Паміж рэальнасцю і фантазіяй
Дэкан факультэта, кандыдат мастацтвазнаўства Крысціна Стрыкелева, расказвае:
— Спачатку была створана кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — у гэтым годзе ёй спаўняецца 50 гадоў. А сёння ў складзе факультэта сем кафедраў.
— Які партрэт дызайнера вы "малюеце" сваім студэнтам?
— Дызайн — унікальны від дзейнасці: ён заўсёды ажыццяўляе сувязь культуры і вытворчасці. Вышыня мастацкіх ідэй злучаецца з прагматыкай думак, цвярозы разлік — з пачуццёва-суб'ектыўнай індывідуальнасцю, і атрымліваецца: куды б мы ні пайшлі, нават элітарнае мастацтва заўсёды будзе звязана з масавым. Бо дызайнерскі прадукт разлічаны на серыйную вытворчасць і масавае спажыванне. Ёсць такі выраз: дызайн сваімі думкамі і каранямі сыходзіць у культуру, а гаворыць мовай цывілізацыі. Усялякія рэчы хай-тэк і ўльтрасучасныя інавацыйныя тэхналогіі — гэта мова дызайнера, яго інструмент, а змястоўная частка — сам чалавек, лепшыя яго аспекты і ў фізіялагічным, і духоўным, і ў сацыяльным плане.
На здымках: лепшыя працы студэнтаў-дызайнераў.
— Вобразна кажучы, поспех прыйдзе толькі да таго, хто "жыве на вясёлцы", але пры гэтым трымае напагатове калькулятар для дакладных разлікаў?
— Вашы студэнты, удзельнічаючы ў розных міжнародных конкурсах, дабіваюцца бліскучых перамог, пацвярджаючы свой высокі ўзровень падрыхтоўкі.
— Прызнацца, спачатку мы самі сябе бачылі толькі ў прасторы Рэспублікі Беларусь, і быў лёгкі момант сумненняў. Затым пачалі наладжваць кантакты, у першую чаргу з Міжнароднай асацыяцыяй Саюза дызайнераў. Нас запрасілі на міжнародны моладзевы фестываль "Стрэлка" ў Ніжні Ноўгарад, дзе мы... забралі амаль усе прызавыя месцы ў транспартным і графічным дызайне. Вось тады мы ў сябе да канца паверылі! У Міжнародным Строганаўскім фестывалі дызайнераў сярод 300 праектаў студэнтаў і выпускнікоў ВНУ мастацка-прамысловага і архітэктурнага профілю з васьмі краін другую прэмію атрымаў наш студэнт Павел Кановіч за дызайн-праект каркасна-панэльнай кабіны сямейства Мінскага завода цягачоў. Летась на Алімпіядзе дызайну дзяржаў СНД на чале з прэзідэнтам Расійскай акадэміі мастацтваў Зурабам Цэрэтэлі галоўны прыз — Гран-пры — быў прысуджаны выпускніку кафедры графічнага дызайну Івану Лукінскаму, дзве іншыя работы нашых студэнтаў занялі другія месцы.
— Ваш факультэт становіцца з кожным годам усё больш папулярным у абітурыентаў. Летась, напрыклад, конкурс склаў каля 9 чалавек на месца!
— Студэнтаў не палохаюць складанасці ў гэтай творчай прафесіі, ім яна цікавая. Крытэрыем таго, чаму і як вучаць у ВНУ, сведчыць той факт, наколькі высокі працэнт выпускнікоў працуе па спецыяльнасці. Нашы выпускнікі, як правіла, застаюцца ў прафесіі.
— Як будзеце адзначаць юбілей?
— На выставе "Прастора дызайну", якая пройдзе ў Музеі сучаснага мастацтва з 6 па 18 сакавіка прадставім лепшыя работы студэнтаў за апошнія пяць гадоў: ад вытанчаных камерных рэчаў, да больш маштабных — інтэр'ерных, архітэктурных, тэхнічных аб'ектаў, аўтамабіляў. І з задавальненнем запрашаем наведаць выставу ўсіх, хто хоча ўбачыць, наколькі таленавітыя, неардынарна-яркія і пазітыўныя нашы студэнты.
Ала ЖУР.