Уведзеныя абмежаванні на продаж малочных прадуктаў у Магілёўскай вобласці называюць "рэкамендацыямі"

Источник материала:  
25.01.2012 17:28 — Новости Общества

Уведзеныя абмежаванні на продаж малочных прадуктаў у Магілёўскай вобласці называюць "рэкамендацыямі"

БелаПАН
Каб прадухіліць масавы вываз прадукцыі ў Расію, у Магілёўскай вобласці ўведзены абмежаванні на продаж сыроў, масла, тварагу, кефіру, смятаны ды малака.

Як вынікае з пастановы ўпраўлення гандлю аблвыканкама, некаторыя кіраўнікі гандлёвых арганізацыяў вобласці самі папрасілі ўвесці абмежаванні. Ва ўпраўленні ж гэтыя абмежаванні называюць рэкамендацыямі.

"Для таго каб гандлёвыя арганізацыі змаглі вытрымаць увесь асартыментны пералік на працягу працоўнага дня, далі рэкамендацыі, што яны могуць уводзіць абмежаванні, калі назіраюцца масавыя скупкі. Фізічныя асобы абмежаванняў, нават калі яны дзе і уведзены, не заўважаць", — тлумачыць супрацоўніца ўпраўлення.

Калі пакупнік наважыцца набыць пяць літраў малака, альбо тры — смятаны, альбо два кілаграмы сыру, альбо па тры — тварагу ды масла, то гэта мусіць насцярожыць прадаўцоў. Пакупнік павінен растлумачыць, нашто яму столькі тавару.

Знайсці краму, дзе прасілі чыноўнікаў увесці абмежаванні на продаж харчоў, не ўдалося. Гандляры на такое пытанне толькі ўсміхаліся. А што пакупнікі?

Жанчына сталага веку: "Вось іду і абураюся. Менш трэба даваць пачак у рукі. Вось цяпер зайшоў у краму мужчына і ўзяў адразу дзесяць пачак. Пра тварог ідзе гаворка. А я ўзяла толькі адну, апошнюю".

Жанчына: "Я ніколі ў такой колькасці нічога не брала, але мне здаецца, што чалавека нельга ні ў чым абмяжоўваць — мала якія абставіны ў жыцці бываюць. Іншая справа, што вывозіць не трэба".

Маладая жанчына: "Калі там карыстаецца тавар попытам, чаму б яго туды не вывезці? Нешта — мы ім, нешта — яны нам, грошы ж трэба зарабляць. Павінен жа ў эканоміку ісці нейкі даход".

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ажыятаж вакол прадуктаў харчавання ў рэгіёне даўно знік. Крамы забяспечаны таварам. Малочныя камбінаты атрымліваюць узнагароды за дасягненні ў вырабе прадукцыі. І раптам — абмежаванні, якія называюць "рэкамендацыямі". 
←Количество жалоб на качество новостроек в Гомеле за последние пять лет выросло почти в 6 раз

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика