З чым блінцы смачнейшыя?
Пакаштаваць бліноў на Масленіцу шмат хто ласы. Тоўстыя духмяныя на дражджах, грэцкія, якія, нібы мёд, растаюць у роце, тонкія блінцы на малацэ... Смаката! І калі бліннай разнастайнасцю можа здзівіць, лічы, кожная гаспадыня, дык мачанка — страва, якая цудоўна ідзе з блінамі, чамусьці аказваецца незаслужана забытай. Гэты традыцыйны беларускі прысмак мае шмат варыяцый. Паспрабавала прыгатаваць мачанку на ўласнай кухні, і вось што з гэтага атрымалася.
Варыянт першы. Панскі. Мясны і тлусты
Вам спатрэбіцца:
300 гр. свіных рэбраў
80 гр. вэнджанай каўбасы
120 гр. несалёнага сала
200 гр. сырой хатняй каўбасы
2 вялікія цыбуліны
2-3 ст. лыжкі мукі
Кмен, чорны молаты перац, духмяны перац, перац-гарошак, соль
Пачаць вырашыла з самага няпростага. Рэцэпт здаваўся складаным і "неядомым" хаця б ужо з-за таго, што столькі мяснога і тлустага адразу (сапраўды, па-панску) — проста недарэчнасць нейкая для некаторых сучасных гурманаў. Паставіла рондаль з вадой, дачакалася, пакуль закіпіць. У кіпень кінула рэбры і вэнджаную каўбасу. Сала патрабавалася нарэзаць маленькімі кавалачкамі і падсмажыць, пасля чаго дадаць у патэльню два гатункі каўбасы, нарэзаныя саломкай. Туды ж паклала цыбулю, нарэзаную кольцамі, пасмажыла яшчэ хвілін 15. Заставалася толькі пасаліць і прыправіць. Па кватэры паплыў неймаверны водар, ад якога хацелася праглынуць язык.
Далей смажаная смаката разам з варанымі рэбрамі складваецца ў керамічны гаршчок і заліваецца булёнам, які застаўся ад варкі, перамешаным з мукой. Гаршчок ставіцца ў гарачую духоўку на дзве гадзіны.
У выніку нават мае дасціпныя суседзі праз паўтары гадзіны не прамінулі пацікавіцца, чым жа гэта так пахне. Мачанка атрымалася густой і сытнай, з блінцамі спалучалася цудоўна. Не шкада ні патрачанага часу, ні грошай.
Варыянт другі. Смачны, але не для фота
Вам спатрэбіцца:
150 гр. сала з праслойкамі мяса
150 гр. свініны
2 цыбуліны
3 яйкі
300 гр. смятаны
Соль і спецыі
Вырашыўшы прыгатаваць гэтую мачанку, я не думала, што пераканаюся, наколькі нешта неапетытнае на выгляд часта бывае надта смачным.
Сала з мясам неабходна нарэзаць і падсмажыць, туды ж дадаць нарэзаную цыбулю, соль і прыправы. Так я і зрабіла. Трэба сказаць, да гэтага моманту ўсё выглядала досыць апетытна і прыстойна. Далей, згодна з рэцэптам, прыйшла чарга смятаны, перамешанай з яйкамі. Маса ў патэльні пры гэтым павінна працягваць булькатаць і смажыцца. Як толькі дадала смятану, выгляд стравы адразу неяк сапсаваўся. Мяса стала нейкім страшэнна-шэранькім, а сырыя яйкі, як старанна я ні перамешвала мачанку, пачалі смажыцца камячкамі. Пахла страва нішто сабе, таму пакаштаваць усё ж адважылася. Аказалася, цудоўна. Смятана і яйкі, што, як здалося, сапсавалі страву, зрабілі яе смак вельмі далікатным. І ўсё ж фатаграфаваць атрыманую смакату я не адважылася.
Варыянт трэці. Тварожна-далікатны
Вам спатрэбіцца:
200 гр. тварагу
100 гр. сыраквашы
Соль і перац альбо цукар
Рэцэпт вычытаны ў кнізе Алеся Белага "Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня". Паходзіць з Гродзенскага павета.
Каб прыгатаваць тварожную мачанку, тварог пераціраецца са смятанай і сыраквашай з дапамогай відэльца (больш сучасны варыянт — узбіць у куханным камбайне). Соль з перцам альбо цукар — на ваш смак. Для сваёй стравы я выбрала першы варыянт. Рэцэпт вельмі просты і хуткі. І смачны, у чым магу запэўніць.
Варыянт чацвёрты. Салодка-мадэрновы
Вам спатрэбіцца:
100 гр. насення маку
100 гр. цукру
50 гр. смятаны
Загушчальнік (калі ёсць)
— А чаму б табе не паспрабаваць зрабіць салодкую мачанку? — спытала адна знаёмая, даведаўшыся пра мой кулінарны эксперымент. Салодкіх аўтэнтычных беларускіх рэцэптаў знайсці, на жаль, не ўдалося. Таму давялося займацца варыяцыямі на тэму. Узгадала пра салодкі мак, які мая бабуля рабіла для пірагоў. Папярэдне ён замочваўся ў цёплай вадзе на некалькі гадзін, пасля чаго туды дадаваўся цукар і маса ўзбівалася. Я вырашыла ўзбіць смятану з цукрам і загушчальнікам, пасля чаго дадаць туды мак, прыгатаваны вышэйапісаным чынам. Атрымаўся вельмі лёгкі і смачны крэм. Такая своеасаблівая макавая мачанка.
Варыянт пяты. Грыбны. Пікантны
Вам спатрэбіцца:
200 гр. свежых грыбоў
2-3 сушаныя грыбы
1 ст. лыжка мукі
50 гр. смятаны
50 гр. сметанковага масла
Соль
Разжыцца свежымі грыбамі напрыканцы зімы, зразумела, праблематычна, таму ў ход пайшлі замарожаныя маслячкі з восеньскіх запасаў. Грыбы абсмажваюцца на алеі і сметанковым масле, сушаныя крышацца на маленькія кавалачкі і таксама дадаюцца ў патэльню. Пад канец пасаліць і дадаць смятану. Патушыць з паўгадзінкі. Мачанка атрымліваецца вельмі цікавай на смак: сушаныя грыбы дадаюць своеасаблівую далікатную нотку, а смятана з маслам, перамяшаўшыся з грыбным сокам, ператвараюцца ў найсмачнейшую поліўку, якую варта пакаштаваць.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.