Як нашы працуюць і жывуць у Венесуэле

Источник материала:  

Мінчанін Аляксандр на днях прыляцеў у водпуск з Венесуэлы, дзе адпрацаваў 11 месяцаў на будоўлі па кантракце. Адчуваецца, што мой суразмоўца яшчэ не зусім адаптаваўся, бо розніца ў часе паміж Венесуэлай і Беларуссю — 7 гадзін. "Хатнія кладуцца спаць, а я баўлю час за тэлевізарам ці камп'ютарам. Але, думаю, хутка ўвайду ў звыклы рытм", — усміхаецца ён. Хлопец скончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-механік, працаваў на адным са сталічных прадпрыемстваў, затым падаўся ў прыватную фірму, перавозіў грузы ў Расію. Але праца была сезоннай, ды і заробкі не зусім задавальнялі. Вырашыў пашукаць работу праз інтэрнэт. На адным з сайтаў размясціў рэзюме. Праз нейкі час яму патэлефанавалі, запрасілі на размову. Потым накіравалі на медыцынскую камісію, якую прайшоў паспяхова, затым — псіхалагічны тэст. Прэтэндэнтаў на працу было нямала, але нехта не вытрымаў іспытаў, а хто і па стане здароўя не падышоў. Пасля атрымання візы ў сакавіку мінулага года хлопец вылецеў у гэтую далёкую паўднёваамерыканскую краіну. Вядома, было крыху трывожна на душы: наперадзе новае, нязведанае...

Па прынцыпе "ўсё ўключана"

— Самае складанае выпрабаванне — гэта пералёт. Спачатку з Мінска да германскага Франкфурта — недзе дзве гадзіны, а ўжо адтуль авіялайнерам яшчэ 11 гадзін да Каракаса. Разам са мной ляцелі спецыялісты з розных куткоў Беларусі. Пазнаёміліся, разгаварыліся, так што і час прайшоў хутчэй. У аэрапорце нас сустракалі прадстаўнікі фірмы і перакладчык, які дапамог аформіць неабходныя дакументы. Тут жа чакала і машына з вадзіцелем, каб адвезці да месца прызначэння. У прыватнасці, мяне размеркавалі на будаўнічы аб'ект у Маракай. Гэта даволі буйны горад, цэнтр штата Арагуа. Дабрацца туды можна за паўтары гадзіны — калі няма на дарозе затораў, бо ва ўласнасці венесуэльцаў шмат асабістага транспарту. У асноўным гэта маркі машын амерыканскай вытворчасці розных гадоў выпуску: "крайслеры", "шэўрале", трапляюцца і японскія маркі. А вось "еўрапейцаў" практычна няма. Ды і паліва таннае: за сто літраў бензіну ў пераліку з мясцовай валюты — адзін долар, — распавядае Аляксандр.

Пасялілі яго ў камфартабельнай трохпакаёўцы сучаснага дома. Разам з ім жывуць яшчэ два хлопцы з Беларусі.

Як нашы працуюць і жывуць у Венесуэле

— У будныя дні прачынаемся рана, каб паспець на аўтобус, які забірае работнікаў у 7 гадзін раніцы на аб'ект. Гэты ж аўтобус а палове шостай вечара развозіць усіх па дамах. А будуем мы жыллё — недзе дзве тысячы кватэр, гэта цэлы мікрараён з усёй неабходнай інфраструктурай. Ужо вядуцца ўнутраныя работы. Так што ў недалёкай перспектыве з'явяцца навасёлы, — не хавае задавальнення мой суразмоўца.

Яго зразумець можна: у агульную скарбонку і ён унёс часцінку сваёй працы.

— І якія гэта дамы? Шматпавярховікі, гмахі? — цікаўлюся ў яго.

— Не, звычайныя маналітныя бетонныя збудаванні ў пяць паверхаў, — кажа ён. — Гэта паўднёвы варыянт. Няма звыклых нам пад'ездаў. Дзве будыніны злучаны пасярэдзіне лесвіцай, якая вядзе на паверхі з агульнымі калідорамі.

Бяспеку гарантуе... тэхніка бяспекі

Напачатку Аляксандра прызначылі інжынерам пагрузачна-пад'ёмнай тэхнікі, у яго падпарадкаванні працавалі аператары грузапад'ёмных машын з ліку мясцовых жыхароў. Па першым часе было цяжкавата — моўныя бар'еры. Даводзілася звяртацца па дапамогу да перакладчыка, які абавязкова прысутнічае на аб'екце. "Але перакладчык не можа знаходзіцца пастаянна побач менавіта са мной, у яго і іншых спраў хапае, — заўважыў хлопец. — Наведваў курсы іспанскай мовы, якія арганізаваў наймальнік, вучыўся па слоўніках, засвойваў замежную мову з дапамогай тэлеперадач, радыё".

Крыху пазней, калі Аляксандра перавялі інжынерам участка цэха па вырабе арматурнай сеткі, ён ужо даволі добра размаўляў па-іспанску, моўныя перашкоды адпалі. Па яго словах, на аб'екце арганізаваны і іншыя падсобныя вытворчасці: вузел па прыгатаванні бетону, па выпуску металічных канструкцый, сценавых панэляў, якія змяншаюць залежнасць ад пастаўшчыкоў.

— А як наконт заробкаў? — прашу прабачэння ў Аляксандра за не зусім тактоўнае пытанне.

— Скажам так, зарплата неблагая, асабіста мяне задавальняе, грошы пералічваюць на картку ў беларускіх рублях. Акрамя таго, выдаюць камандзіровачныя, — ухіліўся ад прамога адказу Аляксандр. Што ж, мае права.

Вельмі важна, што кожнага спецыяліста за свой кошт фірма забяспечыла мабільнікам, каб пастаянна быў на сувязі. На аб'екце штодня дзяжурыць "хуткая дапамога". У выпадку вытворчай траўмы ці нечаканай хваробы чалавека імгненна даставяць у бальніцу. Праўда, такога не здаралася, ахове працы і тэхніцы бяспекі — асаблівая ўвага з боку кіраўніцтва. Работнікі цалкам забяспечаны якасным спецадзеннем і абуткам: сонцаахоўныя акуляры, каска, па дзве баваўняныя сарочкі ды пара джынсаў. Мой суразмоўца паказвае рабочыя чаравікі. Натуральная замша, высокая рабрыстая падэшва — у такіх не сорамна і на вуліцы паказацца. "Усё з улікам тамтэйшага надвор'я, каб людзям было зручна, камфортна", — адзначае Аляксандр. У кожнага спецыяліста і рабочага аформлены страхавы медыцынскі поліс, абслугоўваюцца яны ў паліклініцы, можна прайсці і медагляд, і зубы палячыць.

Асаблівасці клімату 'і менталітэту

— Многія еўрапейцы скардзяцца на кліматычныя ўмовы: страшэнная спякота.

— Ці хутка вы, Аляксандр, прызвычаіліся да надвор'я?

— Гэта ж не пустыня з сухавеямі, дзе невыносна паліць сонца. Хутчэй за ўсё, клімат нагадвае прычарнаморскі: сярэдняя тэмпература ў Маракаі прыблізна 35 градусаў цяпла, — канстатуе ён. — У Каракасе, які размяшчаецца ў гарах, халадней. Сезон дажджоў таксама пераносіцца нармальна. Ліўні моцныя, але непрацяглыя. Няма такога, што яны ідуць бесперапынна на працягу ўсяго дня. Сыпанула з неба, а праз дзве гадзіны выглянула сонца. Тым больш што мы, беларусы, звыклыя да дажджоў. У нас нярэдка здараецца, што сонца не выглядвае з-за хмар і тыдзень, і два.

Інтэрнэт поўніцца інфармацыяй аб тым, што замежнаму грамадзяніну небяспечна аднаму выходзіць на вуліцу: маўляў, бандытызм, рэкет.

— Гэта перабольшванне, ніхто цябе не кране сярод белага дня. Можна спакойна гуляць па горадзе, наведваць магазіны пры ўмове, што ты не правакуеш сам зладзеяў-адзіночак, экстрэмальна настроеных падлеткаў, дэманструючы перад імі дарагія ўпрыгажэнні, рэчы. Так, верагоднасць сутыкнуцца са зламыснікам існуе, зрэшты, як і ў Беларусі ці ў любой іншай краіне. Не варта прагульвацца вечарам — лішняя перасцярога не перашкодзіць.

А наогул, па словах суразмоўцы, венесуэльцы гасцінныя, добразычлівыя, усмешлівыя і абаяльныя, любяць пажартаваць з сябе (маўляў, мы добра ўмеем рабіць дзве справы: здабываць нафту і нараджаць дзяцей). Ствараецца ўражанне, што яны цалкам задаволены жыццём. Неаднаразова беларуса запрашалі дадому, але ён, як сціплы чалавек, адмаўляўся, каб не ствараць лішніх клопатаў гаспадарам. З падначаленымі ў яго склаліся таксама добрыя адносіны. З многімі абмяняліся нумарамі тэлефонаў, электроннымі і хатнімі адрасамі. "Людзі ўсюды аднолькавыя, калі добра да іх ставішся, паважаеш іх культуру, звычаі, традыцыі, то і яны адказваюць узаемнасцю", — прыйшоў да высновы Аляксандр.

Як падсілкуешся, так і папрацуеш

Цалкам задаволены ён і харчаваннем. Паабедаць можна на аб'екце, куды спецыяльна абсталяванай машынай дастаўляюць стравы. Меню разнастайнае, кожны дзень новае: салаты, супы, на другое — рыс, бульба, макарона з катлетай, курацінай, гуляшом, свежавыціснутыя сокі з манга, гуаябы (гуавы) ды іншай экзатычнай для беларусаў садавіны. "Снедаем і вячэраем з калегамі дома. Гатуем па чарзе з тых прадуктаў, якія купляем у складчыну. Акрамя гэтага, самі прыбіраем у кватэры, хаця можна выклікаць "тэхнічку". Але мы не лічым сябе вялікімі панамі, можна і прапыласосіць, і мокрай анучай прайсціся па падлозе".

Па словах Сашы, у Венесуэле дэфіцыту няма. У супермаркетах, магазінах ёсць усё што заўгодна. Шырокі асартымент прадуктаў харчавання, хоць, на думку Аляксандра, асобныя з іх не надта танныя. Напрыклад, дастаткова дарагая бульба. Найбольш даступныя па цане макарона, садавіна, рыба. З мяса — кураняты-бройлеры. Прычым рыба — выключна свежая, выбар яе вельмі вялікі, многіх найменняў беларусы нават і не чулі. Давялося ўдосталь пакаштаваць розных марскіх далікатэсаў: кальмараў, крэветак, васьміногаў. Для беларусаў гэта — экзотыка, а для венесуэльцаў цалкам даступная штодзённая ежа.

— А якія спіртныя напоі ўжываюць венесуэльцы? — дапытваюся ў Аляксандра.

— Ром, віскі з лёдам. Але выпіваюць яны ў меру, прынамсі, п'яных у дым на вуліцах не сустрэнеш. Дарэчы, доза спіртнога ў Венесуэле вымяраецца глыткамі: адзін глыток — гэта 30 грамаў.

У краіне добра развіта сістэма нацыянальнага фастфуду. Напрыклад, Аляксандру падабаецца "Імпанада". Як ён патлумачыў, гэта вялікая, разрэзаная папалам кукурузная аладка з самымі разнастайнымі начынкамі: з морапрадуктаў, зеляніны, мяса, кураціны і сыру.

— У вас можа стварыцца ўражанне, што нашы беларусы, акрамя работы, нічога не бачаць. Гэта не так. Кіраўніцтва кампаніі пастаянна клапоціцца пра адпачынак сваіх супрацоўнікаў, каб цікава і з карысцю бавілі вольны час. Дзякуючы гэтым клопатам шмат дзе давялося пабываць за выхадныя дні. У прыватнасці, пабачыць магутны вадаспад Анхель, непаўторную легендарную даліну Рараіму з ідэальна чысцюткай празрыстай вадой, пагасцяваць у мясцовых фермераў на ранча. Зачароўвае яркая, насычаная рознымі колерамі прырода. А экзатычныя пладовыя дрэвы растуць прама на гарадскіх вуліцах, абапал дарог, як у нас ліпы ці таполі. Не падабаецца апад, можна і з дрэва зняць сакавіты плод. Дарогі ў краіне асфальтаваныя, дагледжаныя. Да горнага Каракаса, напрыклад, вядзе гладкая роўная шаша з эстакадамі, тунелямі — не горш за нашу "алімпійку". Пабываць у Венесуэле варта толькі дзеля таго, каб пабачыць карнавалы, паназіраць за боем быкоў. У Маракаі каля ўваходу на стадыён карыды ўстаноўлены помнік тарэадору. "Хто аднойчы пабываў у гэтай непаўторнай прыгажосці краіне, абавязкова сюды вернецца зноў, — упэўнены Аляксандр.

Таццяна Лазоўская. 

←В Вооруженные Силы Беларуси поступило более 130 наименований военной техники отечественного производства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика