У Баранавічах пачаўся разгляд справы старшыні ініцыятыўнай групы ГА “Кабзар” Чарнавуса
З лютага 2012 года Баранавіцкі гарадскі суд пачаў разгляд адміністрацыйнай справы старшыні ініцыятыўнай групы ГА “Кабзар” Мікалая Чарнавуса, паведамляе intex-press.by.
Ён абвінавачваецца ў парушэнні арт. 23.39 КаАП “самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або меркаванага права, здзейсненае з парушэннем парадку, устаноўленага заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”. Чарнавусу пагражае штраф ад 70 да 350 тысяч рублёў.
Чарнавус не прызнаў сябе вінаватым і заявіў суду, што пры стварэнні грамадскага аб’яднання “Кабзар”дзейнічаў у адпаведнасці з заканадаўствам. “Якое можа быць самаўпраўства? — лічыць ён. — У нас адбыліся ўстаноўчы сход і агульны сход, мяне абралі старшыёй. Аднак улады не хочуць выдзеліць нам памяшканне пад юрыдычны адрас, з-за гэтага мы не можам зарэгістраваць сваё аб’яднанне”.
Віцэ-консул Генеральнага консульства Украіны Ірына Чабатарова выказала сваё меркаванне, што нельга судзіць чалавека за адну ініцыятыву ў культурна-асветніцкай справе.
Суд вырашыў перанесці разгляд справы на 10 лютага, на паседжанне якога будуць запрошаны супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол на Чарнавуса, а таксама загадчык ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама.