Сустрэнемся праз 100 гадоў,або Рэцэпт вечнай маладосці

Источник материала:  

"Апавяданні і вершы, 52 выкрайкі, завочныя курсы кройкі і шыцця, 300 касметычных рэцэптаў, 1000 рэцэптаў танных і смачных страў, 200 парад па дамаводстве. Адказы на інтымныя пытанні". Гэта — анонс часопіса "Женщина и хозяйка", чатыры нумары якога на гарышчы бацькоўскага дома знайшоў гамяльчанін Аляксандр Ласіца. Знайшоў і падарыў музею гісторыі Гомеля, які адразу ж прэзентаваў новую сакавіцкую экспазіцыю. У ёй не толькі часопісы, але і сапраўдныя рэчы, якія належалі жанчынам пачатку ХХ стагоддзя. Прыгажуні пазіраюць з фотапартрэтаў, а іх нашчадкі здзіўляюцца: аказваецца, інтарэсы слабага полу за мінулыя 100 гадоў амаль не змяніліся. Пачытаем і мы часопісы, выдадзеныя яшчэ да падзей 1917 года.

Сустрэнемся праз 100 гадоў,або Рэцэпт вечнай маладосціУ адным з нумароў за 1917 год цэлая старонка аддадзена правам жанчын, у іншым — сучаснай ролі працуючай жанчыны. Цытата: "Умовы, створаныя вайной, запатрабавалі вельмі шырокага прымянення жаночай працы і адразу далі жанчыне магчымасць заняць аднолькавае становішча з мужчынам і самастойна ўладкоўваць сваё жыццё. Бясспрэчна толькі адно: узнікненне канкурэнцыі паміж мужчынскай і жаночай працай, якая прывядзе да паніжэння заробку". Чым не прароцтва?

Падзеі Першай сусветнай вайны адбіваюцца на змесце гламурнага часопіса, і вось ён ад імя радавых бранявога аўтамабільна-чыгуначнага ўзвода дзейснай арміі Собалева, Чарнякова, Філіпцова, Гур'ева, Філіповіча заклікае чытачак: "Адгукніцеся! Падзяліцеся з намі часткай вашых інтарэсаў і пачуццяў. Для нас каштоўны кожны радок вашых лістоў!"

Але ж гэта, відаць, даніна павагі грамадству — як зараз калонка галоўнага рэдактара ў гламурным "Соsmороlіtаn". У асноўным жа аб'ёмны часопіс напоўнены адвечнымі праблемамі жанчыны: у што апрануцца і чым накарміць дарагіх і любімых. Мне асабіста спадабалася наступная прапанова: "Сукенка для тэатра або для візітаў колеру электрык. Каўнер, манжэты, канцы пояса і ніз абшыты вузкай паласой з футра малпы". Прынамсі, варыянты ёсць на любы густ і памер. Маленькія модніцы з дапамогай маці могуць таксама выбраць і заказаць фасончык, што даспадобы. Не праз інтэрнэт, як зараз. Накладзеным плацяжом. І цэны тут жа: рамантычны капялюшык каштуе ад 5 да 8 рублёў.

Жанчыны, чые інтарэсы выходзілі за межы колеру самай моднай кашулі, відаць, чыталі, і магчыма, карысталіся як інструкцыяй падрабязнымі артыкуламі пра тое, як займацца фатаграфіяй у хатніх умовах. Ужо тады крохкія і вытанчаныя праходзілі выпрабаванне чорным пакоем, у якім патрэбна было перазараджаць касету. А вось калі мужчын даганяць — дык лепш за ўсё на лыжах, — прапануе "Стары спартсмен" і заклікае прыгажунь заняцца "лыжабежным спортам".

Гартаем далей і знаходзім: "Мыццё паміж справамі". Вось тут можна паспачуваць прабабулькам. Аднак звярніце ўвагу на падыход да праблемы стогадовай даўніны: "У наш мітуслівы і цяжкі час вядзенне гаспадаркі прычыняе клопаты і смутак. Дзень мыцця — да вядомай ступені панічны, ён пераварочвае ўвесь уклад гаспадаркі. Між тым ёсць спосаб, дзякуючы якому мыццё бялізны страчвае свой катастрафічны характар. І пры гэтым — эканомія мыла (пры сённяшніх цэнах гэта не драбяза), поўнае захаванне бялізны і эканомія вады".

І чым жа мы адрозніваемся? Знаходжу і рэкламную старонку: "Я дасылаю слабым, нервовым жанчынам ДАРМА 500 пакетаў сродку "Альбукола". Як вы разумееце, дармовая панацэя выратуе няшчасных ад усіх хвароб адразу. Дарэчы, праз часопіс можна набыць "сродкі супраць недахопаў скуры твару", памаду для вуснаў і нават "апарат для выпраўлення формы насоў".

Калі хтосьці лічыць, што пакупнікоў у крамах пачалі масава ашукваць у наш час, зазірніце ў артыкул, напісаны ў пачатку мінулага стагоддзя, пад назвай "Падробкі харчовых прадуктаў". І вы даведаецеся, што: "Маргарын даў штуршок чалавечаму вынаходніцтву. За штучным сметанковым маслам з'явіліся нават штучныя яйкі. Сыр — таксама пакутнік фальсіфікацый. У каўбасы шчодрай рукою дадаюць муку". Не бачылі яны той рэкламы кітайскіх прадуктаў, у якой усе стравы гатуюцца з парашкоў рознага колеру! Паглядзелі б нашы продкі на спіс "Е" на любым прадукце, не скардзіліся б, што колер сметанковага масла падфарбоўваецца.

Абмінуць прапановы акультысткі Клары дэ Мансэ проста нельга. Паслугі па вызначэнні "характару па почырку, па лініях рукі, па рысах твару, а таксама гараскопы на адзін год" каштуюць "1 рубель і 2 дзесяцікапеечныя маркі для перасылання адказу заказным лістом" кожная. Здаецца, дама без справы не сядзела, бо на дзвюх перадапошніх старонках кожнага нумара надрукаваны яе шматлікія опусы. Гэта вам не ў інтэрнэце на пытанні псіхалагічнага тэста адказваць! Цытую спадарыню дэ Мансэ: "Вы дарма спрабуеце пісаць левай рукой і з арфаграфічнымі памылкамі. Нічога, акрамя сваёй ілжывасці, вы гэтым не даказалі, а спецыфічных рысачак характару не ўтаіце, калі б пісалі нават нагой. Я ясна бачу, што вам даводзілася мець праблемы не толькі з мараллю, але і з крымінальным кодэксам".

Ці вось гэта. Мне здаецца, вы ўжываеце нейкі наркотык, верагодна, какаін, і менавіта таму так знервавалася ваша душа. У вашу будучыню страшна зазірнуць: вы стаіце на небяспечным шляху і, калі своечасова не апамятаецеся, скончыце дрэнна. Спыніцеся ж, пакуль не позна!"

Дарэчы, з вывучэння зместу часопісаў становіцца зразумелым, што яго чытачамі былі не толькі жанчыны. Мужчыны, аўтары пісьмаў у рэдакцыю, падпісваліся: "Марак", "Футбаліст", "Лерыган", "Агнус", "Сандрыльон", "Піон". Нарцысаў не знайшла. Жанчыны сваю сутнасць выказваюць у асноўным праз класічныя кветкавыя вобразы: "Белая Лілія", "Паўднёвая Ружа". Але ж сустракаюцца і "Цыганка", "Моцная духам", "Брунетка", "Сінявокая Зіна", "Кінутая".

Прынамсі, астатняя частка старонак часопіса запоўнена рэцэптамі страў. У штотыднёвіку, каб гаспадыня не замарочвалася, даецца разгорнутае меню на кожны дзень тыдня адпаведна з календаром. Сумняваюся, што 100 гадоў таму, як і зараз, дамы карысталіся ўсімі рэцэптамі, якія ім прапаноўвалі. Але ж канкрэтныя экзэмпляры выдання захавалі выразныя тлушчавыя плямы. Значыць, на стале для гатавання ежы яны пабывалі. Так што, паважаныя жанчыны і гаспадыні, а таксама мужчыны і гаспадары, мае калегі-журналісты не дарма елі свой хлеб, калі нам і сёння цікава гартаць тагачасныя "Соsmороlіtаn", "Burdа", "Лізу" і нешта яшчэ... Магчыма, хтосьці і нас пачытае. Праз 100 гадоў. Здзівіцца, усміхнецца, задумаецца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

←Добрая сказка на все времена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика