Цягнік да Масквы даражэй за самалёт. Чаму?
11.02.2012 19:15
—
Новости Общества
Цягнік да Масквы даражэй за самалёт. Чаму?
Цягнік да Масквы даражэй за самалёт. А квіток туды-назад на самалёт да Парыжа танней, чым білет на цягнік у адзін (!) бок. Як так?
Самы танны авіяквіток з Мінска да Масквы каштуе 43 еўра. А білет у купэйны вагон цягніка абыдзецца як мінімум у 56 еўра. Атрымліваецца, даляцець да сталіцы Расіі не толькі на 7 гадзін хутчэй, але і на 143 тысячы танней, чым даехаць у купэ цягніка!
“Гэта праявы нашай новай палітыкі, — тлумачыць камерцыйны дырэктар кампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец. — У гэтую секунду на 15 напрамкаў рэгулярных рэйсаў мы ўсталявалі зніжаныя тарыфы. Напрыклад, паляцець у Польшчу каштуе 45 еўра”.
Крыху пазней, на сайце “Белавіі” Еўрарадыё зразумела, што не ўсё так проста: да 45 еўра дадаецца абавязковы збор — 15 еўра. Але і 60 еўра за квіток у Варшаву — гэта амаль як у цягніку!
“А што вы здзіўляецеся? — у сваю чаргу здзіўляюцца на Беларускай чыгунцы. — Расіі трэба за вашу перавозку аддаць паўнавартасны швейцарскі франк. Па курсе, які не чыгунка вызначае, а Нацыянальны банк. Так што, каб танна ездзіць за мяжу, тэлефануйце не нам, а ў Нацбанк. І прапануйце ім вярнуцца ў 1 студзеня 2011 года. Гэта самы аптымальны варыянт!”
Па словах супрацоўніка чыгункі, для самалёта і для цягніка працуюць розныя прынцыпы ўсталявання тарыфаў. Борт самалёта — самадастатковая транспартная адзінка, якая рухаецца ў нічыйным паветры. Цягнік жа немагчыма ўявіць без рэек, за карыстанне якімі кожная краіна прызначае свой кошт.
“Тарыф мае тэрытарыяльны прынцып. Ён налічваецца ў швейцарскіх франках, бо расійскай чыгунцы за яе паслугі непатрэбныя беларускія рублі, так жа, як мне не патрэбныя казахскія тэнге… Чамусьці, калі едуць у іншую краіну, прыгадваюць, што трэба закупіцца валютай. Я не разумею, чаму нашы людзі, якія лічаць сябе разумнымі, гэтага самі не разумеюць…” — працягвае чыгуначнік.
Што праўда, вольных месцаў у цягніках на маскоўскім напрамку не шмат. Таму на чыгунцы канкурэнцыі з боку авіяперавозчыкаў не баяцца. І кошты зніжаць не збіраюцца. Дакладней, збіраюцца — але яшчэ не хутка.
“Ёсць адмысловыя перыяды, калі кошты павышаюцца і паніжаюцца. Гэта і прадугледжана для таго, каб рэгуляваць плынь пасажыраў і даць чалавеку магчымасць запланаваць сваю паездку загадзя, — распавядаюць у прэс-службе чыгункі. — А Сёння галоўнае — гэта эканоміка. І калі цягнікі запатрабаваныя [па такіх коштах] — гэта значыць, яны запатрабаваныя! З іншага боку, многія людзі едуць нашмат танней. Электрычкай да Оршы, пасля да мяжы — гэта да станцыі Чырвонае, пасля Смаленск. Да Масквы даязджаюць за 200 тысяч”.
Еўрарадыё вырашыла параўнаць кошт квіткоў на цягнікі з коштам авіябілетаў па некалькіх папулярных напрамках. Выявілася, што не толькі ў Маскву танней ляцець, чым ехаць. Напрыклад, квіток туды-назад на самалёт да Парыжа каштуе танней, чым білет на цягнік у адзін (!) бок! Што праўда, у мяккі вагон. Але іншых там няма!
Напрамак | Самая танная плацкарта | Самае таннае купэ | Авіяквіток на акцыі/зніжках | Авіяквіток эканом-класа ў адзін бок | Самы танны авіяквіток туды-назад |
Варшава | - | 55 еўра (607 000) | 60 еўра | 85 еўра | 114 еўра |
Кіеў | 324 500 | 48 еўра (527 690) | 69 еўра | 75 еўра | 136 еўра |
Масква | 311 180 | 56 еўра (624 280) | 43 еўра | 55 еўра | 80 еўра |
Парыж | - | 286 еўра (3 146 000, мяккі вагон) | - | 184 еўра | 239 еўра |
Прага | - | 133 еўра (1470 000) | 149 еўра | 169 еўра** | 220 еўра |
Рыга | 363 400 | 52 еўра 575 060 | 60 еўра | 66 еўра | 128 еўра |
Санкт-Пецярбург | 340 940 | 62 еўра (683 700) | 60 еўра | 65 еўра | 110 еўра |
Сімферопаль | 522 870 | 76 еўра (834 400) | - | 119 еўра* | 240 еўра* |
*узімку рэйс не выконваецца.
**рэйс авіякампаніі Lufthansa
Як бачна, далёка не заўжды квіток на самалёт таннейшы за чыгуначны білет. Затое авіябілет туды-назад часам апынаецца таннейшым за два квіткі на цягнік. Праз тое, што ў кожнай краіне на чыгунцы дзейнічаюць розныя тарыфы, чыгуначнікі не могуць дамовіцца на падобныя зніжкі, таксама як і на зніжкі на групавую паездку. Авіякампанія такую зніжку даць можа — ёй гэта ўзгадняць ні з кім не трэба, бо самалёт належыць толькі ёй.