Верасоў" Ліка Ялінская — гэта ўсё ў Анжалікі Агурбаш у мінулым. А ў бягучым часе свецкія хранікёры называюць галоўным шчаслівым білецікам спявачкі яе мужа, расійскага бізнесмена, уладальніка каўбаснай імперыі Мікалая Агурбаша. Шмат у чым дзякуючы менавіта яму прыгожая жанчына, якіх у Расіі і так хапае, стала пераможцай конкурсу прыгажосці "Місіс Расія", прадстаўніцай Беларусі на "Еўрабачанні-2005" (пра вынікі таго выступлення сціпла прамаўчым), дый, што грахі ўтойваць, заслужанай артысткай Беларусі і пастаяннай госцяй пафасных свецкіх мерапрыемстваў, тэлешоу і канцэртаў у Расіі.
Летась, паводле ацэнак прэсы, адбыўся вельмі паспяховы сольны канцэрт Анжалікі ў Крамлі (з квіткамі ад 1700 да 15 000 расійскіх рублёў, што параўнальна з "таксай" Дзімы Білана).
Дыскаграфія: 19 выданняў.
Спрэчны момант
Каго яшчэ называюць у ліку 10 самых паспяховых беларусаў у расійскім шоу-бізнесе:
- заслужанага артыста Расіі Барыса Маісеева,
- пераможцу "Фабрыкі зорак-6" Дзмітрыя Калдуна,
- жонку Уладзіміра Прэснякова-малодшага Наталлю Падольскую,
- ансамбль "Беларускія Песняры",
- пераможцу шоу "Народны артыст" Руслана Аляхно.
Перспектыўнымі для раскруткі расійскія крытыкі лічаць таксама клубны гурт "Сярэбранае вяселле" і альтэрнатыўшчыкаў "Drum Extasy".
Зрэшты, многае ў гэтых ацэнках залежыць ад асобы каментатара. Заўсёднік нашага "Славянскага базару ў Віцебску" скандальны музычны гей-крытык Сяргей Саседаў хоць і добра ведае беларускіх артыстаў, але называе іх не інакш, як "эстрадай" і вялікай будучыні ў шоу-бізнесе не прагназуе: "У нас ведаюць Паплаўскую, Ціхановіча, "Сяброў", "Песняроў", астатніх — нашмат горш. Моладзь таленавітая ёсць, асоб няма. Асабліва сярод спявачак — ва ўсіх сярэднестатыстычны макіяж, нешта лялькавае ў паводзінах, жывасці не хапае. Перспектыўных хлопцаў намнога больш: асабіста мне падабаюцца "J:Mopc", "Litesound", ёсць іншыя фактурныя выканаўцы".
"Сапраўды, у тутэйшай тусоўцы шоу-бізнесу на слыху ад сілы 3-5 імёнаў нашых выканаўцаў, — пагаджаецца маскоўскі прадзюсар і шоумен МС Shamah. — Калі маніторыць свецкія мерапрыемствы, то частым заяўленым госцем бывае наш Дзіма Калдун, які ўдзельнічае практычна ва ўсіх зборных канцэртах. Пра Агурбаш чуваць менш, калі яна і наведвае музычныя мерапрыемствы, то толькі пафасныя і сур'ёзнага статусу. Пра Аляхно ўвогуле ніхто асабліва не памятае — пасля ўдзелу ў праекце Першага канала "Спецыяльнае заданне" нічога рэальна цікавага ў яго не было. Затое за каго ахоплівае пачуццё гонару, дык гэта за Дзіму Шэпелева — ён і тэлевядучы, і выдатны канферансье, і гумарыст, якіх яшчэ пашукаць трэба, карацей, вельмі запатрабаваны хлопец, ды яшчэ ва ўсіх на вуснах яго раман з Жаннай Фрыске...".
"Насамрэч, практычна кожны артыст, папулярны ў Беларусі, можа прабіцца і ў Расіі, — мяркуе беларускі кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік. — Усё ж на беларускай сцэне вельмі мала людзей, якія атрымалі незразумелыя рэгаліі незразумелым чынам, і то гэтыя артысты нецікавыя ні там, ні тут. Ва ўсіх астатніх магчымасці ёсць. Больш шансаў, зразумела, у моладзі, якая не звязана сямейнымі ці працоўнымі стасункамі, а самая спрыяльная сітуацыя ў тых з нашых артыстаў, хто трапіў у расійскія тэлепраекты, бо яны змогуць умацавацца менавіта ў шоу-бізнесе. Хоць зарабляць значна больш, чым у Беларусі, здолеюць нават рэстаранныя і клубныя артысты. Літаральна днямі мы запісалі новую песню з Русланам Аляхно. Дык вось, ён не вылазіць з гастроляў. Усё ж Расія вельмі і вельмі вялікая краіна, і ў ёй хапае гарадоў-здабытчыкаў, якія "сядзяць" на прыродных рэсурсах, і людзі з лёгкімі грашыма там значна лягчэй з імі развітваюцца, чым наша публіка. Так што самабытны і прабіўны артыст, які мае ў Беларусі хаця б тысячу прыхільнікаў, можа праехаць 700 км і памножыць гэтую лічбу на расійскую нафту і на колькасць насельніцтва ў краіне".
Што адметна: для "тутэйшай" публікі і прэсы ўсе згаданыя і многія іншыя неназваныя артысты ды шоумены — "зоркі-зоркі". У гэтым вялікая загадка беларускага менталітэту: прызнаць і пахваліць сваё, калі хто іншы пахваліць. А калі не хваляць, то лепш аблаяць — на ўсялякі выпадак.