Кітайца прасцей навучыць размаўляць па-беларуску, чым беларуса?
Беларускую мову ў якасці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва Беларусі. Большасць жа жыхароў краіны гаворыць на трасянцы.
Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёння, Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што падчас перапісу 2009 года беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны (5 мільёнаў 58 тысяч чалавек). Аднак дома на ёй размаўляюць толькі 30% насельніцтва.
Разам з тым, як паказаў перапіс, большая частка насельніцтва Беларусі (70%) аддаюць перавагу зносінам на рускай мове — на ёй размаўляюць 96% рускіх, 88% украінцаў, 70% беларусаў і 51% палякаў, якія жывуць у Беларусі.
Беларускую мову ў якасці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва. Толькі 26% беларусаў размаўляюць дома па-беларуску, затое ў якасці размоўнай яе выкарыстоўваюць 41% «беларускіх» палякаў.
Лінгвістычныя характарыстыкі жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі адрозніваюцца, адзначаюць у Белстаце. Так, напрыклад, у Мінскай вобласці каля 70% насельніцтва ў якасці роднай мовы назвалі беларускую, у той час як у самім Мінску — толькі 35% насельніцтва, а размаўляюць на ёй толькі 6% жыхароў сталіцы. У астатніх рэгіёнах роднай мовай беларускую лічаць крыху больш за 50% жыхароў.
Паводле статыстыкі, у 2011/12 навучальным годзе ў групах устаноў дашкольнай адукацыі выхавацелі размаўляюць на беларускай мове больш чым з 45 тысячамі дашкольнікаў. Аднак гэта складае толькі 12% дзяцей, якія наведваюць садкі. У дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове вывучаюць усе прадметы прыкладна 164 тысячы вучняў (18% ад колькасці ўсіх школьнікаў).
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі на пачатак навучальнага года на рускай і беларускай мовах вучыліся 23 тысячы навучэнцаў (14% ад агульнай колькасці), на беларускай мове — 1,6 тысячы (каля 1%). Ва ўстановах вышэйшай адукацыі гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 164,2 тысячы (37% усіх студэнтаў) і 4,2 тысячы (0,9%) студэнтаў.
Старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў гаворыць, што кожны беларус можа паспрыяць адраджэнню роднай мовы, калі будзе карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці.
Што да статыстыкі, то Трусаў не ўпэўнены, што гэтыя афіціыйныя лічбы адлюстроўваюць рэальную моўную сітуацыю ў краіне: «Большасць нашых людзей размаўляе на трасянцы. Калі яна ў іх разуменні больш падобная на рускую мову, яны і кажуць, што гавораць на рускай. На літаратурнай рускай мове размаўляе ў Беларусі не больш за 5% людзей».
Але што ж добрага ў тым, што большасць насельніцтва Беларусі размаўляе на трасянцы? Трусаў лічыць, што, з аднаго боку, гэта сапраўды не вельмі добра. Але з іншага — калі забудзецца і трасянка, тады «нам поўны канец і смерць». «Маючы трасянку, кола нашай пагібелі мы можам павярнуць у бок нашага адраджэння, — даводзіць старшыня ТБМ. — Дарэчы, пытанне трасянкі — сусветная праблема ў часы глабалізацыі. Не мы адны такія з моўнай праблемай. Ёсць у Еўропе народы, у якіх з роднай мовай нашмат горш: гэта шатландцы, ірландцы, валійцы, мовы якіх ужо фактычна страчаныя».
Алег Трусаў падкрэслівае: як бы там ні было, на беларускай мове выдаецца літаратура, у тым ліку недзяржаўнымі выдавецтвамі. Каб пашырыць ужытак мовы ў грамадскім жыцці, Таварыства беларускай мовы вядзе актыўную перапіску з уладамі. Цяпер з унясеннем зменаў у закон «Аб зваротах грамадзян» чыноўнік павінен даваць адказ на зварот грамадзян на той мове, на якой да яго звяртаюцца: «Я яшчэ раз хачу запрасіць усіх грамадзян Беларусі звяртацца да ўладаў на беларускай мове і патрабаваць адказаў на ёй жа. Такім чынам, колькасць носьбітаў з аднаго і другога боку рэзка павялічыцца. Увогуле ж гэты закон будзе працаваць толькі ў выпадку грамадскага кантроля і дзейснай яго падтрымкі з боку грамадскасці».
Што да сферы адукацыі, дык Трусаў лічыць: ва ўніверсітэтах многае залежыць менавіта ад стаўлення да мовы студэнта. Калі студэнты будуць зацікаўленыя ў адукацыі па-беларуску, ім яе забяспечаць: «Разумееце, не прыедзе Пуцін, каб дапамагчы нам ствараць беларускамоўныя навучальныя ўстановы. Самім трэба клапаціцца пра адукацыю на роднай мове. Зараз на гістрычным факультэце БДУ ёсць рускамоўныя і беларускамоўныя курсы. Была нават група стаматолагаў, якія навучаліся на беларускай мове».
Па-беларуску выкладаюць і вышэйшую матэматыку, і медыцыну: «Я выкладаю 11 дысцыплін на беларускай мове. Вучыліся ў мяне кітайцы на беларускай. Я з імі дамовіўся, растлумачыў, што наша мова блізкая да кітайскай, - бо ж у беларускай таксама ёсць гукі «дз», «дж». Вымаўляць кітайцам беларускае слова значна прасцей, чым рускае».
Застаецца пытанне — дзе ж узяць такіх студэнтаў сярод беларусаў, якія ў наш прагматычны час, у атмасферы незапатрабаванасці беларускай мовы ў грамадскім жыцці, будуць імкнуцца атрымліваць на ёй адукацыю, самі сабе ствараючы складанасці ў будучыні?
Алег Трусаў кажа, што выйсце толькі адно: трэба выхоўваць моладзь і прапагандаваць мову. «Самая вялікая праблема ў школе — гэта настаўнікі беларускай мовы, якія вядуць урокі на беларускай мове, а пасля іх размаўляюць на рускай. Усё ж такі, калі ты выкладаеш мову, а на ёй не размаўляеш, то лепш ідзі прадаваць бананы. Такія людзі робяць большае злачынства ў адносінах да мовы, чым любы службоўца. Пры тым, што сярод настаўнікаў беларускай мовы шмат рупліўцаў на ніве беларушчыны, многія з іх застаюцца нашай ахілесавай пятой».
Дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец 16 лютага на пасяджэнні круглага стала выказаў думку, што для таго, каб мова заняла належнае месца ў грамадстве, трэба перадусім строга выконваць заканадаўства і нарматыўныя акты, якія тычацца моўнай сферы, павышаць моўную кампетэнцыю грамадства, папулярызаваць беларускую мову, ствараць ёй станоўчы імідж.
«Сёння мову павінны прапагандаваць людзі паспяховыя, аўтарытэтныя, паважаныя і прыгожыя, — упэўнены Лукашанец. — Калі мы будзем чуць нашу мову ад такіх прадстаўнікоў грамадства, і іншыя пачнуць больш ахвотна ёю карыстацца. <…> І апошняе — сёння беларуская мова павінна стаць фактарам кансалідацыі нашага грамадства, а не фактарам канфрантацыі».
Дырэктар акадэмічнага інстытута адзначыў, што беларуская — гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства. Наша мова развіваецца ў рэчышчы тых агульных тэндэнцый, якія вызначаюць сучаснае развіццё ўсіх славянскіх моў, у кантэксце сусветнага моўнага працэсу.
Нягледзячы на праблемы выкарыстання ў большасці афіцыйных сфер ужытку, беларуская мова сёння пранікае ў тыя сферы, у якіх яе раней не было, у першую чаргу ў сферу інтэрнэт-камунікацый і канфесійнае асяроддзе. А гэта значыць, што беларуская мова становіцца усё больш запатрабаванай і назіраецца тэндэнцыя да пашырэння сфер яе ўжытку.
Алена СПАСЮК