Пракурор растлумачыў, чаму ў рэгіёне злачыннасць скарачаецца не так хутка, як хацелася б
Пракурор Мінскай вобласці Аляксандр Архіпаў у гутарцы з журналістамі 24 студзеня растлумачыў, чаму ў рэгіёне значна знізіліся тэмпы скарачэння злачыннасці.
Нагадаем, усяго ў 2011 годзе ў Мінскай вобласці было зарэгістравана 22.155 злачынстваў, што на 0,5% менш, чым годам раней. Скарачэнне ўзроўню злачыннасці, напрыклад, у 2010 годзе ў параўнанні з 2009 годам склала 10,2%.
Паводле слоў Аляксандра Архіпава, зніжэнне злачыннасці было і ў 2011 годзе, але ў сувязі з дэвальвацыяй рубля адбыўся дысбаланс паміж базавай велічынёй і коштам любой маёмасці. "А вызначыць, які склад злачынства адміністрацыйны або
крымінальны можна зыходзячы з базавай велічыні. Натуральна, калі выкралі нават нязначны прадмет, уласнік вызначаў яго кошт у доларах. І ў нас пайшоў шквал росту крадзяжоў. Вельмі значны. Прычым асабліва ў кастрычніку, лістападзе і
снежні. Таму рост злачынстваў адбыўся ў асноўным з-за крадзяжоў. На гэтым фоне адбылося зніжэнне асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў", – сказаў пракурор Мінскай вобласці.
Аляксандр Архіпаў лічыць, што пасля 1 красавіка, калі базавая велічыня стане ў тры разы вышэйшай (100 тысяч рублёў супраць 35 тысяч рублёў цяпер), "мы неяк стабілізуемся".
Як паведамляў БелаПАН, асабліва цяжкіх злачынстваў у Мінскай вобласці ў 2011 годзе было ўчынена 285 (менш у параўнанні з 2010 годам на 29,5%), цяжкіх – 1.307 (на 1%). Злачынстваў карупцыйнай накіраванасці выяўлена 346. Гэта на 18,2% менш, чым у 2010 годзе.
Злачынстваў непаўналетніх (па закончаных крымінальных справах) зарэгістравана 690. Гэты паказчык скараціўся на 21,2%. Удзельная вага такіх злачынстваў у агульнай структуры злачыннасці знізілася з 6,0% да 5,2%.
Раней судзімымі летась у Мінскай вобласці было ўчынена 6.596 злачынстваў – менш на 10,4%. На 2% да 49,6% скарацілася і ўдзельная вага такіх злачынстваў у агульнай структуры злачыннасці.
У стане алкагольнага ап'янення было ўчынена 5.079 злачынстваў, менш на 10% у параўнанні з 2010 годам.
Паводле БелаПАН.