У Ганцавічах назвалі магазіны, дзе прадаюць пратэрмінованы тавар
07.02.2012 18:47
—
Новости Общества
У Ганцавічах назвалі магазіны, дзе прадаюць пратэрмінованы тавар

Падчас праверак парушэнні правілаў гандлю былі ўстаноўлены на 61 прадпрыемстве. Прадукты са скончаным тэрмінам прыгоднасці былі выяўлены на 11 аб’ектах гандлю.
Гэта магазіны № 33 в. Раздзялавічы, № 23 в. Шашкі, № 15 в. Любашава, № 70 і № 71 в. Чудзін, № 21 в. Агарэвічы, № 9 “24 гадзіны”, нарыхтоўчы магазін в. Боркі, кафетэрый в. Чудзін, магазіны “Венецыя” і “Каласок” УП “Гандлёвы дом “Венецыя”.
Суб’ектам гаспадарання былі накіраваны 7 прадпісанняў аб прывядзенні гандлёвых прадпрыемстваў у належны стан у адпаведнасці з патрабаваннямі. Вынесена 14 прадпісанняў аб зняцці з рэалізацыі прадуктаў харчавання, з якіх 11 — за скончаныя тэрміны прыгоднасці, 3 — за адсутнасць маркіроўкі на прадукцыі. Забракавана 69 кілаграмаў 280 грамаў прадуктаў. За рэалізацыю тавару са скончаным тэрмінам прыгоднасці на кожнага з вінаватых складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь. Правядзенне маніторынгу санітарнай службай будзе працягвацца.
Калі вы набываеце прадукты харчавання, у абавязковым парадку цікаўцеся тэрмінамі іх рэалізацыі, асабліва тых прадуктаў, якія хутка псуюцца. Гэтая інфармацыя павінна быць указана на цэнніках, а таксама на тавары. У выпадку выяўлення няякаснай прадукцыі інфармуйце кіраўніка гандлёвага аб’екта (райпо альбо індывідуальнага прадпрымальніка), абавязкова рабіце запіс у Кнізе заўваг і прапаноў, інфармуйце санітарную службу.