Зняволеныя таксама плачуць, або Інтэрв'ю з турэмным святаром
25.02.2012 10:07
—
Новости Общества
Зняволеныя таксама плачуць, або Інтэрв'ю з турэмным святаром
Аляксандр (імя зменена па этычных меркаваннях) трапіў у турму праз гарэлку. Як гэта нярэдка здараецца, пасля працяглай папойкі нешта не падзялілі з сабутэльнікам. За мацюкамі і кулакамі ў ход пайшоў нож... Год таму ўжо 50-гадовы мужчына выйшаў на волю. Аднавяскоўцы дзівяцца: быццам бы падмянілі чалавека! Калі раней піў не прасыхаючы, то зараз і кроплі ў рот не бярэ. Уладкаваўся на працу, наведвае царкву.
Няўжо турма можа так кардынальна змяніць чалавека?.. Адказ на гэта і іншыя пытанні шукаем разам з настаяцелем храма Святой Жываначальнай Троіцы ў Барысаве Георгіем ЦЮХЛОВЫМ, бацькам 8 дзяцей. Айцец Георгій служыць турэмным святаром ужо 14 гадоў. У 1998 указам Мітрапаліта Філарэта быў прызначаны на гэтую пасаду пры СІЗА № 8 у Жодзіна. З 2010 года ён — духоўнік папраўчай калоніі строгага рэжыму № 14 у Навасадах.
"Спачатку зняволеныя мяне правяралі, злівалі "дэзу" і чакалі, усплыве яна дзе ці не"
— Айцец Георгій, раскажыце, калі ласка, як вы сталі турэмным святаром?
— Старэйшы турэмны святар айцец Аляксей Шынкевіч 14 гадоў таму з'язджаў у Канаду на паслухмянства. Менавіта ён мне і прапанаваў працаваць у СІЗА №8 замест сябе.
— І вы адразу згадзіліся?
— Так, вы ведаеце, не супраціўляўся. Неяк у мяне з самага пачатку не было асуджэння да зняволеных. Я бачу ў іх у першую чаргу людзей, якія недзе спатыкнуліся: некаму пашанцавала больш, некаму — менш. Таму кантактаваць з імі мне лёгка.
— А як зняволеныя да вас ставяцца? Не лічаць пасобнікам турэмных ахоўнікаў, якога прыставілі, каб выведаць у іх нейкую інфармацыю?
— Спачатку яны правяралі, ці можна мне давяраць: злівалі "дэзу" і чакалі, усплыве яна дзе ці не. Ацэньвалі, на што я магу згадзіцца. Быў перыяд, калі наогул ніхто не запісваўся на сустрэчу. Я быў ім нецікавы ў плане таго, каб нешта перадаць і прынесці.
— А што прасілі перадаць?
— Адзін прасіў перадаць ліст жонцы, другі — патэлефанаваць сябру і сказаць, што "ў яго ўсё нармальна". Хто ж ведае, можа, гэта ў іх кодавая фраза такая. Мяне своечасова папярэдзілі, што гэтага рабіць нельга. Таму ветліва адмаўляў. Раз, другі, трэці... І асуджаныя зразумелі, што праз мяне такія рэчы не пройдуць.
— З якімі просьбамі яшчэ звярталіся?
— Здаралася, што чалавек запісваўся на гутарку са мной. Прыходзіў і казаў: "Бацюшка, можна, мы памаўчым?". Я займаўся сваімі справамі, а ён сядзеў і маўчаў. Так ён адпачываў. Бо, разумееце, у турме ж практычна нерэальна пабыць аднаму. Там, у чатырох сценах, кожны сам за сябе, нікому нельга давяраць. Таму некаторыя вырываюцца з камеры, дзе немагчыма быць шчырымі, каб проста памаўчаць. Большасць — каб пагаварыць па душах.
— Пра што вы з імі размаўляеце?
— Мы размаўляем пра што заўгодна: пра Бога, жанчын, дзяцей, пра тое, што адбываецца ў свеце...
"Больш шчырай споведзі, чым у турме, я не чуў за ўсе свае 15 гадоў служэння"
— Айцец Георгій, ці шмат вернікаў у вашым турэмным прыходзе?
— Сёння гэта каля 80 чалавек.
— А колькі ўсяго асуджаных у Навасадах?
— Больш за тры тысячы.
— Якія яны, асуджаныя вернікі? Чым адрозніваюцца ад звычайных прыхаджан?
— Шчырасцю. Больш шчырай споведзі, чым у турме, я не чуў за ўсе свае 15 гадоў служэння. Яны сапраўды шкадуюць і каюцца, што зламалі лёс сабе, сваім блізкім, бацькам, жонкам, дзецям. Я веру ў пакаянне. Няма грахоў, якія Бог не мог бы дараваць. Ёсць людзі, якія не жадаюць пакаяцца.
— Як зняволеныя ставяцца да веруючых сукамернікаў?
— Па-рознаму. Некаторыя лічаць, што яны нейкую выгаду для сябе знайшлі ў царкве. Я не ведаю. Магчыма, гэта і так. Але я ўпэўнены, што менавіта такім чынам людзі, далёкія ад веры, прыходзяць да Хрыста. Памятаеце, калі Хрыстос заклікаў апосталаў да служэння, ён сказаў: "З гэтага часу вас зраблю лаўцамі чалавекаў". Я лічу, што ёсць сеці д'ябальскія. А ёсць сеці, якія расстаўляе Хрыстос. І ў іх спачатку, магчыма, і несвядома чалавек трапляе. А пасля разумее, што выйсці з іх ён ужо не хоча.
— А можа, варта, каб пазбегнуць канфліктаў, вернікаў утрымліваць у адной камеры?
— У мяне быў такі досвед у атрадзе пажыццёвага заключэння. Па просьбе прыхаджан хадайнічаў, каб у якасці эксперыменту вернікаў засялілі ў адну камеру. Адміністрацыя пайшла насустрач. Спачатку ўсё было добра: яны разам маліліся, хадзілі на богаслужэнні. Але недзе праз год пачаліся канфлікты, з'явіліся прэтэнзіі ў бытавым плане. Іх рассялілі. Хоць я і ў гэтым бачу промысел Божы. Яны ж не перасталі быць веруючымі людзьмі. А іншыя бачылі, як яны моляцца, і таксама пачалі прыходзіць спавядацца.
— Скажыце, а пажыццёва зняволеныя часцей за іншых звяртаюцца да Бога?
— Не, са 120 чалавек у жодзінскай турме ў 2010 годзе са мной кантактавалі 10 чалавек. Яны знайшлі ў сабе сілы, каб прызнацца ў сваіх грахах. Прыкладна такая ж сітуацыя і ў звычайным жыцці. У царкву ходзіць недзе 1 % ад агульнай колькасці людзей.
— А спавядаць прыгавораных да смяротнага пакарання не даводзілася?
— Не. Нават не ведаю, пра што я б з такім чалавекам гаварыў...
"Я б рэкамендаваў да такой перапіскі ставіцца вельмі асцярожна"
— Што б вы параілі адзінокім жанчынам, якія адважваюцца на працяглую перапіску з незнаёмцам, які сядзіць у турме?
— Я б рэкамендаваў да такой перапіскі ставіцца вельмі асцярожна. Не заключаць шлюб паспешліва, тым больш пакуль чалавек у турме. Трэба абавязкова дачакацца, калі ён выйдзе, калі ён праявіць сябе. Таму што лісты — гэта адно, трэба ўсё ж такі глядзець у вочы чалавеку.
— Бо можна напісаць што заўгодна...
— Вядома, яны такія дыфірамбы пішуць, што заслухаешся. Каб выглядаць у лепшым святле, у напісанні ўдзельнічаюць усёй камерай. У аднаго почырк прыгожы — ён піша, другі — літаратар па жыцці, вершы складае. Таму тут давярацца толькі лістам — гэта абсурд. Я таксама, калі шчыра прызнацца, супраць спатканняў, асабліва супраць працяглых. Бо яны, як правіла, падразумяваюць сэксуальнае жыццё. Я такіх жанчын не тое каб не разумею. Пэўна, у іх ёсць на гэта прычына. Але гэта несур'ёзна.
— А ці даводзілася вам вянчаць зняволеных?
— Двойчы. Вянчаў людзей, якія да гэтага жылі ў шлюбе не адзін год. У абодвух выпадках жанчыны для таго, каб падтрымаць свайго мужчыну, які аступіўся, вырашалі павянчацца. У абодвух выпадках таінства праходзіла ў малітоўным пакоі, вянцы трымалі афіцэры.
— Што вы параіце тым людзям, якія чакаюць сваіх родных з турмы?
— Не падаць духам і маліцца. Бачыць нават у гэтым няшчасці промысел Божы аб чалавеку, каб яго выправіць. Трэба жыць. І царква будзе суцяшэннем для жанчыны, якая чакае свайго мужа. У дачыненні да яго трэба быць шчырай. Не трэба гуляць у кошкі-мышкі. Атрымліваецца сабраць пасылку — сабралі. Не атрымліваецца — трэба так і напісаць. А то многія зняволеныя прызвычаіліся, што ім бацькі дасылаюць брытву фірмы Gіllеttе, самую лепшую зубную пасту — думаюць, што ім там, на волі, усё так проста дастаецца.
"Зняволеныя ўспрымалі мяне як Дзядулю Мароза, у якога поўныя кішэні грошай"
— Айцец Георгій, вам пастаянна даводзіцца слухаць гісторыі пра жорсткія забойствы... Няўжо ніколі не было жадання адмовіцца ад турэмнага служэння? У дэпрэсію не ўпадалі?
— Не. Менавіта з-за гэтага не. Быў напачатку невялікі перыяд дэпрэсіі, калі асобныя асуджаныя спрабавалі мной маніпуляваць. Прыходзілі і казалі: "Я, вядома, разумею, што ў цябе там сям'я. Але ж Біблія вучыць дапамагаць бліжняму свайму. Збяры мне перадачу". Прыводзілі мне цытаты са Свяшчэннага пісання, і я не ведаў, што сказаць. Больш вопытныя турэмныя святары мяне падтрымалі. Сказалі, што я нікому нічога не абвязаны. Хрыстос казаў: "Калі я магу, я гэта раблю". Я і цяпер нікога не адштурхваю, але даю зразумець, што магу падтрымаць толькі духоўна.
— Вы хочаце сказаць, што асобныя зняволеныя ўспрымалі вас як Дзядулю Мароза, у якога поўныя кішэні грошай?
— Можна сказаць і так. Я, дарэчы, у святы і быў Дзядулем Марозам. На Раство ў кожную камеру прыносіў цукеркі ці халву. "На гэтыя цукеркі адкладалі грошы веруючыя бабулькі са сваіх пенсій, і сёння пра вас не забылі, моляцца аб вас". Не толькі жанчыны, а нават мужчыны прымалі пачастунак са слязамі на вачах.
— Чым кожны з нас можа дапамагчы зняволеным?
— Калі некаму цікава такое сацыяльнае служэнне, можна падысці да святара і пацікавіцца, што патрэбна. Бо ў зонах сапраўды ёсць людзі, у якіх няма сям'і ці ад якіх адмовіліся сваякі. Яны не атрымліваюць перадач. І ім патрэбна самае элементарнае: бялізна ды прадметы асабістай гігіены.
— Заключаныя трапілі ў турму не па сваёй волі, у адрозненне ад наглядальнікаў і іншых турэмных супрацоўнікаў, якім таксама патрэбна духоўная падтрымка. Як вы мяркуеце?
— Безумоўна, турэмны святар прызваны кантактаваць не толькі з заключанымі, але і з людзьмі, якія там працуюць. І апошнім духоўная падтрымка патрэбна не менш. Так, ім нярэдка даводзіцца чуць пагрозы расправы над сям'ёй. Гэта псіхалагічна вельмі няпростая служба. Тут патрэбна вытрымка, пачуццё гумару. Гэта павінен быць вельмі ўраўнаважаны чалавек.
— А як вы лічыце, ці трэба святару, які плануе працаваць ў турме, спецыяльная падрыхтоўка?
— Безумоўна, трэба праслухаць курс турэмнага служэння. Праўда, у семінарыях пакуль такога курсу няма. Выключэнне — духоўная семінарыя, якая нядаўна адкрылася ў Віцебску. Там будуць рыхтаваць пастараў менавіта для работы ў турмах. Таксама, калі б была б мая воля, паставіў бы святара ў турму асобным прыходам, як гэта зроблена ў Аршанскай турме. Бо калі ў святара, акрамя турэмнага прыхода, у падначаленні вясковы альбо гарадскі, часу для зносін з заключанымі вельмі мала.
— "Не крадзі!"- вучыць Біблія. Зняволеныя ж, якія сядзяць за крадзеж, пэўна, неяк па-іншаму інтэрпрэтуюць гэты хрысціянскі запавет?
— Сапраўды, у турме ёсць свае законы, свае паняцці. Так, да прыкладу, там вельмі праследуецца так званае "крысятніцтва". Гэта калі я краду нешта — ручку, гадзіннік, лісток... — у суседа па камеры. У той жа час яны лічаць нармальным скрасці нешта ў багатага "дзядзі" недзе на волі. Вось такое вось "робінгудаўскае" паняцце. Бедных рабаваць нельга, а багатых — можна.
— Ваша задача — змяніць гэтыя паняцці?
— Я спадзяюся, што гэта адбудзецца. Хоць, шчыра кажучы, не стаўлю перад сабой такой мэты, бо ў іншым выпадку я б ужо даўно сышоў з гэтага служэння, расчараваўся б у гэтым усім. Бо чалавек ёсць чалавек. Ён сёння кажа "так", а заўтра — "не". Сёння яму гэта выгадна, таму ён гэта робіць. Заўтра стане нявыгадна, будзе рабіць па-іншаму. Я жыву сённяшнім днём. Зняволены сёння пакаяўся, быў шчырым — і для мяне гэтага дастаткова. Безумоўна, радуюся, калі чалавек, з якім я кантактаваў у турме, выйшаў на волю і жыве нармальным жыццём. Ёсць, дзякуй Богу, і такія прыклады.
— Айцец Георгій, а ад чаго залежыць — стане чалавек на праведны шлях ці не?
— Я цвёрда ўпэўнены, што той, хто хоча выправіцца, зробіць гэта. Праўда, ёсць адно "але". Чалавек выходзіць на волю і сутыкаецца з тым, што грамадства яго не прымае. Участковы ледзь толькі што-небудзь здарыцца, пачынае яго тузаць. Уявіце, калі чалавек ні ў чым не вінаваты, а яго перад суседзямі, жонкай зноў выстаўляюць злачынцам, забіраюць у міліцыю. Не кожная псіхіка гэта вытрымае. Таму пакуль грамадства не навучыцца цаніць у гэтых людзях людзей, ставіцца да іх уважліва, дагэтуль турмы будуць актуальныя. Таксама вельмі б хацелася, каб служачыя калоніі, афіцэры паказвалі зняволеным толькі станоўчы прыклад, размаўлялі з імі без матаў, што там лічыцца нормай.
— Айцец Георгій, а што вам асабіста дала служба турэмнага святара ў духоўным плане?
— Бачыць у чалавеку чалавека, нягледзячы на тое, што ён зрабіў, за што асуджаны.
Фота аўтара і з архіва Свята-Васкрасенскага кафедральнага сабора ў Барысаве.