Беларускі хмель вяртаецца
І не толькі ў піваварэнне
Здавалася б, зусім не экзатычная для нашай краіны сельскагаспадарчая культура — хмель. Але чаму ж тады айчынныя півавары купляюць яго ў асноўным за валюту ў замежных вытворцаў? Самім што, слабо? Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся меркаваннем на гэты конт доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара кафедры раслінаводства Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Генрыха Мілосты, які менавіта за распрацоўку тэхналогій вырошчвання хмелю ў нашых умовах быў адзначаны на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Дыплом доктара навук яму нядаўна ўручыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
— Генрых Мар'янавіч, няўжо займацца хмелем у Беларусі нявыгадна і адзінае выратаванне — імпарт?
— Хмель — гэта для нашай краіны зусім не чужая, не экзатычная, накшталт ананасаў ці бананаў, а незаслужана забытая культура. У 1970-80-я гады ў нас былі даволі вялікія плошчы хмельнікаў ва ўсіх абласцях, а сёння ў некаторых рэгіёнах засталіся слупы на іх месцы. І Беларусь тады вырабляла 0,3 працэнта ад сусветнай вытворчасці хмелю, нароўні з Турцыяй, Канадай, Карэяй і ўтрая больш, чым Аўстралія. Гэта складала 40-50 працэнтаў ад сваёй патрэбы, а ў асобныя гады і больш. Але потым, з развалам Саюза, разваліліся і хмельнікі. Не падтрымліваўся гатункавы склад, не вывучаліся пытанні барацьбы з хваробамі і шкоднікамі раслін (тут пяць—дзесяць гадоў прайшло і ўсё мяняецца), выкарыстання ўгнаенняў. У выніку засталася толькі адна хмеляводчая гаспадарка з аб'ёмам вытворчасці 2-3 працэнты хмелю ад неабходнага рэспубліцы.
Між тым, прадукт гэты вельмі дарагі, сёння цана за кілаграм — прыкладна 5 долараў. А ў асобныя гады (у сувязі з няўраджаем альбо павелічэннем вытворчасці піва) у той жа Польшчы кошт хмелю ўзрастаў нават да 16 долараў, а то і больш. Такім чынам, не развіваючы ўласнае хмеляводства, трапляем у эканамічную залежнасць ад замежных вытворцаў. Што будзе, калі яны заўтра падымуць цану да 50 долараў? Ды і навошта нам траціць валюту, калі можам вырабляць самі?
У гэтым і сэнс маёй амаль пятнаццацігадовай працы па вырошчванні хмелю ў беларускіх умовах, у якой дапамагалі калегі з Інстытута глебазнаўства і аграхіміі, Інстытута аховы раслін НАН Беларусі, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, ГрДУ імя Янкі Купалы, вучоныя з Польшчы (г. Пулавы) і Украіны (г. Жытомір). Працавалі ў цесным партнёрстве з хмеляводчымі гаспадаркамі, а таксама з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, які фінансуе навуковыя даследаванні. Я заўсёды знаходзіў разуменне і падтрымку ў нашым універсітэце ў асобе рэктара Вітольда Казіміравіча Песціса. Бо даводзілася сумяшчаць навуковую працу з вучэбнай і метадычнай.
— Што ж канкрэтна зроблена?
— Гэтая праца пачалася на вопытным участку СВК "Путрышкі" Гродзенскага раёна. А затым эксперыментальнымі пляцоўкамі для распрацоўкі элементаў тэхналогіі вырошчвання хмелю ва ўмовах Беларусі (з улікам асаблівасцяў глебы, барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі раслін) сталі СП "Бізон" у Маларыцкім раёне і фермерская гаспадарка "Магнум — Хмель" Пружанскага раёна. Увогуле было выпрабавана 14 гатункаў хмелю з Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Англіі і ЗША. Самым прадуктыўным для айчынных рэалій аказаўся нямецкі сорт "Халертаўэр Магнум", які на падставе нашых даследаванняў быў уключаны ў Дзяржаўны рэестр гатункаў Беларусі. Менавіта гэты гатунак сёння ўжо афіцыйна вырошчваецца і займае найбольшыя плошчы.
— Якая цяпер доля айчыннага хмелю ў агульных аб'ёмах і як складваецца эканоміка яго вытворцаў? Ёсць выгада?
— З вышэйзгаданых 2-3 працэнтаў доля беларускага хмелю павялічылася прыкладна да 9 ад патрэб краіны. Хацелася б мець яшчэ больш важкія аб'ёмы, аднак стрымліваюць высокія першапачатковыя затраты на будаўніцтва хмельнікаў. Для аднаго гектара патрэбна 5-7 тысяч долараў: паставіць стаўбы, нацягнуць шпалеры. Акрамя таго, неабходна набыць камбайны для перапрацоўкі хмелю, сушыльныя агрэгаты. Але аўчынка, як у кажуць у народзе, варта вырабу. Разлікі эканамічнай эфектыўнасці паказалі, што вытворчасць хмелю ў Беларусі больш рэнтабельная і выгадная, чым шэрагу іншых культур. Нездарма ж плошчы пад хмельнікі пашыраюцца. Аб рэнтабельнасці вытворчасці сведчыць хаця б той факт, што ў СП "Бізон" набылі камбайн коштам 240 тысяч еўра і лічаць, што за некалькі гадоў затраты акупяцца.
Так, хмель — працаёмкая культура. Быццам і плошчы невялікія, а інтэнсіўнасць вытворчых працэсаў высокая. Але ж гэтая культура сябе і акупляе. Таму хмельнікі паблізу невялікіх гарадоў — гэта і працаўладкаванне мясцовых жыхароў. У тых жа Маларыцкім, Пружанскім раёнах людзі з задавальненнем ідуць працаваць у хмеляводчыя гаспадаркі і някепска зарабляюць. Нават не кожнага бяруць, бо трэба акуратна выконваць усе работы.
— А па ўраджайнасці, якасці беларускі хмель замежнаму не саступае? Можа, у нашых кліматычных умовах цяжка дасягнуць сусветных стандартаў?
— Цяпло — гэта не галоўны стрымальны фактар. Цяпла для хмелю ў нас досыць, нават ва ўсходніх рэгіёнах, дзе трэба вырошчваць больш раннія гатункі. Бадай, галоўнае — забяспечанасць вільгаццю. Гэтае пытанне патрабуе далейшага вывучэння, магчыва, у кірунку кропельнага арашэння, каб павысіць ураджайнасць. Хоць ужо і цяпер, пры сярэдняй сусветнай ураджайнасці хмелю каля 15 цэнтнераў з гектара, мы на некаторых участках у асобныя гады атрымлівалі больш за 20 цэнтнераў.
Што ж тычыцца якасці, то яна адпавядае ўсім патрабаванням. Гэта было пацверджана пробнай варкай піва з беларускага хмелю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Дарэчы, першымі сярод нашых півавараў выгаду ад выкарыстання айчыннага хмелю зразумелі ў кампаніі "Крыніца", якая рашуча пайшла па шляху скарачэння імпартнай сыравіны і фінансава падтрымала пашырэнне плошчаў беларускіх хмельнікаў, стварыўшы разам з хмеляводчай гаспадаркай сумеснае прадпрыемства "Белхмельагра". Выгадна і аграрнікам, якія маюць гарантаванага спажыўца сваёй прадукцыі, і піваварам, якія на гарантаваных, фіксаваных умовах, а не пад цэнавым дыктатам замежнага вытворцы купляюць гэты хмель.
— Навуковую працу па тэхналогіях вырошчвання хмелю ва ўмовах Беларусі можна лічыць завершанай?
— Даследаванні па так званых горкіх гатунках хмелю ў асноўным завершаны. Але мы пачынаем працу ўжо ў іншым кірунку: у Беларусі ўзнікла патрэба ў гатунках для вытворчасці, так бы мовіць, мяккага піва, з араматызаваным пахам. Будзем працаваць з улікам і гэтых запытаў рынку.
Дарэчы, хмель — гэта не толькі сыравіна ў вытворчасці піва. Можна вырабляць яго і для аптэчнай сеткі, дзе я неяк убачыў хмель з Украіны — па цане, якая разоў у пяць перавышае кошт прадукцыі нашых хмеляводчых гаспадарак пры продажы піваварам. Гэта таксама пакуль незанятая намі "ніша", бо сёння хмель вельмі шырока выкарыстоўваецца ў свеце ў медыцынскіх мэтах, фармацэўтычнай вытворчасці. Ён дапамагае вылечваць запаленчыя працэсы ў кішэчніку, супакойвае нервовую сістэму. Калі ў кагосьці бяссонніца — карысна выпіць слабы адвар хмелю альбо пакласці побач падушачку з ім. Хмель таксама цудоўна аднаўляе функцыі крывятворнага органа — селязёнкі. Акрамя таго, здаўна вядома, што хмель — гэта вельмі моцны антысептык. Гэта было заўважана падчас эпідэмій халеры, чумы, дызентэрыі... І гэта не міф, бо нашы сумесныя даследаванні з ГрДУ імя Янкі Купалы пацвердзілі антымікробную актыўнасць шышак хмелю. Нават узнікае цікавае пытанне на перспектыву: можа, варта вывучыць магчымасць выкарыстання хмелю як натуральнага прыроднага кансерванту замест штучных?
Дарэчы, праблемамі хмеляводства ў нашым універсітэце цяпер займаюся не толькі я, але і дацэнт кафедры земляробства Андрэй Рагілевіч, які ўжо абараніў кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэме, а таксама мая дачка Кацярына. І вельмі прыемна, што навуковая праца ў галіне вырошчвання хмелю была высока ацэнена на дзяржаўным узроўні. Гэта надае сілы і жадання працаваць, каб вярнуць хмелю дастойнае месца на беларускай зямлі.
Барыс ПРАКОПЧЫК.