10 беларусаў цудам не селі на затанулы лайнер "Коста Канкордзія"
27.01.2012 16:35
—
Новости Общества
10 беларусаў цудам не селі на затанулы лайнер "Коста Канкордзія"
10 беларусаў цудам не трапілі на лайнер "Коста Канкордзія", які пацярпеў крушэнне ў ноч на 14 студзеня каля берагоў Тасканіі. Сярод іх і двое дзяцей: паўгадовая Даша і 6-гадовая Яна.
“Тур на тыдзень каштаваў 300 еўра. Паездку па моры на лайнеры запланавалі яшчэ ў жніўні. Каюты мусілі быць на 8-м перадапошнім паверсе "Канкордзіі”, – расказвае Еўрарадыё Раман Смычок, які ехаў у круіз разам з жонкай Галінай. Пяцігадовага сына Кірыла ў адрозненне ад сваіх сяброў пакінулі дома ў бабулі.
Раман Смычок: “Мы ляцелі ў Мілан, там начавалі і ранкам мусілі сесці ў электрычку, ехаць у порт. Мы радасныя селі ў электрычку. Маўляў, класна: праз тры гадзіны грузімся на карабель. А потым прыходзіць СМС: ваш карабель патануў, вы нікуды не плывяце. Думалі, што за жарты?!”.
Калі беларусы дабраліся да порта ў Савоне, зразумелі: карабель трапіў у аварыю. Іх засялілі ў гасцініцу, туды ж прывозілі пацярпелых з лайнера.
“Мы прыехалі ў порт, бачылі, як прывозілі людзей з карабля. Босыя, у коўдрах, з пакетамі, у выратавальных камізэльках”, – прыгадвае яшчэ адна дзяўчына, якая планавала адпачыць на “Канкордзіі”, Марыя Александровіч.
Гатэль, куды прывозілі пацярпелых з "Канкордзіі". Фота: Reuters |
Там жа, у гатэлі, яна сустрэла пару з Беларусі, якая была на лайнеры. Гэта быў іх апошні дзень у круізе. Фота: Reuters |
Марыя Александровіч: “Яны былі ў істэрыцы, плакалі, бо згубілі сваіх сяброў. Казалі, што рэзкага штуршку не было. Казалі, што думак бегчы ўніз па рэчы не было. Толькі ўверх. Іх шлюпку не маглі спусціць на ваду, бо быў крэн. Народ стаў выходзіць праз дах. Потым яны стаялі на краі, глядзелі, як прыходзяць-сыходзяць караблі. Разлічвалі час: ці прыйдуць за імі. Думалі, як выскачыць і не трапіць у варонку, вынырнуць пасля”.
Сябры знайшліся! Іх забіралі з лайнера ледзь не апошнімі: жанчына з Беларусі, якая жыве ў Германіі, і яе муж-немец.
Расповеды выратаваных турыстаў кампанію з Беларусі... не спужалі. Яны хацелі ехаць на наступным караблі, калі на "Канкордзію" трапіць не атрымалася.
“Нам прапаноўвалі паплыць на караблі “Коста Сірэна”, які выйшаў з Рыма. Але высветлілася, што там няма месцаў. Так бы паехалі. У адну варонку не падае”, – працягвае Марыя Александровіч.
У выніку замест круізу на лайнеры беларусы адпачывалі спачатку ў Савоне, пасля ў Мілане. Турыстычная кампанія аплаціла.
“За увесь той час, пакуль мы мусілі плаваць, нам аплацілі гатэль у Мілане. Цяпер вернуць кошт тура. А білеты, візы, сапсаваны адпачынак… У круіз бралі вечаровыя спадніцы, гальштукі, бабачкі, пінжакі. Я ўяўляў, як буду ўвечары шпацыраваць па палубе”, – кажа Раман Смычок.
Пасля няўдалай паездкі ў Рамана з’явілася мара: усё ж паплаваць па моры на лайнеры кшталту "Канкордзіі".
“Дагэтуль я ў гэты круіз моцна не імкнуўся. А цяпер дакладна хачу калі-небудзь”, – прызнаецца Раман. Але дадае, што сына з сабой браць бы не стаў.