Як зіму правядзеш, так і год пражывеш!
У старажытным земляробчым календары беларусаў было не шмат свят, тым больш зімовых, якія вылучаліся б шчырай весялосцю, шумнымі пацехамі, гульнямі і забавамі. Толькі Масленіца (асабліва яе апошні дзень, які прыпадае на нядзелю) дазваляла разняволіцца душы і добра паесці, і ўволю павесяліцца. Ведаючы, што гуляць будуць і ў буйных гарадах, і ў райцэнтрах, і ў шматлікіх вёсках Беларусі, я вырашыў наведаць паселішча на памежжы трох прысталічных раёнаў. Прылепы быццам "прыляпіліся" адразу да Мінскага, Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў.
Ландшафт у вёсцы Прылепы нібы знарок створаны для гукання вясны, для масленіцы — чарада пагоркаў, і адзін вышэй за другі. Узбягай на вяршыню і спявай сваю вяснянку! Далёка будзе чуваць голас. А калі на санках з самай гары ветрыкам зляцець ці верацяном скаціцца?!. Напэўна, некалі так і было: горы гудзелі ад весялосці і звонкага першавясновага смеху. На жаль, гэтыя асаблівасці прыроды ў вёсцы Прылепы цяпер у разлік не бяруцца. Хоць і весяліцца ёсць каму, і вяснянкі спяваць таксама. Таму "масленіцы", "купаллі", "каляды" і іншыя а-ля абрадавыя тусоўкі ў гэтай прыгожай прыазёрнай вёсцы адбываюцца толькі на прыклубнай пляцоўцы і даволі казённа, па добра засвоеных і мала чым адрозных сцэнарыяў. Але гэта "хвароба" не адных Прылепаў. Мясцовыя адметнасці і каларыт паўсюль размываюцца ўсё мацней, і за іх захаванне і адраджэнне вядзецца сапраўднае змаганне.
Тым не менш, нягледзячы на тое, што ў прылепскай масленіцы і прысутнічалі "дзяжурныя" і "агульнанародныя" перацягванне каната, пілаванне дошкі, карасканне на слуп, якія выяўлялі самых спрытных і моцных, у гулянні ўсё ж адчувалася непадробная стыхія народнай душы. Разгульная і бязмежная. Якой не падуладны ні клубныя сцэнарыі, ні капрызы надвор'я, ні канапа з тэлевізарам дома. Бо душы ўсё ж хочацца весялосці, шчырых эмоцый і чыстай веры ў тое, што вясна сапраўды чуе і не прымусіць сябе доўга чакаць.
Вясна была і застаецца сімвалам святла і жыцця. У гэта верылі далёкія продкі, спальваючы на вогнішчы ў час масленіцы старое кола ці непатрэбныя рэчы, альбо "ляльку-зіму". Рэшткі паганства ў выглядзе спальвання "зімы" захаваліся і ў Прылепах. Гэтае дзеянне і стала кульмінацыяй хай сабе невялікага, а ўсё-ж у нечым казачнага свята провадаў зімы і сустрэчы вясны-прыгажуні. А былі тут і бліны, якія нагадваюць сонейка, і гучанне вяснянак — старэйшыя захавальніцы песеннай спадчыны і прылепскія школьнікі выводзілі наша адвечнае вясновае "гу-у-у-у-у". Далёкім рэхам адгукаліся ім яшчэ заснежаныя навакольныя пагоркі.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Смалявіцкі раён.