Інтэрнэт дапаможа звярнуцца да чыноўнікаў
Згодна з новым законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, які ўступіў у законную сілу 22 студзеня, звяртацца ў дзяржаўныя і недзяржаўныя органы са сваімі пытаннямі і праблемамі людзі могуць праз Інтэрнэт – па электроннай пошце ці на афіцыйны сайт арганізацыі.
Памочнік пракурора Вілейскага раёна Дар’я Хадаровіч патлумачыла для нашага выдання некаторыя асаблівасці новаўвядзенняў.
Паводле яе слоў, звароты грамадзян і юрыдычных асоб, накіраваныя праз Інтэрнэт, будуць разглядацца ў тыя ж тэрміны, што і пісьмовыя звароты.
Адказ вам таксама павінны прыслаць праз Інтэрнэт. Вам адкажуць пісьмова ў некалькіх выпадках: калі пры звароце вы не ўказалі свой электронны адрас альбо калі вы самі настойваеце на пісьмовым адказе, ці калі даслаць пісьмовы адказ прыняў рашэнне кіраўнік арганізацыі, у якую вы звярнуліся.
Адказ вам не абавязаны адпраўляць у там выпадку, калі ў звароце вы прасілі выканаць нейкія работы, і яны былі выкананыя. Напрыклад: заяўнік па электроннай пошце звярнуўся ў сельсавет ці да камунальнікаў з просьбай спілаваць дрэва ў двары. Калі работнікі арганізацыі задаволілі просьбу, і дрэва спілавалі, пацвярджаць гэта яшчэ і праз Інтэрнэт ці пісьмова яны не абавязаныя.
Пры электронным звароце вы павінны ўказаць назву і адрас арганізацыі, у якую накіроўваецца зварот. Таксама сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, месцы жыхарства, працы ці вучобы, асабісты подпіс, электронны адрас. Тое ж тычыцца і юрыдычных асоб, якія накіроўваюць зварот.
Разам з новымі правамі заяўніка ў законе замацаваныя і яго абавязкі. У прыватнасці, у звароце не дапускаецца нецэнзурная лаянка і выкарыстанне зняважлівых выказванняў. Таксама трэба памятаць пра адказнасць за заведама лжывыя звесткі.
Рашэнне, прынятае па звароце праз Інтэрнэт, можна абскардзіць. Спачатку яно абскарджваецца ў вышэйстаячую арганізацыю і толькі пасля, калі гэта не прынесла плёну, – у суд.
Электронны зварот павінны быць складзены на беларускай ці рускай мове. Яшчэ адно новаўвядзенне: арганізацыя, у якую вы звярнуліся, павінна адказаць вам на той самай мове, на якой складзены ваш зварот. Раней на пісьмовыя звароты, напісаныя па-беларуску, чыноўнікі маглі адказваць на рускай мове.
Сяргей ЗЯНЬКО.