У рэгіёне − Масленіца!
Ва ўсім рэгіёне, акрамя Ашмяншчыны, святкаваць Масленіцу будуць у нядзелю, 26 лютага. На Вілейшчыне ў гэты дзень можна будзе пакатацца на кані за 3 тысячы рублёў.
Праграма "Гуляй, Масленка!" пачнецца ў Маладзечне на пляцоўцы каля амфітэатра апоўдні. Паводле інфармацыйнага аддзела Палаца культуры, гасцей свята будуць чакаць традыцыйныя бліны, конкурсы з прызамі, тэатральна-гульнявое прадстаўленне.На Вілейшыне Масленіцу адгуляюць у аграгарадку “Любань”. Як распавяла метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Верамей, пакатацца на кані можна будзе за тры тысячы рублёў (на леташніх “Дажынках” у Маладзечне пракат поні каштаваў 15 тысяч рублёў, дарослага каня − 20 тысяч).
Астравецкае свята таксама пачнецца апоўдні ў нядзелю ў лесапарку.
− Калі надвор’е дазволіць, будзе усё, што запланавана, − расказала дырэктар раённага цэнтра культуры Ірына Расамацкая. − Пракат канькоў і лыжаў, касцёр з пудзілам, латэрэя, лыжня і смачныя бліны!
У Смаргоні адзначаць пачнуць у 11 гадзін у гарадскім парку. Метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Тамара Сяменчанка расказала, што святкаванне будзе традыцыйным: гульні, спартыўныя спаборніцтвы, катанне на санках.
Паводле сайта Мядзельскага райвыканкама, мерапыемства пачнецца ў 12 гадзін на плошчы Шаранговіча. Гасцям свята абяцаюць вясновыя пацешкі і загадкі скамарохаў, гульнявыя пляцоўкі і масленічныя прысмакі.
На Валожыншчыне на Масленіцу запрашаюць у вёску Манькаўшчына Яршэвіцкага сельсавета а 15 гадзіне. Начальнік аддзела культуры Вікенцій Адамовіч распавёў, што там будзе “як на любое народнае свята”.
А ў Ашмянах свята ўжо адгулялі на мінулым тыдні.
− У нас шмат католікоў, таму мы зладзілі яго да Вялікага паста, − патлумачыла дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Куст. − Выдатна пасвяткавалі ў мінулую нядзелю.
Зоя ХРУЦКАЯ.