На перакрыжаванні дзвюх дарог...
Наталля Голубева — пісьменніца і гісторык
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (стажыравалася ў Ягелонскім універсітэце), аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук (г. Масква). Кандыдат гістарычных навук. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У намінацыі "Разам з кнігай мы расцём" Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2012" кніга Н. Голубевай "Казкі цётачкі Руф" прызнана лепшай.
— Наталля Аляксандраўна, з часу нашай апошняй сустрэчы мінула пяць гадоў. Тады ваша інтэрв'ю ў "Звяздзе" так і не выйшла. Наколькі я зразумела, вы палічылі не зусім карэктным часта выступаць у прэсе. Размова канцэнтравалася вакол дылогіі "Радзімічы. Зямля няскораная". Сёння зноў гэтая кніга стала нагодай для сустрэчы...
— Так, сапраўды — з той толькі розніцай, што ў пачатку гэтага года прэзентавана ўжо чацвёртае выданне. Папярэдняе было выпушчана тыражом 10 тысяч асобнікаў і па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Суцкага Філарэта, тыраж апошняга склаў 21 тысячу асобнікаў.
— Для Беларусі, дзе тыраж кнігі ў сярэднім складае 1—2 тысячы асобнікаў, — сур'ёзныя лічбы.
— Гэта пацвярджае, што да гістарычнай тэмы, да мінулага нашай краіны ўсё-такі захоўваецца цікавасць. Я ўдзячная Міністэрству адукацыі, якое палічыла неабходным выпусціць кнігу менавіта ў серыі "Школьная бібліятэка", каб зрабіць яе даступнай і для навучэнцаў.
— Наколькі я ведаю, у вас з'явіліся і новыя праекты?
— Гістарычная тэма актыўна прысутнічае ў маёй творчасці. Гэта не толькі ўжо вядомы раман "На перакрыжаванні дзвюх дарог", але і вострасюжэтны ваенна-гістарычны раман "Камея "Салідат", прысвечаны дзейнасці вядучых разведак Еўропы, Расіі ў пачатку ХХ стагоддзя (першая кніга ахоплівае перыяд з 1910 па 1926 гг.).
— Ваенна—гістарычныя раманы ў асноўным пішуць мужчыны, нячаста жанчыны-пісьменніцы бяруцца за такія тэмы.
— Захацелася папрацаваць у жанры інтэлектуальнага дэтэктыва, напісанага на аснове сапраўдных дакументаў, разабрацца ў складаных гістарычных падзеях, пра якія і сёння спрачаюцца вучоныя, публіцысты. Калі ж пісьменнік бярэцца за нейкую тэму, ён павінен быць упэўнены ў сваіх сілах. Не буду ўтойваць, гэта была вельмі складаная праца. Трэба было да апошняй старонкі захоўваць інтрыгу і ў той жа час максімальна праўдзіва, на аснове архіўнага, дакументальнага матэрыялу паказаць усю складанасць і драматызм сітуацыі, у якой не толькі давялося дзейнічаць прадстаўнікам спецслужб, але і рабіць часам нялёгкі выбар паміж кан'юнктурай моманту і вернасцю прысязе.
— А пра што новае ўсё-такі даведаецца чытач?
— У першую чаргу гэта датычыцца пераасэнсавання раней дадзеных ацэнак тых падзей, якія кардынальна паўплывалі на ход гісторыі. Галоўнае пытанне, якое мы задаём шмат гадоў: як магло здарыцца, што моцная дзяржава, якой з'яўлялася Расія ў пачатку ХХ стагоддзя і перамога якой у Першай сусветнай вайне к 1917 году была відавочная, раптам у адзін момант спыняе сваё існаванне?
У гістарычнай літаратуры існуе думка, што рэвалюцыя стала магчымай у тым ліку і таму, што цар своечасова не пайшоў на рэформы. Але факты сведчаць пра адваротнае. У краіне захоўвалася моцная ўлада, і менавіта прынятыя жорсткія рашэнні ў кастрычніку 1905 года прывялі да рэвалюцыі. А выпраўляць сітуацыю давялося Сталыпіну сваімі славутымі сталыпінскімі рэформамі. Патрабаванні "дэмакратычных рэформаў" вядомых рэфарматараў Львова, Мілюкова, Гучкова і іншымі на першапачатковым этапе былі рашуча спынены таксама менавіта царом, які заняў цвёрдую пазіцыю і прыгразіў распусціць Думу. Апазіцыя хутка сціхла. Гэта дазволіла стабілізаваць фронт, выратаваць армію ад знішчэння, палепшыць становішча ваенных.
Але на гэтым фоне раптам усюды пачынаюцца масавыя беспарадкі, страйкі. Нават А.І. Салжаніцын у "Сакавіку 17-га" прадстаўляе падзеі як стыхійныя. Але факты пацвярджаюць, што працэсам добра кіравалі, у тым ліку і фарміруючы міфы пра сітуацыю ў Расіі. Да аслаблення вялікай дзяржавы імкнуліся як праціўнікі, так і саюзнікі, уцягваючы спачатку краіну ў вайну, а пасля разгойдваючы знутры, падтрымліваючы рэвалюцыйны рух пад маркай патрабавання дэмакратычных перамен.
Гэтым жа працэсам неназойліва, але ўпэўнена і цвёрдай рукой дырыжыравалі з ЗША. Яшчэ, заўважце, летам 1914 года ў Амерыцы былі крайне заклапочаны магчымым раскладам сіл у будучай вайне. Памочнік прэзідэнта Вільсана, палкоўнік Хаўс, або як яго называлі, "шэры кардынал", пісаў яму: "...свет будзе жыць спакойна, калі замест вялізнай Расіі ў свеце будуць чатыры. Адна — Сібір, а астатнія — падзеленая еўрапейская частка краіны". Гэта значыць, план ужо быў вызначаны, дарэчы, задоўга да аналагічнага плана Бжэзінскага. Для ўкаранення сваіх людзей з мэтай падрыву эканамічнай стабільнасці ў Расіі нямецкія спецслужбы шырока выкарыстоўвалі банкі, камерцыйныя прадпрыемствы. К пачатку вайны толькі ў Маскве дзейнічала больш за 500 нямецкіх фірмаў. Немцы валодалі абутковай фабрыкай "Скараход", кампаніямі "Зінгер", "Трохкутнік" і многімі іншымі. Імі кантралявалася дзейнасць такіх буйных банкаў, як Знешнегандлёвы банк, Петраградскі міжнародны, Сібірскі, Данскі і іншыя.
У кнізе чытач сустрэне і канкрэтныя гістарычныя персаналіі. Гэта і вядомы палітычны авантурыст Ізраіль Лазаравіч Парвус, які робіць свой бізнэс на рэвалюцыях, бліжэйшая яго памочніца Аляксандра Калантай, якая к пачатку вайны жыла ў Берліне. Яна становіцца кадравай нямецкай шпіёнкай, робіць немалы "ўнёсак" у разбурэнне Расіі, у тым ліку і праз удзел у адказных аперацыях германскіх спецслужбаў у ЗША, а таксама іншыя асобы, якія пакінулі свой след у гісторыі. У кнізе прыводзіцца шмат гістарычных фактаў, якія паўплывалі на змяненне геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе, матэрыялы пра дзейнасць бальшавіцкай і белай эміграцыі.
На маім афіцыйным сайце (httр//gоlubеvаnаtаlіа.bсr.bу) размешчаны артыкул "Урокі гісторыі", можна больш падрабязна азнаёміцца з шэрагам цікавым матэрыялаў па гэтым перыядзе.
— У вас ёсць і дзіцячы праект...
— Мне цікавая дзіцячая тэма. Захацелася стварыць свае, беларускія, вельмі каларытныя казачныя вобразы, напісаць дзіцячую кнігу на аснове нашага, беларускага матэрыялу. У аснове і першай кнігі "Казкі цётачкі Руфь", і другой "Скарбы возера Ваал" — беларускі фальклор, міфалогія, гісторыі, звязаныя з Рагачоўскім і Аршанскім замкамі, старажытным Полацкам.
— Зараз вядуцца дыскусіі пра тое, што ў дзіцячай літаратуры не хапае новых вобразаў.
— Шчыра кажучы, аскому набілі чыжыкі-пыжыкі, Іваны-дурні, і г.д. Чаму, напрыклад, ёсць Мэры Попінс і няма цікавага запамінальнага беларускага вобраза? Разам з цудоўным мастаком-графікам Рытай Цімохавай мы паспрабавалі ажыццявіць нашы ідэі ў вобразе цётачкі Руфь — свецкай лэдзі, якая жыве ў беларускай сядзібе, захоўвае яе традыцыі і разам са сваімі памочнікмі разгадвае тайны гісторыі, якія захоўваюць старажытныя, вельмі старажытныя рукапісы.
— Мяркуючы па ўсім, жыццё створаных казачных персанажаў абяцае быць доўгім?
— Вядомым рэжысёрам Вяргініяй Тарнаўскайтэ скончана работа над дзіцячым спектаклем, створаным па матывах казак, штосьці пачынаем рабіць у анімацыі з вельмі таленавітым рэжысёрам Ігарам Воўчакам.
— Што змянілася або не змянілася ў вашым жыцці за апошнія гады?
— Што змянілася? Я сёння магу займацца любімай справай — навукай і літаратурай. А што не змянілася? Мабыць, тое, што па-ранейшаму не хапае часу, прычым катастрафічна.
Я пачала працаваць у жанры драматургіі і вельмі ўдзячная нашым мэтрам — Барысу Іванавічу Луцэнку, Георгію Іванавічу Баравіку, Вяргініі Антанаўне Тарнаўскайтэ за тое, што яны мяне блаславілі на гэты шлях. Але цэнтральным у творчасці ўсё-такі застаецца навукова-папулярны жанр. Пачаты летась вялікі праект з выдання кнігі "Беларускае замежжа", над якой працаваў аўтарскі калектыў, працягваецца. Ідзе праца над кнігай "Беларуская Масква" і аднайменным дакументальным фільмам. У бліжэйшы час прэзентуем унікальнае навукова-папулярнае выданне "Ваньковічы. Беларускі радавод", дзе аўтарскім калектывам зроблена спроба аб'яднаць увесь матэрыял, які датычыцца гэтага ўнікальнага роду, 200 прадстаўнікоў якога ўнеслі ўклад у развіццё сусветнай цывілізацыі. Планаў і праектаў шмат, і ўсе яны вельмі адказныя, патрабуюць сур'ёзнай працы.
— Нядаўна вы вярнуліся з Латвіі. Наперадзе новыя цікавыя паездкі, сустрэчы.
— І паездкі, і прэзентацыі. Імі быў адзначаны і мінулы год — я другі раз стала ўдзельнікам міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў Маскве, вільнюскай выставы, сумесна з Беларускім Экзархатам у дзень хрышчэння Русі ў Доме Масквы правялі дабрачынную акцыю для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, было шмат іншых мерапрыемстваў.
Пісьменнік павінен трымаць руку на пульсе. Пісаць, напрыклад, пра тое ж беларускае замежжа, не ведаючы, чым жывуць нашы суайчыннікі за мяжой, па крайняй меры, дзіўна — як, зрэшты, і кіраваць любым працэсам, седзячы ў кабінеце. Тым больш, што ў літаратурным жыцці беларусаў Латвіі адбылася знамянальная падзея: па ініцыятыве Саюза беларусаў Латвіі і пры яго непасрэднай падтрымцы ўпершыню ў гісторыі супрацоўніцтва дзвюх краін быў выдадзены беларуска-латышскі слоўнік. над якім працавалі і беларускія, і латышскія вучоныя.
— Мы гаворым пра творчыя праекты. Але ўсё-такі, якая яна ў жыцці — Наталля Голубева? Пра вас можна сказаць, што вы фемінізаваная жанчына?
— Мне здаецца, што гэта нейкія навязаныя стэрэатыпы, хоць у рэальнасці мы ўсе вельмі індывідуальныя. Проста самадастатковы, разумны чалавек заўсёды будзе паважліва выстройваць свае адносіны з людзьмі, і няважна, мужчына гэта або жанчына. І тым не менш, калі чуеш ад жанчыны, што ёй нічога не трэба, яна такая ўся незалежная, успрымаеш гэта як своеасаблівы сродак абароны ад нейкага ўнутранага непарадку. Кожная жанчына хоча падабацца, хоча, каб яе любілі, і каб гэта было ўзаемна — і я не выключэнне.
— Што больш стымулюе творчасць: любоў падзеленая або не?
— У кожнага свае стымулы для творчасці. Я не стаўлю яго ў залежнасць ад гэтага пачуцця. Пішу таму, што ёсць цікавыя тэмы, праблемы, над якімі хацелася б папрацаваць. Хоць, несумненна, стан закаханасці або расчаравання абуджаюць цэлую гаму да гэтага невядомых эмоцый, дапамагаючы больш глыбока зразумець, асэнсаваць навакольны свет, філасофію жыцця.
— Адна з вашых кніг называецца "Судьбы изменчивые лики". У вашым лёсе таксама "зменлівае аблічча"? Хоць, гледзячы на вас, хочацца сказаць: ствараецца ўражанне як пра вельмі паспяховую, удачлівую жанчыну, дарога якой засланая ружамі без шыпоў.
— Жыццё дорыць нам не толькі прыемныя імгненні, але пасылае выпрабаванні, ставіць перад выбарам, перад неабходнасцю вырашаць мноства праблем. Але ў канчатковым выніку яно складаецца так, на які лад ты сам сябе настроіш. Можна распусціць нервы, быць вечна нечым незадаволеным, высвятляць з некім адносіны. А можна рэальна ацаніць сітуацыю і вызначыць сваё месца ў той рэчаіснасці, у якой даводзіцца жыць. Я па жыцці аптыміст. Калі штосьці не склалася ў адным кірунку, абавязкова поспех прыйдзе ў іншым, калі хочаш нечага дабіцца. На долю кожнага пакалення выпадалі нейкія складаныя падзеі. Камусьці выпала перажыць вайну, голад, некаму перабудову, але ўсё роўна людзі кахалі, стваралі сем'і, выхоўвалі дзяцей, жылі надзеямі.
— Што было для вас самым вялікім расчараваннем у жыцці?
— У жыцці расчаравання не было. У людзях? Мабыць, таксама не. Я стараюся аб'ектыўна глядзець на рэчы, рэальна ацэньваць і ўсведамляць, хто вакол мяне, і ў адпаведнасці з гэтым выбудоўваць адносіны. Мы ж не можам прымусіць усіх любіць сябе. Таму ў мяне, як ва ўсіх, — з кімсьці па жыцці ідзеш шмат гадоў, а кагосьці забываеш, зачыніўшы за сабой дзверы кабінета. Я больш прагматычны чалавек, люблю ўсё аналізаваць. Панікаваць, перажываць, шкадаваць, што нешта не так адбываецца? Не, гэта не для мяне. З любой сітуацыі заўсёды ёсць выйсце. Навошта некаму штосьці даказваць, калі бачыш, што цябе ўсё роўна не зразумеюць? Навошта біцца ў зачыненыя дзверы? Лепш абысці і знайсці іншае рашэнне.
— Ну не можа быць, каб у вас усё было без эмоцый!
— Зразумела, не, я — эмацыйны чалавек, толькі не люблю блытаць такія паняцці, як унутраная культура і няўменне стрымліваць свае пачуцці — як станоўчыя, так і негатыўныя. Вакол нас так шмат усяго цікавага, існуюць больш высокія каштоўнасці — навошта растрачваць сваё жыццё на нейкія дробязі?
Пытанні задавала Таццяна ПАДАЛЯК.