І мароз не палохае, калі да дызеля недалёка!

Источник материала:  
ЦЯПЕР, калі пякучы мароз літаральна хапае за нос, кожны лішні крок на свежым паветры можа прынесці адчувальны ўрон здароўю. Цікава, а як дабіраюцца вяскоўцы на прыпынак — аўтобусны альбо чыгуначны? Роўна год таму “Белорусская нива» распавядала пра турботы вяскоўцаў Крычаўшчыны. Тыя прасілі ўласнага карэспандэнта “БН” Святлану МАРКАВУ пасадзейнічаць у станоўчым вырашэнні вельмі важнага пытання — пераносе чыгуначнага прыпыначнага пункта “Маляцічы” на кіламетр бліжэй да вёскі Вузкае.

Амаль дзесяць (!) гадоў перад гэтым людзі звярталіся ў розныя інстанцыі, але справа стаяла на месцы. І вось у студзені мінулага года пісьмо ў рэдакцыю “БН”, пад якім падпісаліся 42 вяскоўцы, паклікала нашу калегу Святлану Маркаву ў дарогу. Вынікам камандзіроўкі сталі дзве публікацыі — у нумарах “БН” за 5 і 26 студзеня 2011-га… А нядаўна мы атрымалі яшчэ адзін ліст — на гэты раз яе аўтарка, Ніна Каралько, вось што паведаміла:

“Уяўляеце сабе, што было б, калі б нам па-ранейшаму прыходзілася пераадольваць гэты цяжкі кіламетр, ды яшчэ ў такія маразы, як зараз? — піша Ніна Уладзіміраўна. — На шчасце, дзякуючы газеце, яе надзвычай спагадліваму, чуламу карэспандэнту Святлане Маркавай з 13 студзеня 2012-га чыгуначны прыпыначны пункт “Маляцічы” перанесены на кіламетр бліжэй. Зараз — аніякіх праблем: даязджаем ці даходзім па асфальце да пераезда — і тут жа трапляем на прыпынак дызель-цягніка!”

Нашы чытачы лічаць, што журналістцы “БН” давялося нямала пахадзіць па розных структурах айчыннай чыгункі, нават падключаць да вырашэння пытання абласных чыноўнікаў, каб “прабіць бюракратычную сцяну працягам не адзін год”.

Прыемна чытаць вось такія радкі, адрасаваныя нашай каляжанцы: “Просім Бога, каб даў ён шаноўнай Святлане Віктараўне здароўя на доўгія-доўгія гады, каб дапамагаў заўсёды ў нястомнай творчай працы. А нашай заступніцы “Белорусской ниве» — яшчэ больш важкага, значнага тыражу!»

Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”

АД РЭДАКЦЫІ. Што ж, добра, калі ў гэтыя марозныя дзянькі людзям не трэба крочыць па рэйках лішнія метры. Але ж, напэўна, ёсць яшчэ ў іншых куточках сельскай глыбінкі нявырашаныя праблемы? Будзем разам “змагацца” — пішыце ў рэдакцыю, паведамляйце на наш “гарачы” тэлефон навіны, звязаныя з “сюрпрызамі” надвор'я.

←Где выгода от «шкурного интереса»?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика