РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Новай купюры пакуль яшчэ няма

Пастанова Нацыянальнага банка №31 ад 31 студзеня 2012 года "Аб выпуску ў абарачэнне банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь узору 2000 года наміналам 200000 рублёў" была размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Гэтая інфармацыя стала прычынай з'яўлення чутак у інтэрнэце, быццам новыя 200-тысячныя купюры, якіх чакаюць яшчэ з лістапада мінулага года, ужо надрукаваныя і павінны паступіць у абарачэнне.

Аднак гэта не зусім так. Карэспандэнт "Звязды" звярнуўся па ўдакладненне ва ўпраўленне інфармацыі Нацбанка. Там растлумачылі, што яшчэ ўсё дапрацоўваецца, і новай банкноты ніхто пакуль не бачыў. Прадстаўнік Нацбанка падкрэсліў, што ўвод новай купюры ў абарачэнне будзе абавязкова ўрачыстым і пра яго будуць ведаць усе. Чакаецца, што адбудзецца гэта ў сярэдзіне сакавіка.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

  Незвычайная шчодрасць

Невядомы брастаўчанін ахвяраваў на будаўніцтва храма кілаграмовы злітак золата.

А можа, гэты чалавек і не брастаўчанін. Проста адной з марозных раніц ён падышоў да скрынкі з ахвяраваннямі, што ў краме на ўскрайку абласнога цэнтра, і апусціў туды... залаты злітак. Гэтую краму доўга называлі "На балоце" за тое, што побач была пустка, якая нагадвала балоцістую мясцовасць. Потым фірма "Прадтавары" назву замацавала афіцыйна, і з'явілася адпаведная шыльда. Як і ў многіх гандлёвых пунктах, там устаноўлена скрынка для ахвяраванняў. Менавіта ў гэтай краме ідзе збор на будаўніцтва Спаса-Хрыста-Раджэственскага храма, які ўзводзіцца ў новым мікрараёне "Вулька". Апошнім часам будоўля была спынена з-за недахопу сродкаў...

Кавалак золата між дробных купюр заўважыў ахоўнік гандлёвага прадпрыемства. Ён і паведаміў пра гэта адміністрацыі. У прысутнасці рэвізійнай камісіі прыхода, які арганізаваў збор, скрынку адкрылі і ахвяраванне перадалі настаяцелю праваслаўнага прыхода. Назаўтра злітак быў прададзены Нацбанку, а грошы пералічаны на рахунак храма. Як паведаміў журналістам настаяцель храма Яўген Ліхота, цяпер з'явілася магчымасць пагасіць доўг будаўнікам і працягнуць работы па ўзвядзенні храма. А за невядомага чалавека, які падарыў на богаўгодную справу амаль 55 тысяч долараў у эквіваленце, будуць маліцца прыхаджане.

Яна СВЕТАВА.

  У цягніку "згубілася" 180 тысяч "зялёных"!

Прэс-служба ўкраінскай мытні расказала пра неверагодную знаходку: у цягніку Кіеў — Мінск супрацоўнікі Чарнігаўскай мытні і пагранічнікі Чарнігаўскага пагранічнага атрада знайшлі... 180 тысяч долараў.

Адшукаць уладальніка значнай сумы грошай пакуль не атрымалася. Сама ж валюта была прыхавана ў нерабочым тамбуры аднаго з вагонаў: у аддзяленні для смецця каля ўваходу ў прыбіральню былі знойдзены тры кардонныя каробкі, якія былі абматаныя клейкай стужкай. Іх змесціва ўяўлялі сабой 18 пачкаў па 10 тысяч долараў кожная. Праваахоўнікі склалі пратакол агляду месца здарэння і канфіскавалі грошы. Па факце незвычайнай знаходкі праводзіцца праверка.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Несладкая доля белорусской маршрутки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика