Дзмітры Харытонаў усміхнуся, даведаўшыся, што ён адзін з лепшых прадпрымальнікаў Беларусі
Прадпрымальнік са Смаргоні Дзмітры Харытонаў, саўладальнік дрэваперапрацоўчай смаргонскай фірмы “Халес”, увайшоў у лік 200 лепшых прадпрымальнікаў Беларусі, якія працавалі ў 2011 годзе.
Рэйтынг складзены па версіі інтэрнэт-партала “Ежедневник”. Дзмітры Харытонаў, нягледзячы на сваю занятасць, даў інтэрв’ю нашаму выданню.
Прадпрымальнік расказаў, што нарадзіўся ў 1970 годзе ў Маладзечне. У 1988 годзе скончыў сярэднюю школу №10, потым, у 1994-м, – факультэт робататэхнікі Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля вучобы заняўся дрэваперапрацоўчым бізнесам. Яго фірма “Халес” у Смаргоні займаецца вытворчасцю міжпакаёвых дзвярэй.
Маладзечанец Дзмітры Харытонаў - адзін з лепшых прадпрымальнікаў Беларусі. Ён займаецца дрэваперапрацоўчым бізнесам у Смаргоні.
У размове з “РГ” прадпрымальнік выказаў сваё меркаванне пра рэйтынг інтэрнэт-выдання “Ежедневник”.
– Першае, што я зрабіў, калі прачытаў вынікі рэйтынгу, – гэта ўсміхнуўся, – кажа Дзмітры Харытонаў. – Патлумачу, чаму. Справа ў тым, што мне не зусім зразумела, па якіх крытэрыях гэта выданне выбірала лепшых бізнесоўцаў.
Але, з іншага боку, па словах бізнесоўца, калі “Ежедневник” правёў такую работу, прааналізаваў пэўныя якасці прадпрымальнікаў, і – больш таго – вынікі гэтай работы абмяркоўваюцца ў Інтэрнэце, рэйтынг мае права на існаванне.
Да ўласнай прысутнасці ў пераліку 200 лепшых прадпрымальнікаў года Дзмітры таксама ставіцца сціпла.
– Прагледзеўшы рэйтынг, я ўбачыў у ім людзей, якія, па маім меркаванні, маглі б там і не аказацца, – кажа бізнесовец. – З іншага боку, ведаю прадпрымальнікаў у сваім бізнесе, якія дастойныя быць у ліку лепшых і зрабілі больш, чым я. Вазьміце хаця б мэблевы цэнтр у Паставах. Гэта – градаўтваральнае прадпрыемства, на якім працуюць жыхары ледзь не паловы Паставаў. Таму ўсё тут дастаткова ўмоўна і неадназначна. А што тычыцца мяне, давайце сустрэнемся гадоў праз 20. За гэты час і зроблена будзе больш, і больш будзе пра што пагаварыць.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота dvemoedelo.ru.